Пошук

12.08.2024 21:31   Catholic.by
Фота бр. Корнэля Консэка

10 жніўня, падчас цэнтральнай урачыстай святой Імшы сёлетняга фэсту ў гонар Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, да ўдзельнікаў звярнуўся новаменаваны дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі ксёндз канонік Андрэй Зноска.

Прамовіўшы да шматлікіх вернікаў, сабраных з розных куткоў самай вялікай па плошчы дыяцэзіі ў Беларусі, біскуп намінат папрасіў іх аб малітоўнай падтрымцы яго будучага пастырскага служэння, якое распачнецца ўжо менш як праз месяц.

Ксёндз Зноска паведаміў, што яго біскупскае пасвячэнне запланавана на 7 верасня.

Падчас святой Імшы, якая распачнецца ў гэты дзень а 16-й гадзіне ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, ён прыме сакрамэнт пасвячэння ў ступені епіскапату.

Карыстаючыся нагодаю, біскуп намінат Андрэй Зноска запрасіў усіх да ўдзелу ва ўрачыстасці біскупскага пасвячэння, якое стане ўжо чацвёртым у гісторыі пінскай катэдры.

Упершыню ў старадаўняй святыні пасвячэнне епіскапату адбылося 15 жніўня 1933 года. Яго ўдзяліў тагачасны біскуп Пінскі Казімір Букраба свайму дапаможнаму біскупу Каралю Няміру. Наступным стала біскупскае пасвячэнне Казіміра Свёнтка, якое ў пінскай катэдры ўдзяліў яму першы ў пасляваеннай гісторыі Беларусі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Апошняе да гэтага часу біскупскае пасвячэнне ў катэдральнай базыліцы ў Пінску адбылося ўжо чвэрць стагоддзя таму, 24 чэрвеня 1999 года.

У гэты дзень тагачасны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк удзяліў пасвячэнне епіскапату дапаможнаму біскупу Казіміру Велікасельцу.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа