Пошук

08.02.2011 16:25  

«Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей» — сцвярджаюць члены руху «Маці ў малітве». Сёння рух існуе амаль у 100 краінах свету, а 10 год таму прыйшоў і да нас. Навошта збірацца разам і як распачалася дзейнасць супольнасці ў нашай краіне, чытайце ў інтэрв’ю з Людмілай Губінай, каардынатарам руху ў Беларусі.


Раскажыце, калі ласка, з чаго і як у Беларусі распачалася дзейнасць руху «Маці ў малітве»?


Вясной 2000 г. у касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой горцы я сустрэлася з каардынатарам руху «Маці ў малітве» ў Расіі Галінай Балтоўскай, якую ведала яшчэ раней. На пытанне, «чым ты цяпер займаешся?», яна распавяла мне пра тое, што ў Расіі кіруе рухам. Мяне гэта вельмі зацікавіла, паколькі ў гэты час хварэў адзін з маіх сыноў, якому ўрачы не маглі дапамагчы. У Бога на ўсё ёсць свае планы. І настаў час, калі я зразумела, што без Божай дапамогі нам не ўдасца пабароць хваробу сына.

Летам гэтага года ў Беларусь па запрашэнні кс. Міраслава Капчэўскага (першага душпастыра групы ў Расіі) з в. Удзела Віцебскай вобласці  прыехала Вероніка Уільямс  з Вялікабрытаніі, якая ў 1995 г. і заснавала гэты рух. Нагодай таму паслужылі праблемы грамадства, у якім жывуць нашыя дзеці (парнаграфія, накротыкі, залежнасць ад камп’ютара і інш.). Але ж гэты свет, у якім валадараць грошы, зрабілі мы самі, дарослыя. Адказ на пытанне «што рабіць, як захаваць дзяцей ад усяго гэтага?» быў, безумоўна, адзін — малітва — самы надзейны спосаб.  

Вероніка Уільямс наведала і касцёлы Мінска, сярод якіх — касцёл на Залатой Горцы.  Слухаючы спадарыню Вероніку, я зразумела, што без удзелу ў гэтым руху не змагу пазнаць сваіх сыноў. На гэты момант я была адна, але не пераставала маліцца на ружанцы (Радасную частку) у інтэнцыі стварэння групы.

4 лютага 2001 г. з благаслаўлення ксяндза пробашча Міхаіла Сапеля адбылася першая малітоўная сустрэча ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха), якую правяла каардынатар руху ў Расіі. Спачатку нас было пяцёра. Але кожная з нас адчувала сапраўдную радасць ад сустрэчы і супольнай малітвы. Мы разам вучыліся маліцца. Мы, безгалосыя, пелі і радаваліся, бо навучыліся даручаць сваіх дзяцей Богу. Нас пастаянна напаўняла жаданне пазнаць Бога.

Паколькі будынак касцёла належаў у той час філармоніі, мы маглі маліцца толькі непрацяглы час па суботах. Так было напрацягу 5 год.

Некаторыя жанчыны выходзілі з руху, бо лічылі, што «вынік» павінен з’явіцца адразу. Не разумелі, што малітва — гэта складаная праца, а вучыцца давяраць Богу — вельмі няпроста. Але калі ты навучышся прымаць волю Бога, спазнаеш шчасце. Для мяне спачатку быў незвычайным супакой, які напаўняў мяне ў той час, калі перажывала праблемы. Малілася не аб тым, каб сын паступіў у ВНУ, але каб я прыняла волю Бога ў дачыненні да майго сына.

Пасля таго, як пра наш рух з’явілася інфармацыя ў часопісе «Любите друг друга», нас пачалі запрашаць у іншыя гарады. Так з’явілася група ў Лідзе, Беразіно, Баранавічах, Брэсце, утварылася вялікая група ў Браславе.

У групы прыходзяць жанчыны са складанымі сямейнымі праблемамі. І для таго, каб яны супакоіліся, «растаялі» душой, жанчыны дапамагаюць адна адной малітвай і духоунай падтрымкай. Важна, каб змянілася сама маці, і пасля малітвы, напоўненая Божай любоўю і супакоем, ставілася па-іншаму да сваіх праблем. Езус хоча, каб мы прыйшлі да Яго і маліліся так: «Пане, вось мае дзеці. Ты любіш іх яшчэ больш, чым я, Ты можаш змяняць тое, што не ў маіх сілах змяніць. Таму я аддаю іх у Тваю апеку і радуюся, бо давяраю Табе».

Самае галоўнае на нашых сустрэчах — гэта малітва, навучыцца давяраць Богу, прымаць Яго волю, а таксама любоў і давер паміж членамі групы. Жанчына павінна быць упэўнена, што праблемы, якімі яна дзеліцца ў групе, ніколі не выйдуць за яе межы.

Як выглядаюць вашы сустрэчы?

Група збіраецца раз на тыдзень, каб супольна маліцца па буклеце супольнасці «Маці ў малітве». Працягласць сустрэчы залежыць ад жадання саміх удзельнікаў. Распачынаецца сустрэча наступнымі словамі: «Прыйдзі,  Дух Святы, асвяці нашыя сэрцы і душы. Кіруй усім у нашых сустрэчах.  Прысутнічай у кожнай нашай думцы, у кожным слове, жаданні і памкненні. З’яднай нас у адзінстве Духа Твайго, у любові і клопаце адно аб адным, у любові Езуса Хрыста, Пана нашага. Амэн».

На стале знаходзіцца свечка. крыж, Біблія і кошык, у які мы пасля малітвы кладзём папяровыя кружкі з імёнамі нашых дзяцей. Круглая форма сімвалізуе любоў маці, якая не мае ні пачатку, ні канца, а тое, што маці кладзе кружок, азначае, што яна аддае сваё дзіця Богу.

Яшчэ мы молімся Літанію да Найсвяцейшага Імені Езус, чытаем Біблію. Раз на тры месяцы праводзяцца так званыя тры малітоўныя дні: першы — дзень перапрашэння за свае грахі (звычайна пятніца), другі — перапрашэнне за грахі ўсіх людзей свету, якія здзяйсняюцца ў дачыненні да дзяцей, і трэці — дзень падзякі і праслаўлення Бога.

Групы могуць таксама збірацца на разнастайныя набажэнствы, чуванні. Мы молімся як за жывых дзяцей, так і за памерлых і  ненароджаных.

Шмат жанчын-маці кажуць пра тое, што моляцца дома і не адчуваюць патрэбы збірацца з іншымі. Што вы можаце адказаць на гэта?

Некаторыя маці сцвярджаюць: я столькі малюся дома, і раніцай, і вечарам. Але часам у доме няма магчымасці засяродзіцца на малітве,  паколькі там — наш «раздражняльнік», прычына праблем. І мы молімся, але не чуем словаў сваёй малітвы. Калі жанчыны збіраюцца разам, яны разумеюць, што не ў адных іх ёсць праблемы, і гэтыя праблемы вырашаюцца дзякуючы супольнай малітве. Яны атрымоўваюць суцяшэнне ад усведамлення таго, што ў той час, калі яны не моляцца, за іх дзяцей узносяць малітвы маці з іншых малітоўных груп.

Маці дзеляцца сваімі праблемамі і знаходзяць разуменне, бо не абмяркоўваюць іх, а вучацца аддаваць праблемы Богу. Чаму некаторыя ідуць да псіхолагаў і дзеляцца з імі? Бо патрабуюць быць пачутымі. Тут жа мы дзелімся праблемамі з самім Богам.

Важна разумець кожнае слова малітвы. А песні, якія мы вучымся спяваць, дадаюць нам радасці.

Ці сустракаецеся вы цэлымі сем’ямі?


Усё залежыць ад групы, ад яе магчымасцяў. Многія групы Беларусі праводзяць падобныя сустрэчы і бачаць цудоўныя плёны гэтага. Мы, напрыклад, у групе адзначаем Дні нараджэння, іншыя святы. Але варта адзначыць, што ў свеце існуюць ужо і супольнасці «Бацькі ў малітве» і «Дзеці веры», якія разам з рухам «Маці ў малітве» ўтвараюць рух «Суцяшэнне». Хто ведае, можа, калісьці яны з’явяцца і ў нас.

Ці часта сустракаюцца групы з усёй Беларусі?


Разам мы збіраемся на канферэнцыях. Так упершыню ў 2009 г. у Баранавічах яе правяла основатель і кіраўнік руху Вероніка Уільямс. А ў мінулым годзе мы сустрэліся ў Браславе, дзе канферэнцыю арганізаваў духоўны душпастыр мясцовай групы «Маці ў малітве» кс. Адам Квяткоўскі SDS. Мы выказваем шчырыя словы ўдзячнасці  святару за цудоўную арганізацыю і магчымасць супольнага прабывання і малітвы.

У канферэнцыях прымалі ўдзел і прадстаўнікі руху з Расіі з розных хрысціянскіх канфесій.

У якіх гарадах Беларусі існуе сёння рух «Маці ў малітве»?

Нашы групы ёсць у кожнай дыяцэзіі, пры гэтым у некаторых гарадах існуе ўжо па некалькі груп. Сёння «Маці ў малітве» ёсць у Мінску (парафіі Найсвяцейшай Тройцы, Св. Яна Хрысціцеля, Св. Сымона і св. Алены), Беразіно, Баранавічах, Брэсце, Лідзе, Браславе. Мяне просяць прыехаць у Валожын і Маладзечна.

Ці ўдалося стварыць групу «Маці святароў у малітве» і якія планы руху на будучыню?

Я часта сустракаюся маці, сыны якіх навучаюцца ў духоўных семінарыях. Спадзяюся, што калі-небудзь, калі і маці святароў выкажуць жаданне і на гэта будзе Божая воля, арганізуецца падобная група, паколькі святары вельмі патрабуюць малітвы. Але цяпер у нас ёсць добрая традыцыя духоўнага ўсынаўлення святароў, калі жанчына моліцца за ксяндза, законніка, як за ўласнае дзіця.

Што датычыць планаў, то мы іх не будуем. Толькі Бог ведае, што нас чакае і што для нас лепш.

Якімі былі гэтыя 10 год для супольнасці?

Думаю, што супольная сустрэча груп у Чырвоным касцёле (6 лютага 2011 г. — Рэд.) шмат чаго паказала. Жанчыны дзякавалі і радаваліся, што існуе такі рух. Паколькі, паўтаруся яшчэ раз, найперш, змяняецца сама маці і яе погляд на праблему. А калі змяняецца маці, то змяняюцца і дзеці, мужы, змяняецца сітуацыя ў сям’і.

Дзякуй за размову!

Гутарыла Святлана Жылевіч

Усе, хто зацікавіўся дзейнасцю руху і жадае арганізаваць яго ў сваёй парафіі могуць звяртацца да каардынатара руху «Маці ў малітве» ў Беларусі па тэлефоне:

+375 29 684 14 16     Людміла Барысаўна Губіна

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця