Пошук

09.09.2024 11:55   Тэкст і фота: Раман Ярмош / Catholic.by

8 верасня вернікі парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны ў Трабах (Гродзенская дыяцэзія, Івейскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

У гэты дзень тут адбылася Эўхарыстычная працэсія, урачыстая святая Імша, благаслаўленне дзяцей на новы навучальны год, традыцыйнае благаслаўленне насення на сяўбу, а таксама адноўленага помніка на магіле былога пробашча трабскай парафіі.

Парафія ў Трабах мае багатую гісторыю. Летапіс гэтай парафіяльнай супольнасці распачынаецца з XV стагоддзя. Цяперашняя святыня адносна маладая, яна была пабудавана ў 1905 годзе.

Урачыстасць распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстычнай працэсіяй. Потым адбылася святая Імша, на якую сабраліся не толькі вернікі мястэчка, але і тыя, хто прывязаны да Трабаў сэрцам і душой.

Звяртаючыся са словам да прысутных, цяперашні пробашч трабскай парафіі ксёндз канонік Віктар Субель узгадаў гісторыю касцёла, заахвоціўшы берагчы і развіваць культ Маці Божай, які перадалі сваім нашчадкам папярэднія пакаленні тутэйшых вернікаў.

Напрыканцы Эўхарыстыі адбыўся абрад благаслаўлення дзяцей на новы навучальны і катэхетычны год. Асаблівыя словы падзякі былі скіраваныя да вернікаў, супольнымі намаганнямі якіх была ўпрыгожана святыня.

Пасля Імшы парафіяне сабраліся каля касцёла на месцы пахавання былога пробашч трабскай парафіі ксяндза Вацлава Родзька.

Адбылося благаслаўленне новага помніка на магіле святара, які быў закатаваны злачынцамі ў 1940 годзе.

Перыяд Другой сусветнай вайны быў асабліва цяжкім для парафіі. Ксяндза Станіслава Зубкевіча расстралялі гітлераўцы ў 1941 годзе. Іншы святар, ксёндз Раман Місевіч быў закатаваны і памёр 12 верасня 1943 года. Ксёдз Францішак Цыбульскі быў расстраляны нацыстамі як закладнік 10 сакавіка 1943 года ў Лідзе. Ксяндза Пятра Аранскага забілі ў 1944 годзе.

Удзельнікі парафіяльнай урачыстасці памаліліся за ўсіх спачылых святароў, якія ў розны час неслі служэнне ў Трабах.

 

Абноўлена 09.09.2024 11:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця