2 чыт. Ціт 2, 11–14; 3, 4–7.
Ев. Лк 3, 15-16. 21-22.
Бог дае жыццё
Мы жывём у грамадстве, у якім так часта адмаўляецца жыццё — пачынаючы ад забойстваў ва ўлонні маці і заканчваючы забойствамі людзей, якім бацькі далі жыццё і якія сталі часткай чалавечай супольнасці. Гэтае грамадства штодзень засейвае ў адносіны паміж людзьмі вялікую долю цынізму, нянавісці, эгаізму і насілля. Адным словам, яно варожа ставіцца да жыцця. І ўсё ж такі людзі жадаюць жыць, яны носяць у сабе моцнае жаданне паўнацэннага жыцця. У той жа меры людзі моцна жадаць зрабіць штодзённае жыццё больш якасным, каб яно стала больш праўдзівым, больш справядлівым і больш радасным.
Усімі намі ў меншай ці большай ступені авалодвае страх перад смерцю ці перад пагрозамі смерці, якія вісяць над чалавецтвам. І тут ёсць рэальная небяспека, што гэты страх у пэўным сэнсе паралізуе нас. Жыццё, пазначанае страхам і блізкай смерцю, становіцца пахмурным, бязрадасным, поўным боязі і панікі. Езус вядзе барацьбу супраць такога бяссілля. Ён прыйшоў і прыходзіць, каб дарыць нам радасць жыцця.
Вось Бог ваш!
Падчас бязрадаснага вавілонскага палону, у якім ізраільскі народ быў зняволены, шматабяцальна гучыць голас прарока, які абвяшчае: «Вось Бог ваш!»
Ужо здавалася, нібыта Бог забыў пра свой народ, нібыта больш не жадаў з ім размаўляць або не мог яго збавіць. Доўгае «маўчанне» Бога падчас палону, як страшэннае покрыва, абцяжарвала грэшны і пакараны народ.
Аднак цяпер прыходзіць момант, таямніча вызначаны Богам, які прыносіць збаўленне. Бог казаў вуснамі прарока: «Суцешце, суцешце народ Мой! — кажа ваш Бог. Прамаўляйце да сэрца Ерузалема і абвяшчайце яму, што скончыўся час барацьбы ягонай, што адплочаны беззаконні ягоныя, бо атрымаў ён з рукі Пана ўдвая за ўсе свае грахі».
Пачынаецца новая эра, мінулае больш не хвалюе, яно закрэслена «новым». Бог можа і хоча збавіць! «І з’явіцца слава Пана, і адначасова ўбачыць яе кожнае цела, бо так сказалі вусны Пана». Збаўчую Божую прысутнасць, Яго «славу» можа будзе пазнаць праз новае фізічнае і духоўнае адраджэнне Яго народа, і ўсе змогуць захапляцца Божай збаўчай моцай і разважаць аб ёй.
Бог настойліва пераконвае ўсіх, хто прарочыў толькі гібель і смерць, усіх, хто страціў давер і якіх перамагла безнадзейнасць, усіх стомленых і расчараваных. Бог мае моц, каб збавіць, нават тады, калі чалавек лічыць усё страчаным і не знаходзіць выйсце, бо Пан — гэта Бог, які дае жыццё.
Нават у пустыні чалавечай безнадзейнасці існуе «шлях да Пана». Калі чалавек імкнецца яго пазнаць і падрыхтавацца да прыйсця свайго Пана, ён знойдзе жыццё. Прарок выражае гэтую падрыхтоўку праз вобраз дзейнасці: «Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор — далінаю». «Шлях» чалавек не пабудуе, але ён павінен выдаліць перашкоды пагарды, жорсткасці сэрца, замкнёнасці ў самім сабе, эгаізму. Пан прыйдзе, каб даць нам магчымасць жыць паўнавартасным жыццём, але людзі часта з вялікім задавальненнем ідуць за інстынктам смерці і блытаюць яго з жаданнем жыцця. І толькі вызваліўшыся ад фальшывых эгаістычных ілюзій, яны змогуць убачыць Пана жыцця.
Цнатлівасць, праведнасць і пабожнасць
«З’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей» (Ціт 2, 11). У Езусе была аб’яўлена «ласка» — Божая любоў, якая хоча збавіць усіх. Так, Бог жадае, каб мы жылі, і таму Ён паслаў свайго Сына, Езуса Хрыста. Бог вучыць нас праз Езуса адмаўляцца ад граху і зла, якое намі авалодвае, і дрэнных жаданняў, накіраваных супраць жыцця.
Езус навучыў нас станоўчаму перажыванню нашага існавання: цнатліва, праведна і пабожна. «Цнатлівасць» — гэта мудрасць, здольнасць адрозніваць і правільна выбіраць. «Праведнасць» азначае паводзіны, якія характарызуюцца чыненнем дабра ў адносінах да супольнасці, у якой мы жывём. «Пабожнасць» — гэта любоў да Бога і вера ў Яго. У рэалізацыі гэтых трох паняццяў і заключаецца праграма жыцця.
Аднак Езус дае людзям таксама надзею: Хрыстус — наша надзея і радасць. Бо Ён адкупіў нас ад усялякага беззаконня і адарыў нас здольнасцю рабіць добрыя справы. Інакш кажучы, Езус даў нам магчымасць жыць жыццём, поўным надзеі, радасці і добрых спраў.
Бог — гэта Дабро, гэта наш Збаўца. Нам не трэба шукаць фальшывых «збаўцаў», бо нашае жыццё становіцца добрым ад нашых добрых спраў, а не спраў іншых людзей. А Дух Езуса з’яўляецца пачаткам кожнага жыцця, і яго мы атрымалі падчас хросту. Езус мае сілу аздаравіць нас ад адчаю і інстынкту смерці, якому мы часам паддаёмся, Ён дае нам здольнасць эфектыўна змяніць якасць нашага жыцця.
Неба адкрываецца
Як мы ўжо чулі ў другім чытанні, Езус дае нам свайго Духа. І ўсё ж такі Езус з’яўляецца чалавекам. А што можа зрабіць чалавек, каб нас збавіць? У сённяшнім урыўку з Евангелля мы даведваемся, што Езус «мацнейшы» за Яна Хрысціцеля, бо Езус «хрысціць Духам Святым і агнём».
Як нам вядома з падзей Спаслання Духа Святога і з многіх урыўкаў Старога Запавету, агонь з’яўляецца сімвалам Бога, Яго непераадольнай сілы і жыццёвасці. «Агонь» і «Дух» — гэта сінонімы. Агонь з’яўляецца сімвалам Духа. Так, калі Езус мае і дае Духа, гэта значыць, што Ён не толькі чалавек, але і Бог.
Сцэна хросту Езуса ясна даказвае, што Ён атрымлівае Духа: «І калі Езус, атрымаўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго». Адкрылася неба, і Бог цалкам праявіў сябе ў чалавеку — у Езусе з Назарэта. Гэта значыць, што Бога мы не павінны шукаць на небасхіле ці ў дэбатах філосафаў. Мы павінны шукаць Яго ў Езусе. У Бога аблічча Езуса!
Сашэсце Духа Святога суправаджае голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны». Езус з’яўляецца адзіным Сынам Айца, якога Айцец «упадабаў». Езус з’яўляецца жывым аб’яўленнем боскага жыцця, жыватворчай плённасці Нябеснага Айца. Божае жыццё цалкам пераліваецца ў Сына, каб Ён передаваў сябе таксама людзям. Езус — гэта жыццё, якое дае жыццё.
У Святым Пісанні Дух заўсёды спалучаецца з жыццём. Езус, напоўнены Духам Божым, з’яўляецца чалавекам, у якім паўната жыцця, і Ён можа яе перадаваць. Езус дае нам нашмат больш, чым мы самі маглі б папрасіць: Ён дае магчымасць жыць вечна, Ён дае надзею там, дзе яе больш няма, дае нам любоў, калі ўсе нам у ёй адмаўляюць, дае нам сапраўднае жыццё. Гэтае жыццё Ён даў нам ужо падчас нашага хросту. Аднак справа заключаецца ў тым, каб мы сапраўды жылі такім жыццём.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.