Пошук

28.12.2012 00:00  
1 чыт. Сір 3, 2-6. 12-14; Пс 128 (127), 1-2. 3. 4-5.
альбо 1 Сам 1, 20-22. 24-28; Пс 84 (83), 2-3. 5-6. 9-10.
2 чыт. Клс 3, 12-21 альбо 1 Ян 3, 1-2. 21-24.
Ев. Лк 2, 41-52
.


Святая Сям’я

У сучасным грамадстве сем’і сустракаюцца са шматлікімі праблемамі. Палітыкі, сацыёлагі, псіхолагі, святары і многія іншыя людзі імкнуцца даследаваць стан сем’яў у наш час і прапаноўваюць рашэнні да розных праблем.

Сённяшняе літургічнае свята не дае нейкага новага «рэцэпту», які б мы маглі залічыць да мноства папярэдніх рэцэптаў. Сёння святая Эўхарыстыя цэлебруецца не для таго, каб даць парады для вырашэння праблем, з якімі сутыкаюцца нашыя сем’і. Езус Хрыстус прапануе нашмат больш радыкальнае «рашэнне», якое глядзіць у корань усіх цяжкасцяў не толькі ў сям’і, але і ва ўсім нашым жыцці. Ён кажа нам, што крыніцай усіх нашых «цярпенняў» з’яўляецца той факт, што мы не адважваемся быць Божымі дзецьмі. А менавіта гэта і з’яўляецца нашым пакліканнем — быць Божымі дзецьмі. Калі мы хочам жыць толькі як звычайныя «чалавечыя» дзеці і выключым Бога з нашага жыцця, а праз гэта таксама і з сям’і, мы прынізім сябе да таго, што будзем жыць у супярэчнасці з нашым самым сапраўдным чалавечым пакліканнем, у выніку чаго мы пазбавім сям’ю чалавечнасці.


Сын, які быў прыняты і прабачаны

Галоўныя персанажы першага чытання — Ганна і яе сын Самуэль, якога Бог даў ёй як сына абяцанага, аб якім яна малілася.

Калі Ганна прыйшла ў святыню, яна ўсклікнула: «Я — тая самая жанчына, якая тут перад табою стаяла і малілася да Пана. Маліла аб гэтым хлопцы, і выканаў Пан просьбу маю, якую ўзносіла да Яго. І вось я аддаю яго Пану; ва ўсе дні, пакуль жыць будзе, ён прызначаны будзе для Пана». Сын Самуэль быў прысвечаны Пану і жыў не толькі як сын Ганны, але таксама як «сын Пана».

Ганна з мужам Эльканам пайшлі ў святыню і ахвяравалі трохгадовае цяля, адну меру мукі і мех віна. Гэтымі звычайнымі ахвярамі яны прызналі, што Бог увайшоў у іх дом і што яны Яму ўдзячныя і шчаслівыя. Акрамя гэтага абрад быў таксама ўчынкам, які сведчыў пра адданасць Божаму закону, а значыць выражэннем жадання спаўняць Божую волю.

Гэтая ізраільская сям’я з’яўляецца прыкладам для ўсіх сем’яў, таму што яна прызнае, што з’яўляецца «Божай уласнасцю». З удзячным прызнаннем і шчырай верай яна прымае дзіця як Божы дар, яна гатова споўніць Божую волю. Нашы сённяшнія сем’і жывуць па матэрыяльным боку, не так, як гэтая сям’я, але яны могуць быць адкрытымі для Бога так жа, які і сям’я Элькана і Ганны.

Нашыя сем’і таксама могуць прызнаць, што яны з’яўляюцца ўласнасцю Бога, а не тых «гаспадароў», якія хочуць над імі валадарыць. Такіх «гаспадароў» можна акрэсліць адным выразам — культура нашага свецкага грамадства. Сучасная культура нясе свае «распараджэнні» для сем’яў, якія датычаць адносінаў паміж сужэнцамі, паміж дзецьмі, паміж бацькамі і дзецьмі… Многія ўкрытыя прапагандысты хацелі б нас запэўніць у тым, што ў іх ёсць для нас правільныя рашэнні. Аднак літургічнае чытанне арыентуе нас да іншага пераканання — сям’я належыць Богу, які не хоча быць нашым «гаспадаром», а які хоча вызваліць сям’ю, унесці ў яе большую радасць.


Жыць як Божыя дзеці

Урывак з Евангелля паводле Яна з’яўляецца цудоўным разважаннем пра глыбокую праўду хрысціянскага жыцця: мы — Божыя дзеці. «Якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі!» «Дзіця» не можа быць рабом, бо яго любіць айцец. Таму мы — Божыя дзеці, і Бог Айцец любіць нас. І Бог Айцец хоча стварыць хрысціянскія сем’і як «свае» сем’і, членамі якой з’яўляюцца дзеці, якіх Ён любіць бязмежнай любоўю.

Усім нам хацелася б, каб у нашых сем’ях панавала сапраўдная любоў, каб мы больш любілі адно аднаго, бо мы ўсе ведаем, што гэта адзіны шлях дасягнення радасці і стабільнасці ў сям’і. Сапраўды, так часта дзеці не клапоцяцца пра сваіх бацькоў, і яны іх мала любяць. Часта бацькі занадта занятыя сваёй працай або імкненнем прабіць сабе дарогу нават пасродкам дзяцей. Такім чынам, любоў сустракаецца са шматлікі цяжкасцямі нават у сям’і.

Аднак калі ў сям’ю ўступае Бог, Ён дае здольнасць любіць адно аднаго. Святы Ян кажа, што «запаведзь Яго такая, каб мы верылі ў імя Сына Яго Езуса Хрыста і любілі адно аднаго».


Сям’я Езуса

У сям’ю, у якой жыў Езус, таксама прыйшоў непакой, боль, і таму Марыя сказала: «Сыне, чаму Ты зрaбiў нaм гэтaк? Вoсь aйцец Твoй i я ў вялікім смутку шукaлі Цябе».

Дванаццацігадовы сын назаранскай сям’і «патрабаваў» сваю свабоду дарослага (ізраільскія хлопцы станавіліся дарослымі ў 12 гадоў). Бацькі не заўважылі, што Езус застаўся ў Ерузалеме, і калі яны нарэшце знайшлі Яго ў святыні, то не зразумелі сэнсу Яго адказу.

Такім чынам, гэта была сям’я, у якой былі свае праблемы, свае цяжкія сітуацыі. І ўсё ж такі, гэта сям’я, якая застаецца прыкладам, нязменным узорам кожнай хрысціянскай сям’і. Адсюль вынікае, што няма такой сям’і ці асобы, якая б жыла без напружанняў, без болю і цяжкасцяў. Факт таго, што мы хрысціяне, не пазбаўляе нас пакутаў, барацьбы і клопатаў.

Дык чаму ж сям’я, у якой жыў Езус, з’яўляецца прыкладам? Адказ можна знайсці перш за ўсё ў словах, якія Езус прамовіў да Марыі і Юзафа: «Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу мaйму?» Езус узвышае свайго Айца, якому Ён цалкам належыць.

Езус не адмаўляецца ад сваіх бацькоў, але Ён дае ім зразумець, што Ён выключным чынам з’яўляецца Божым Сынам, ставячы ў процілегласць свае словы («Мой Айцец») і словы Марыі пра Юзафа («твой айцец»). Езус хоча сказаць, што Яго жыццё вызначае Яго Нябесны Айцец. І хоць Езус быў адзіным Сынам Бога, Ён «быў у паслухмянасці» ў Марыі і Юзафа, і, з’яўляючыся «сынам цесляра», Ён з усёй паслядоўнасцю прыняў стан чалавечай істоты.

Сям’я Езуса з’яўляецца прыкладам сям’і, таму што яна не адгароджваецца ад знешняга свету, яна не базуецца толькі на біялагічных і псіхалагічных законах, не кіруецца толькі чалавечымі звычаямі і заканамернасцямі. Гэта сям’я, у якой валадарыць Бог як абсалютная каштоўнасць, у якой усе абапіраюцца на Бога больш, чым на што-небудзь іншае. Гэта сям’я, якая давярае Богу і ў Ім знаходзіць сэнс таксама ў трывогах, пакутах і ў смутных момантах.


ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа