Пошук


9 і 10 жніўня ў мястэчку Лагішын (Пінская дыяцэзія) адбыўся традыцыйны фэст Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся.

Асаблівымі ўдзельнікамі ўрачыстасці штогод з’яўляюцца шматлікія групы пілігрымаў, якія прыходзяць пешшу і прыязджаюць на транспартных сродках з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі, каб разам з сабранымі вернікамі даверыць Пану Богу свае малітоўныя інтэнцыі перад цудадзеным абразом Маці Божай.

Урачыстае перажыванне фэсту распачалося прывітаннем шматлікіх пілігрымаў, якія на працягу ўсяго дня 9 жніўня, як ручаінкі, збягаліся да лагішынскага санктуарыя Багародзіцы. Асабліва чаканымі ўдзельнікамі фэсту заўсёды становяцца вялікія групы пешых пілігрымаў з Баранавічаў і Бярозы, якія на працягу чатырох дзён вандруюць, перажываючы «рэкалекцыі ў дарозе», да галоўнага санктуарыя Пінскай дыяцэзіі.

У гэтым годзе больш за дзве сотні паломнікаў з Бярозы і паўтары сотні з Баранавічаў прыйшлі пешшу да Маці Божай Лагішынскай, давяраючы Ёй свае малітоўныя інтэнцыі, а таксама тых, хто прасіў іх аб малітве ў дарозе і перад абліччам Каралевы Палесся.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы 9 жніўня ўвечары ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец ОР. Разам з ім літургію цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій Беларусі.

Біскуп Дзям’янка на пачатку святой Імшы запрасіў вернікаў асабліва памаліцца і даверыць далейшай апецы Маці Божай біскупа Велікасельца, які сёлета адзначае юбілей 25-годдзя плённага і самаахвярнага біскупскага служэння.

Гамілію да сабраных пілігрымаў скіраваў ксёндз Алег Грыгаровіч SAC, пробашч прафіі Святога Казіміра і Маці Божай Каралевы ў Жлобіне. Святар запрасіў вернікаў паразважаць, стоячы перад цудадзейным абразом Маці Божай Лагішынскай, аб сваёй любові і адказнасці за Касцёл як супольнасць Божых дзяцей.

Пасля завяршэння святой Імшы адбылася традыцыйная малітоўная працэсія са свечкамі і копіяй абраза Каралевы Палесся вакол санктуарыя.

Працягам чування ў гонар Маці Божай стаў музычны канцэрт праслаўлення, а ў касцёле не змаўкала малітва начнога чування вернікаў на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту каля цудатворнай іконы.

Цэнтральным момантам другога дня фэсту 10 жніўня стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У цэлебрацыі бралі ўдзел таксама біскуп Велікаселец, архімандрыт Гаек, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі і кіраўнік пілігрымкі з Баранавічаў ксёндз Андрэй Рылка, пробашч прафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе і кіраўнік пілігрымкі з Бярозы ксёндз Уладзімір Буклярэвіч SAC, а таксама шматлікія святары з Пінскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій Беларусі.

Вялікай радасцю для сабраных стала прыбыццё ў санктуарый новаменаванага дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі ксяндза каноніка Андрэя Зноскі.

Звяртаючыся да шматлікіх вернікаў, сабраных з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі, біскуп намінат папрасіў іх аб малітоўнай падтрымцы і запрасіў да ўдзелу ва ўрачыстасцях яго біскупскага пасвячэння, якое запланавана на 7 верасня а 16-й гадзіне ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Гамілію падчас Імшы прамовіў ксёндз Станіслаў Вашкевіч SAC з Бярозы. Святар звярнуў увагу сабраных на дзейсную прысутнасць Маці Божай як у асноўныя моманты жыцця Хрыста, Яго вучняў, так і ў жыцці ўсяго Касцёла.

Біскуп Дзям’янка на завяршэнне святой Імшы нагадаў вернікам, што 28 верасня ў Ружанах Пінская дыяцэзія распачне святкаванне юбілею 100-годдзя яе заснавання.

Гэты надыходзячы знакавы год дыяцэзія жадае перажываць у лучнасці з Вялікім юбілеем Адкуплення, які будзе адзначаць паўсюдны Касцёл на працягу ўсяго 2025 года.

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі і кусташ санктуарыя ў Лагішыне ксёндз Андрэй Шут запрасіў усіх пілігрымаў да актыўнага ўдзелу ў наступных традыцыйных пілігрымках да Маці Божай Лагішынскай, якія плануюцца ў юбілейным 2025 годзе: з Пінска — 10 мая, з Баранавічаў і Бярозы — 5–8 жніўня. Фэст Каралевы Палесся ў 2025 годзе адбудзецца 8 і 9 жніўня.

 

Абноўлена 13.08.2024 11:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця