Увечары ў панядзелак 2 снежня ў базыліцы святога Пятра ў Ватыкане адбылася цырымонія recognitio — адмысловы абрад падрыхтоўкі да адкрыцця Святых дзвярэй.
Як паведамляе Польская рэдакцыя парталу Vatican News, гэта ўрачыстая цырымонія, падчас якой правяраецца, што Святыя дзверы, зачыненыя падчас папярэдняга Юбілею, не пашкоджаныя і запячатаныя, гатовыя да таго, каб іх зноў адчынілі ў новым Святым 2025 годзе.
Абрад recognitio распачаўся малітвай кардынала Маўро Гамбэцці, кусташа папскай Ватыканскай базылікі.
Пасля гэтага была ўзламана сцяна, якой Святыя дзверы былі закладзеныя ўсярэдзіне святыні. З-за яе дасталі металічную скрыню, якая захоўвалася там з канца мінулага Святога Года — надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці, які праходзіў у лістападзе 2016 года.
У скрыні знаходзіцца ключ, які дазволіць адчыніць Святыя дзверы ўвечары 24 снежня, дзвярныя ручкі, пергамін, які пацвярджае іх закрыццё, а таксама цэгла і памятныя медалі Папаў Францішка, Бэнэдыкта XVI і Яна Паўла ІІ.
Дакументы і прадметы, дастаныя падчас абраду recognitio, будуць перададзеныя Папу Францішку. У аўторак пасля абеду такая ж цырымонія адбудзецца ў базыліцы святога Яна на Латэране — катэдры біскупа Рыма. 5 снежня абрад пройдзе ў базыліцы святога Паўла за Мурамі, а праз дзень — у базыліцы Святой Марыі Вялікай.