Пошук


02.10.2013 11:11  

1 чыт. Абк 1, 2-3; 2, 2-4; Пс 95 (94), 1-2. 6-7a. 7b-9.
2 чыт. 2 Цім 1, 6-8. 13-14.
Ев. Лк 17, 5-10.

Вера супраць несправядлівасці

Непакой, пакутлівыя пытанні прарока Абакума, які жыў у цяжкі перыяд гісторыі Божага народа (у канцы VII ст. да Хрыста), — гэта праблемы таксама сённяшняга часу: «Дакуль я, Пане, буду клікаць, а Ты не чуеш; дакуль буду крычаць Табе: Гвалт! — а Ты не ратуеш? Навошта паказваеш несправядлівасць і глядзіш на няшчасці?» Перад намі праходзяць выкраданні і насілле, сваркі і спрэчкі, крывавая барацьба за ўладу і камерцыйныя махінацыі велізарных памераў, беспрацоўе і мільёны людзей, якія памерлі з голаду, выклікаючая раскоша і прыніжаючае ўбоства, гонка ўзбраення і легалізаваная несумленнасць, падманы, забойствы нявінных і масавы генацыд… Сумнае і страшнае зло, якім суправаджалася гісторыя чалавецтва, магло б быць яшчэ большым, калі б мы працягвалі яго пералічваць, паказваючы рэальнасць змрочнага часу і тэрарызму. Здаецца, быццам Бог глядзеў абыякава на тое, што чалавецтва штодзённа здзяйсняе. Здаецца, быццам вера згубіла сваю сілу і здольнасць змяніць свет. Веруючы чалавек, які сочыць за падзеямі ў свеце, паддаецца спакусе ставіцца да гэтага з недаверам і чакаць апакаліптычна ачышчаючую катастрофу. А якое хрысціянскае стаўленне да трагічнай рэальнасці жыцця?

Праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці

Бачанне ў выпадку прарока Абакума ўключае таксама вызваляючае ўмяшальніцтва Бога, у якім перамагае Яго справядлівасць. Калі Ён прыйдзе? Мы хацелі б даведацца пра дзень і час Божага дзеяння. Але Пан адказвае: «Тое, што бачыш, прызначана яшчэ на пэўны час і гаворыць пра канец, і не ашукае. Калі нават будзе марудзіць, чакай, бо прыйдзе абавязкова, не спозніцца».  Значыць, час, калі Бог умяшаецца, застаецца для нас невядомым, бо ў Бога свой «каляндар», якога мы не можам ведаць. Час Пана не такі, як наш. Здаецца, быццам Бог адкладае час свайго прыйсця і што прарок ашуквае. Але Бог не ашуквае і не засмучае. Аднак трэба, каб мы ўмелі чакаць Яго з цярплівасцю і даверам і не былі нецярплівымі з-за імгненнага «поспеху». Вера цярплівая, яна ўмее чакаць, яна ўвесь час напоўнена надзеяй. Толькі той, хто сапраўды пакладаецца на Бога, хто навучыцца ацэньваць усё ў жыцці Божымі вачыма, той навучыцца быць сапраўды цярплівым. Цярплівасць веры азначае не пасіўную пакору, не адмоўны фаталізм, а дзейсную і поўную даверу пільнасць.

Магчыма, нам здасца, што цярплівасць веры вядзе да страты каштоўнага часу, што яна крадзе ў нас магчымасць жыць поўным жыццём. Але прарок паўтарае: «Праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці». Тое, што робіць магчымым жыццё сапраўднае і поўнае — гэта вера. Тым, хто спадзяецца толькі на самога сябе і на чалавечыя сродкі, валодае нецярплівасць, і ён думае, што жыве, — але ён толькі бядуе ў няспынным і зменлівым хваляванні.

Сведчыць

Урывак з Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея дапаможа нам лепш зразумець, што значыць цярплівасць веры. Крыніцай тут з'яўляецца перш за ўсё моц «Духа Святога, які жыве ў нас». Гэта пытанне не тэмпераменту, не душэўнай моцы, а дзеяння Духа Святога ў нас. А Дух не з'яўляецца духам боязі, маладушнай пакоры, якая ўсяляе страх, але духам сілы, любові і разважлівасці. З такім Духам Хрыста мы маем адвагу жыць таксама ў кайданах, у свеце, поўным насілля і разбэшчанасці, які прызнае толькі ўладу. Аднак вера прыносіць моц, якая не паходзіць ад людзей, а з'яўляецца Божай моцай, што змагаецца і церпіць. Дух у нас нясе «любоў і верыу, якія ў Хрысце Езусе», значыць, яна робіць для нас магчымым жыць так, як Езус.

Перад тварам несправядлівасці, прыгнёту і цярпення веруючы хрысціянін імкнецца жыць так, як Езус, а менавіта з дапамогай Яго Духа. Толькі тады, калі хрысціяне будуць сапраўды дзейнічаць так, як дзейнічаў Езус, яны будуць служыць прыкладам грамадства, якое не засноўваецца на канкурэнцыі паміж «больш моцнымі», якія эксплуатуюць «малых», на крыніцах «вялікіх», якія прыгнятаюць «малых», на жорсткасці і вялізнай уладзе самых суровых у дачыненні да слабых. Вера і любоў, якія прысутнічаюць у Езусе Хрысце, з'яўляюцца для хрысціян сілай для будаўніцтва зусім іншага грамадства, заснаванага на зусім іншай сіле. Сіла Хрыста можа здавацца быццам няўстойлівай, нават няздольнай, або можа здавацца, што яна прыносіць смерць. На самой справе яна з'яўляецца сілай любові самога Бога, які дае жыццё і прыносіць збаўленне. Таму няхай нам будзе не сорамна прыносіць сваім жыццём «сведчанне нашага Пана» — але не праз барацьбу супраць свету і грамадства з дапамогай той жа зброі, якой карыстаюцца яны, а праз тое, што мы будзем сапраўды жыць згодна з прыкладам Езуса і апосталаў. Гэта – прапанова, якім чынам мы павінны жыць, і калі мы яе прымем і будзем ажыццяўляць, яна можа перамяніць усё наша жыццё і адкрыць у ім новыя і бліскучыя перспектывы.

Калі б вы мелі веру...

Апосталы просяць Езуса: «Дадай нам веры». У гэтай просьбе яны ўсведамляюць сваю слабую веру і жаданне, каб яна ў іх расла. У ёй утрымліваецца таксама жаданне, каб Бог сваім цудоўным дзеяннем умяшаўся і запаліў у іх іскру дзейснай веры. Іншымі словамі, здаецца, што гэтую просьбу апосталаў дыктуе жаданне бачыць і пераканацца ў яўных і канкрэтных уздзеяннях веры. Таму мы маглі б бачыць у ёй адлюстраванне праблем першапачатковага хрысціянскага грамадства ў дачыненні да свету. Узнікае пытанне: ці можа вера на самой справе змяніць свет?

Адказ Езуса носіць чыста палемічны характар. Справа не ў тым, павінны мы мець большую або меншую веру, таму што гэта не пытанне колькасці: «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: „вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора“, — і яна б паслухалася вас». Калі чалавек мае сапраўдную веру, яна ўчыніць цуды. Тое, што здаецца на першы погляд немагчымым, як напрыклад вырваць смакоўніцу з карэннем і перасадзіць яе ў мора, ажыццявіцца пасродкам веры. У параўнанні з сілай, якую рэалізуе свет праз насілле і часта з грубасцю, вера здаецца нам гарчычным зернем. Але і з гэтага ўяўнага бяссілля можа ўзнікнуць сіла, здольная змяніць свет.

Наступная прыпавесць звернута да апосталаў з заклікам да пакоры: «Калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: „мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць“». Бог — не валадар-дэспат, але Ён не можа і падпарадкоўвацца патрабаванням чалавека: Яго ўчынкі і ўзнагарода цалкам бескарысныя і свабодныя. Гэта значыць, што хоць чалавек і зрабіў усё, што павінен быў, ён не можа прадстаўляць патрабаванняў або ставіць умовы Богу, быццам бы заключаў з Ім нейкае камерцыйнае пагадненне: я даў табе, таму ты таксама павінен даць мне.

У веры павінна прысутнічаць наша гатоўнасць пакінуць Богу неабмежаваную прастору для Яго свабоднага рашэння. Мы зробім усё, што нас чакае, але гэта не павінна ніякім чынам абумоўліваць Божае дзеянне. Вера – гэта ўпэўненасць у тым, што Бог мае свае спосабы, час і сілу для таго, каб умяшацца, без таго, каб мы гэта загадзя ведалі. Такая ёсць вера, якая перамагае свет!

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця