Пошук

19.03.2016 00:00  

Напэўна, кожны чалавек, які хоць крыху цікавіўся хрысціянствам, меў магчымасць пачуць, што Бог ёсць Любоў. Ужо на першых занятках па рэлігіі мы маглі даведацца аб тым, што Бог сваёй любоўю аднолькава адорвае кожнага чалавека. 

Канкрэтнай праявай гэтай Божай любові з’яўляецца ахвяра Езуса на крыжы – для збаўлення кожнага чалавека. “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16).

Добра і прыемна асэнсоўваць такую вялікую любоў Бога да мяне асабіста. Асабліва тады, калі змагаюся са сваімі грахамі і недасканаласцямі. Але не раз нам можа быць цяжка згадзіцца з такой любоўю Бога да тых, хто пакрыўдзіў мяне ці маіх блізкіх. Не раз можа быць цяжка зразумець і згадзіцца з тым, што Бог аднолькава любіць усіх, нават тых альбо асабліва тых, хто згубіўся ў сваім жыцці.

Маючы ўсведамленне Божай любові да мяне, ведаючы, што заўсёды ў Богу магу знайсці суцяшэнне, адпушчэнне грахоў і падтрымку, не магу зайздросціць і шкадаваць дабрыні Бога і Ягонай любові да іншых.

Любоў Бога да мяне здзейснілася і аб’явілася праз крыжовую ахвяру Ягонага Сына на крыжы. Таму Касцёл і заахвочвае, каб і мая любоў знайшла сваё праяўленне ў канкрэтных учынках – учынках міласэрнасці. Між іншым, каб знайсці час і жаданне падзяліцца гэтай любоўю з вязнямі – тымі, хто сам хутка не прыйдзе да Бога.

Можна знайсці шмат лагічных і добрых тлумачэнняў, каб апраўдаць сваё нежаданне аказаць суцяшэнне і падтрымку вязням – тым, хто памыліўся ў жыцці. Але нярэдка занадта лёгка здараецца нам асуджаць тых, хто зграшыў крыху інакш, чым гэта робім мы самі.   


Кс. Юрый Пракапюк

Усе матэрыялы пра ўчынкі міласэрнасці тут >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа