Думаючы пра ўчынкі міласэрнасці, можам уявіць, нібыта гэта нейкія асаблівыя, гераічныя дзеі, якія для звычайнага смяротнага недасяжныя. Аднак няма нічога больш далёкага ад праўды. Гэтыя ўчынкі знаходзяцца ў межах магчымасцяў кожнага з нас, хоць і трэба пераадолець пэўны парог.
Папа Францішак, абвяшчаючы Год Міласэрнасці, указвае, што практыкаванне міласэрнасці дапаможа нас таксама глыбей уваходзіць у сэрца Евангелля (Misericordiae Vultus).
«Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў то дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма» (Лк 10, 30-32).
Cвятар, левіт ці самаранін?
Паспрабуем зірнуць на ўчынак міласэрнасці, якім з’яўляецца адведванне хворых, у святле прыпавесці, якая наўпрост кажа аб параненым і пакутуючым чалавеку. Прыпавесць аб добрым самараніне — гісторыя, якая вучыць нас, як быць бліжнім, гэта значыць блізкім да чалавека, «параненага» хваробай.
Святар і левіт пераходзяць на іншы бок дарогі, не затрымліваючыся, імкнуцца далей, занятыя сваімі справамі. Чалавек, які ляжыць на дарозе, які цяжка паранены і ледзь дае знакі жыцця, патрабуе змены іншымі іх планаў. На жаль, таксама і сёння гэтая гісторыя паўтараецца, пакутуючыя «перашкаджаюць» і становяцца авярамі абыякавасці, якая знаходзіць такое цынічнае вырашэнне, як эўтаназія.
Добры самаранін. Schnorr von Carolsfeld, гравюра, 1860 г.
«А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся» (Лк 10, 30-32).
Самаранін таксама меў свае планы, быў далёка ад свайго дома, аднак быў гатовы зрабіць параненага незнаёмага часткай сваіх планаў і свайго шляху.
З ім адбываецца штосьці вельмі важнае, тэкст прыпавесці кажа, што самаранін «злітаваўся». Гэтае слова шматразова апісвае таксама рэакцыю самога Езуса (Mц 9, 36; Mц 14, 14; Лк 7, 11-17). Гэтая спачуваючая любоў — не хвіліннае перажыванне, але такі моцны досвед, што з яго нараджаецца дзеянне. Самаранін перажывае драму чужога, як сваю ўласную.
Быць блізка хворых
Калі наша спачуванне павінна набліжаць нас да Езуса, то мусіць весці нас да рашэння і ўчынкаў. Сустрэча з хворым, незалежна ад таго, у якіх умовах адбываецца, можа быць для нас шансам, каб наблізіцца да Хрыста і ўвайсці ў сітуацыю хворага так, як Ён. Адчуць яго самотнасць, боль і пакінутасць.
Гэтае асаблівае перажыванне выклікае тое, што самаранін падыходзіць да параненага, становіцца блізкім яму, а значыць бліжнім.
Ён пакінуў за сабой сумненні, перастаў спыняцца на тым, ці варта, і пераламаў свой эгаізм. Гэта не здолелі зрабіць яго папярэднікі. Менавіта гэта было вырашальным, а сама сітуацыя няшчаснага, які ляжаў на дарозе, дазволіла яму выканаць спантанны жэст, які выражаў блізкасць, сувязь і клопат.
Святар і чуласць
Ён адкрыў, што ён клапатлівы, што валодае ўсім, што патрэбна хвораму, адкрыў сваю сілу, каб панесці ляжачага, і тое, што ў ім дастаткова адвагі, каб ахвяраваць іншым у клопаце аб пакутуючым чалавеку.
Усё гэта можа здарыцца і з намі, калі наша «адведванне хворых» будзе сапраўдным выйсцем з нашага эгаізму, калі мы забудзем пра сябе, пра нашу «рытуальную чысціню». Тады мы адкрыем, што валодаем «віном і алеем», якія нясуць дапамогу, умацаванне, радасць і благаслаўленне. Сустрэча, у якой мы сталі для кагосьці блізкімі, дазволіць нам вызваліць сілы і магчымасці, якія нас саміх могуць здзівіць.
Апошнім акордам прыпавесці з’яўляецца пытанне Езуса: «Хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» (Лк 10, 36). Тое, што кажа Езус, — гэта зварот пытання, якое і стала прычынай расказаць гэтую прыпавесць. Кніжнік пытаўся: «А хто мой бліжні?» Езус звяртае ўвагу, што бліжнім з’яўляецца не паранены чалавек, а той, хто стаў блізкім для яго. Тым, хто атрымаў дар, быў не той чалавек, пакінуты на дарозе, а самаранін. Гэта ён атрымаў дар, якім была магчымасць аказання любові.
Сустрэча з хворым, каб яна была ўчынкам міласэрнасці, павінна стаць для нас дарам, які робіць для нас магчымым аказанне любові, клопату і спачування. Дарам, які дазваляе нам станавіцца падобнымі да Езуса, які сам быў названы Самаранінам.