3 снежня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй прызначыў ксяндза Віталія Дабраловіча эканомам Гродзенскай дыяцэзіі на пяцігадовы тэрмін.
Пра гэта паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыўшы, што эканом адмініструе маёмасць дыяцэзіі пад уладай біскупа, а таксама здзяйсняе коштам даходу дыяцэзіі выплаты, легітымна зацверджаныя біскупам або іншымі прызначанымі ім асобамі (пар. кан. 494 §3 Кодэкса кананічнага права).
Адначасова ксёндз Віталій Дабраловіч быў прызначаны таксама дырэктарам Рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі. На гэтай пасадзе ён зменіць ксяндза Алега Пятрашку, які кіраваў дыяцэзіяльным Caritas з 2023 года.
Біскуп удзяліў ксяндзу Віталію пастырскае благаслаўленне на выкананне новых адказных абавязкаў.
Ксёндз Віталій Дабраловіч нарадзіўся 31 сакавіка 1979 г. Паходзіць з парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах (Івейскі дэканат).
Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. 29 мая 2004 г. у гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
У 2004–2006 гг. быў вікарыем парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат).
У 2006–2015 гг. быў дырэктарам дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Гродзенскай дыяцэзіі, у 2015–2021 гг. — дырэктарам Нацыянальнага дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas.
З 2021 г. быў дырэктарам Пастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.