Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Тэма беспамылковага навучання бiскупа Рыма ў экуменiчным дыялогу (частка V)
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
28.06.2013 19:24

На заканчэнне паспрабуем знайсцi некалькi тэмаў або напрамкаў размовы з некатолiкамi, якiя б, як здаецца, маглi быць плëннымi ў экуменiчным дыялогу.

Па-першае, калi ўсходнiя хрысцiяне давяраюць больш духоўнаму вопыту, чым лагiчным аргументам, то можна i ў экуменiчным дыялогу выходзiць ад духоўнага вопыту. А менавiта, не спрабаваць беспамылковасць лагiчна даказваць, акрамя тых мiнiмальных ведаў, якiя былi прадстаўлены ў першых трох частках артыкула, а проста заахвоцiць iх да чытання актуальнага навучання Рымскiх Папаў i афiцыйных дакументаў Рымскай Курыi. Праблема, здаецца, якраз у тым, што праваслаўныя вернiкi сучаснага навучання Апостальскага Пасаду або зусiм не чытаюць, або чытаюць з намерам абавязкова знайсцi там нешта нядобрае. Вельмi магчыма, што духоўны вопыт спаткання праваслаўных y шчырым сумленнi з сучасным афiцыйным навучаннем Апостальскага Пасаду вырашыць шмат непаразуменняў адносна дагмату. Думаю, што яны вельмi лëгка распазнаюць той самы голас Наступнiка св. Пятра, якi так часта з вялiкай радасцю слухалi ўсходнiя праваслаўныя хрысцiяне першага тысячагоддзя.

Па-другое, можна паставiць шэраг пытанняў адносна прынцыпаў абвяшчэння Касцëлам праўды. Божае Аб'яўленне атрымала сваю поўню менавiта праз тое, што нябачны Бог стаўся чалавекам, невычэрпная Таямнiца набыла бачную постаць. Мiж iншым, Пан Езус прамаўляў чалавечымi вуснамi, даваў канкрэтныя адказы на канкрэтныя пытаннi, г. зн. акрэслiваў Божую праўду пры дапамозе абмежаванай чалавечай мовы. Цi Хрыстовы Касцëл, якi працягвае мiсiю Хрыста ў свеце, не мае адзiных вуснаў, каб даць канкрэтны адказ на канкрэтныя пытаннi, прынамсi на тыя найважнейшыя? Цi голас Касцëла — гэта толькi голас хору, голас рознагалосся, таямнiчы голас саборнасцi, якi не кожны здольны распазнаць? Прыгадваецца сведчанне з Евангелля: «Людзi здзiўлялiся вучэнню Езуса, бо Ëн вучыў iх як той, хто мае ўладу, а не як кнiжнiкi», якiя, дадам, абапiралiся толькi на традыцыю (пар. Мц 7, 28-29). Цi Касцëл Хрыстовы не мае адных вуснаў, якiя б маглi беспамылкова прамовiць у моцы Духа Святога, прынамсi ў найважнейшых пытаннях веры i звычаяў? У дзень Пяцiдзясятнiцы (пар. Дз 2, 1-14) сабраны натоўп напачатку чуе рознагалоссе Апосталаў i вучняў, але ў пэўным моманце Пëтр узвышае свой голас i прамаўляе ад iмя ўсяго Касцëла i, як каментуе св. Ян Залатавусны (Хрызастом), становiцца „вуснамi Апосталаў"1. Цi, можа, Апосталы адбылi нейкую папярэднюю нараду, каб вырашыць, пра што Пëтр павінен казаць? Нiчога такога не бачым. Цi былi потым нараканнi на Пятра, што ëн, не запытаўшыся дазволу, прамовiў ад iмя ўсiх Апосталаў? Таксама не бачым. I нарэшце, цi гэтае служэнне «адзiных вуснаў» павiнна было знiкнуць пасля мучанiцкай смерцi св. Пятра?

Вядома, што на пастаўленыя вышэй рытарычныя пытаннi можна лëгка знайсцi «контр-аргументы», нават падмацаваныя Святым Пiсаннем i цытатамi Святых Айцоў. Таму тут не iдзе гаворка пра тое, каб «матэматычна» даказаць дагмат аб беспамылковацi, а толькi каб заахвоцiць некатолiкаў глыбей задумацца над падвойным вымярэннем абвяшчэння праўды Божай: праўда - таямнiца i праўда канкрэтная, акрэсленая чалавечай мовай. I ў гэтым кантэксце можна разважаць пра адначасовае iснаванне ў Касцëле саборнасцi i служэння «адных вуснаў», не памяншаючы значэння анi таго, анi другога.

Трэцяя тэма, нарэшце, вынiкае з папярэдняй i патрабуе ад католiкаў глыбейшага пазнання гiсторыi Сусветных Сабораў першага тысячагоддзя, якая для праваслаўных вернiкаў застаецца вельмi жывой i актуальнай, што мае адлюстраванне ў лiтургiчных тэкстах. Справа ў тым, каб перавесцi дыялог ca сферы практычнай (напр. «добра, калi ў Касцëле ëсць адзiны пастыр, якi можа прамовiць ад iмя ўсiх хрысцiянаў») у сферу дагматычную. Таму яшчэ раз звярну увагу — такая размова патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі.

Думаю, што з павагаю трэба адносiцца да пераканання многiх праваслаўных, што дагматы — гэта менавiта тое, за што варта змагацца, нават да смерцi, а меркаваннi практычныя, наадварот, могуць быць крынiцаю спакусы, каб адысцi ад апостальскай дагматыкi. Таму ў дагмаце аб беспамылковасцi важна ўбачыць сэнс хрысталагiчны. Падобна, як перамога культу абразоў на Сëмым Сусветным Саборы ўспрымаецца праваслаўнымi як, перадусiм, перамога халкiдонскай хрысталогii, а не толькi практыкi культу, так i змаганне за дагмат аб беспамылковасцi — гэта змаганне за поўню чалавечнасцi Хрыста, якая пэўным чынам мае сваë адлюстраванне ў Касцëле. I наадварот, адназначнае сцвярджэнне немагчымасцi iснавання дагмату аб беспамылковым навучаннi Рымскага Пантыфiка можна расцэньваць як адыход ад дагматыкi Халкiдонскага Сабору i праяву ўкрытага монафiзiцтва. Асмелюся выказаць меркаванне, што такая мова будзе больш зразумелай для праваслаўных.

Бр. Яраслаў Крыловіч

1. Св. Иоанн Златоуст, «Беседы на Деяния Апостольские», бес. 4, 3.

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча

18.08 09:34Непрыняцце Фларэнтыйскай уніі ў паўночна-ўсходняй Русі. Арышт мітрапаліта Ісідара
11.12 10:23Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка ІІ)
27.08 12:29Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка І)
31.07 11:27Дэлегацыя з усходнеславянскіх земляў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы
23.05 00:00Прызначэнне Ісідара Мітрапалітам усяе Русі
14.04 08:51Хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІІ)
27.01 15:15Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІ)
17.12 11:39Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І)
01.10 12:58Падзенне Канстанцінопаля (1453 г.): падзеленыя хрысціяне і апошні візантыйскі святы
28.08 10:49Фларэнтыйская унія 1439 года: высновы на сёння