3 снежня Касцёл адзначае ўспамін святога Францішка Ксавэрыя, аднаго з першых езуітаў, паплечніка святога Ігнацыя Лаёлы і вялікага хрысціянскага місіянера.
Будучы святы нарадзіўся ў 1505 годзе ў збяднелай арыстакратычнай сям’і ў Навары, што на поўначы Іспаніі. Ён скіраваўся вучыцца ў Парыж, дзе пазнаёміўся з Ігнацыем Лаёлам і перажыў досвед духоўнага навяртання, у выніку якога вырашыў пакінуць мары пра добрую кар’еру і стаць місіянерам, адправіўшыся насустрач новаму і незнаёмаму свету, адкрытаму на Усходзе. Здабыў для Хрыста вельмі шмат вызнаўцаў у Індыі і Японіі. Папа прызначыў яго сваім легатам для краін Усходу.
Як адзначыў на катэхезе падчас адной з агульных аўдыенцый Папа Францішак, святы Францішак Ксавэрый стаў «першым з вялікага мноства руплівых місіянераў, гатовых адказаць на вялізныя цяжкасці і небяспекі, дасягнуць гэтых земляў і сустрэць незнаёмыя народы і культуры».
Святы часта здзяйсняў доўгія і небяспечныя марскія падарожжы, вандруючы па рэгіёне, і правёў на караблях больш за тры з паловай гады з адзінаццаці гадоў сваёй місіянерскай дзейнасці.
Прыбыўшы ў Гоа і заснаваўшы там сваю рэзідэнцыю, місіянер не сядзеў на месцы: ён евангелізаваў бедных рыбакоў, катэхізаваў і вучыў малітвам дзяцей, хрысціў і клапаціўся пра хворых. Потым, падчас начной малітвы на магіле апостала Барталамея, ён адчуў, што павінен адправіцца далей за Індыю: пакінуўшы ў добрыя рукі працу, якую распачаў, ён скіраваўся на Малукскія астравы, самую далёкую частку інданезійскага архіпелагу, дзе на працягу двух гадоў ствараў хрысціянскія супольнасці, пераклаў на мясцовую мову Катэхізіс і нават навучыў людзей спяваць яго.
У адным са сваіх лістоў да святога Ігнацыя Лаёлы святы Францішак Ксавэрый, між іншым, пісаў: «З часу майго прыбыцця сюды я не спыняўся ні на хвіліну: старанна абышоў вёскі, усіх яшчэ неахрышчаных дзяцей абмыў асвячанай вадою. І такім чынам я ачысціў вельмі шмат дзяцей, якія, як гаворыцца, зусім не адрозніваюць правай рукі ад левай. Дзеці ж не даюць мне ні прачытаць Божы афіцый, ні пад’есці, ні адпачыць, пакуль не навучу іх хоць якойнебудзь малітве. Тут я пачынаю разумець, што такім належыць Валадарства Нябеснае», — прызнаўся місіянер свайму сабрату і аднадумцы.
Ён дадаў, што многія ў гэтых мясцінах не сталі хрысціянамі толькі таму, што не было каму абвяшчаць ім Евангелле.
«Мне часта згадваецца, — пісаў ён далей святому Ігнацыю, — як я абыходзіў еўрапейскія універсітэты, асабліва парыжскі, і, нібы шалёны, крычаў паўсюль і заклікаў тых, хто меў больш ведаў, чым любові: „Ганьба, як жа шмат душ з вашай віны страчана для неба і скінута ў пекла!“ Няхай бы яны так прыкладаліся да гэтай справы, як да навукі, каб змаглі даць Богу рахунак за атрыманыя веды і таленты! Няхай бы многія з іх, узрушаныя гэтаю думкай, аддаліся разважанням над Божымі справамі і навучыліся слухаць тое, што ў іх душы гаворыць Пан. Няхай бы яны адклалі свае жаданні і людскія справы і поўнасцю даверыліся намерам і волі Бога. Няхай бы яны ад душы ўсклікнулі: „Гэта я, Пане! Што Ты наказваеш мне рабіць? Пашлі мяне, куды жадаеш, хоць у саму Індыю“» (гл. Літургія гадзінаў. 3 снежня, св. Францішка Ксавэрыя, прэзбітэра. Успамін. Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі).
Францішак Ксавэрый марыў заняцца місіянерскай дзейнасцю ў Кітаі, самай важнай краіне рэгіёна, але гэтай яго задуме не было накаванага споўніцца: ён памёр на маленькай выспе Санц’ян, дарэмна чакаючы магчымасці высадзіцца на мацерыку каля Кантона. Гэта было 3 снежня 1552 года, калі місіянер меў 46 гадоў.