Пошук

24.01.2013 00:00  

1 чыт. Нм 8, 2-4a. 5-6. 8-10; Пс 19 (18), 8. 9. 10. 15.

2 чыт. 1 Кар 12, 12-30 альбо (карац.) 1 Кар 12, 12-14. 27.
Ев. Лк 1, 1-4; 4, 14-21.


Цяпер прыходзіць збаўленне

Літургія — гэта час, калі супольнасць вернікаў перажывае Божае збаўленне як падзею і дар, якія здзяйсняюцца менавіта зараз, і калі яна ўмацоўвае сваю сувязь зносінаў ва ўрачыстай атмасферы братэрскага святкавання. Такім чынам, гаворка ідзе пра святкаванне і перажыванне «цяперашняга» збаўлення, пра якое нам абвяшчае Божае слова і якое пры яго дапамозе дзейнічае і прысутнічае ў дадзены момант.

Добрая навіна Эздры

Першае чытанне пераносіць нас у 430 год да нараджэння Хрыста. У гэты час пасля выгнання ў Ерузалеме выступалі дзве галоўныя асобы: намеснік Нээмія, кіраўнік і палітык на службе Персіі, і Эздра — законнік і святар, які імкнуўся ўвесці рэлігійную рэформу, якая б абапіралася на закон і магла б вярнуць юдэйскаму народу яго ўласнае аблічча і тоеснасць.

Персідскі кароль даручыў Эздру сачыць за тым, каб выконваўся Божы закон, які ён лічыў адначасова каралеўскім і за які адчуваў сябе адказным. Персідская палітыка імкнулася да мэты, згодна з якой юдэі павінны былі прыняць на сябе ярмо Персіі і разам з тым лічыць персідскага караля абаронцам святога Закону юдэяў. Такім чынам ўрад Персіі ажыццяўляў адначасова кантроль над рэлігіяй, каб яна не стала хваляваннем помслівых спробаў і крыніцай палітычных бунтаў.

Эздра збірае ўвесь народ на плошчы і чытае кнігу Майсеевага Закону. Урачыстасць не адбудзецца ў святыні, дзе прыносіліся ахвяры. Гэты сход мае ўсе прыкметы, характэрныя для сходаў у сінагогах: малітвы, пакланенні, благаслаўленні, чытанні і тлумачэнне кнігі Майсеевага Закону. Гэтая кніга магла быць па-сутнасці пяцікніжжам ці Торай, якая ў перыяд пасля выгнання ўсё больш станавілася кнігай юдаізму par excellence. Кніга была напісана на яўрэйскай мове, і некаторыя левіты былі яе перакладчыкамі: яны перакладалі і тлумачылі слова Божае народу, які размаўляў па-арамейску. Народ яны заклікаюць «выконваць закон», каб мець збаўленне. Тады нарадзіўся іўдаізм, заснаваны на святарах і законе, якім мы яго ведаем з Новага Запавету.

Тое, што апісваецца ў восьмым вершы Кнігі Нээміі, можна акрэсліць яе літургію слова. Праз публічнае чытанне кнігі Божага Закону Эздру ўдалося дасягнуць таго, што гэтую кнігу прынялі самаране і юдэі, з дапамогай чаго ён на кароткі час аб’яднаў абодва народы.

Збаўленне стварае адзінства ў разнастайнасці

Разважанне апостала Паўла нарадзілася з горкага разумення, што ў касцёльнай супольнасці ў Карынце адбыўся падзел, што там няма еднасці і парадку. Гэта прывяло да таго, што для апраўдання сваіх недысцыплінаваных і свавольных дзеянняў супольнасць спасылалася на асаблівыя дары — харызмы.

Для вырашэння такой сітуацыі ў касцёле апостал Павел прапануе разважанне пра таямніцу Касцёла. Ён заклікае да роздуму над глыбокім і жыватворчым адзінствам, якое існуе паміж рознымі членамі людскога цела; усе члены моцна аб’яднаныя дзеля дабра ўсяго цела. Апостал прыводзіць вобраз цела і робіць выснову: «Вы ж — Цела Хрыстовае, а паасобку — часткі». Гаворка ідзе не толькі пра вобраз: Касцёл сапраўды з’яўляецца целам Хрыста.

«І ўсе напоены адным Духам», які злучае нас з праслаўленым целам Хрыста, каб мы маглі сказаць: «Адно цела і адзін Дух» (Еф 4, 4). У Касцёле існуе шмат розных дароў, харызмаў: апосталы, прарокі, настаўнікі, лекары, памочнікі, правадыры і інш. Але разнастайнасць дароў і пасад не павінна стаць прычынай падзелу ці беспарадку, таму што ўсе члены складаюць «адно цела».

Шматстайнасць дароў з’яўляецца справай Духа, яна адлюстроўвае багацце Божага жыцця ў дастатку. Арганічнае і жыватворчае адзінства ўсяго з’яўляецца законам жыцця самога Бога, які ўладарыць таксама над жыццём цела Хрыста, якім з’яўляецца Касцёл. Дух Хрыста пазбаўляе нас нашай асобы, робіць часткамі цела Касцёла і ўсіх нас узаемна яднае ў Хрысце. Але самай вялікай з гэтых харызмаў з’яўляецца любоў — Божая энергія, якая ўтрымлівае цела Хрыста ў адзінстве.

Збаўленне праз Божае слова

Літургічнае чытанне прапануе нам разважанні па тэме Божага слова ў прамове да Евангелля паводле Лукі і ўрывак пра казанне Езуса ў сінагозе ў Назарэце. Мы будзем разважаць над другім тэкстам, у якім прадстаўлены Хрыстус поўны моцы Духа Святога, які навучаў у сінагозе.

Прамову ў Назарэце евангеліст Лука лічыць пачаткам публічнага служэння Езуса. Таксама гэты пачатак злучаецца з прысутнасцю Духа ў Езусе: Езус «пачаў гаварыць». Гэты «пачатак» Езуса значыць пачатак новай эпохі, «цяперашняга» збаўлення. Мы таксама жывём у новай эпосе, якую адкрыў Хрыстус. Яго словы гучаць для нас моцай Духа дзеля нашага збаўлення. Калі мы ў літургіі чытаем Божае слова, сам Езус абвяшчае сваё Евангелле моцай Духа. Кожны дзень, калі мы чытаем Евангелле, можам сказаць: «Сёння для мяне здзяйсняецца слова Божае».

У 18 і 19 вершах Евангелля падкрэсліваецца абвяшчэнне Хрыста: збаўленне прыходзіць праз пасрэдніцтва Яго слова. У слове Езуса выконваецца абяцанне прарока Ісаі. Дзейнасць Хрыста — гэта здзяйсненне запавету і прысутнасці збаўлення ў цяперашні дзень. Але гэты дзень пастаянна прысутнічае ў Касцёле. Такім чынам, няма сітуацыі ў жыцці людзей, пра якую б мы маглі сказаць, што ў ёй няма прысутнасці збаўлення. Час Езуса злучаецца з часам Касцёла: сённяшні дзень жыцця Хрыста з'яўляецца таксама пастаянным збаўчым днём абвяшчэння збаўлення з боку Касцёла. Заўсёды і на кожным месцы, дзе сёння абвяшчаецца і прымаецца навіна пра збаўленне Хрыста, Бог прыводзіць у рух працэс сапраўднага вызвалення ад зла. І ў гэтым працэсе менавіта слова Езуса вызваляе і дае збаўленне.

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 12.01.2022 09:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця