Пошук

10.03.2016 00:00  

Адсутнасць адзення выстаўляе чалавека на кпіны з боку іншых людзей, чалавек губляе сваю годнасць, становіцца абяздоленым і безабаронным. Прычынай агалення і ўсёй гамы негатыўных пачуццяў, з ім звязаных, з’яўляецца, у большасці выпадкаў, грэх: свой уласны, калі пад яго ўплывам чалавек апускаецца на дно свайго існавання, або бліжняга, калі людзі, напоўненыя прагавітасцю матэрыяльных рэчаў, прама або ўскосна пазбаўляюць вопраткі і годнасці шматлікіх асобаў у гэтым свеце.

Tissot James, 1892. Сім і Яфет прыкрываюць галізну Ноя, свайго бацькі.

Мы, хрысціяне, добра ведаем, што ў такім выпадку маем рабіць. Ведаем аб учынку міласэрнасці – нагіх адзець, які падае нам у катэхізісе Касцёл, засноўваючы сваю навуку на Божым слове. Даць вопратку нагім лічылася ў Старым Запавеце добрым учынкам, поўным міласэрнасці. Тобій так павучаў свайго сына: “Хлебам сваім падзяліся з галодным і адзеннем з голым” (Тоб 4, 16). Для ізраэльцяніна адзенне было такім жа важным, як хлеб і вада. Успамінае аб гэтым мудрэц Сірах: „Галоўнае для чалавечага жыцця: вада, і хлеб, і адзенне, ды дом, каб схаваць сорам” (Сір 29, 24).

Біблія ясна вучыць і дае зразумець, што адкрываць галізну не з’яўляецца чымсьці здаровым і натуральным, гэта часта вядзе да зневажання чалавека, з’яўляецца знакам кары і ганьбы. Святое Пісанне не ведае выпадкаў, калі пазбаўленне вопраткі ўспрымаецца інакш, чым у спалучэнні з прыніжэннем.

Адзенне бароніць перад ім і забяспечвае чалавечую годнасць. У кантэксце такога падыходу належыць змясціць драматычную сцэну агалення Езуса перад укрыжаваннем: “Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку” (Ян 19, 23).

У гадзіну сваёй смерці безабаронны Езус спазнаў разбуральныя наступствы недахопу адзення. Выстаўлены на ўсеагульны агляд, яшчэ больш стаўся аб’ектам абразаў і кпінаў. Збаўца прыняў на сябе ўсё цярпенне, якое звязана з галізною.


 
Святы Марцін дзеліцца паловай плашча з голым бедняком.  

Адзець нагіх – гэта адзін з асноўных абавязкаў захавання права і справядлівасці. Забяспечванне вопраткай і клопат аб тым, каб ніхто з акружэння не застаўся голым, з’яўляецца ўмовай гарманічнага грамадскага жыцця. Аддаць каму-небудзь сваё адзенне з’яўляецца ў Бібліі сведчаннем сардэчнасці і братэрства (1 Сам 18, 3-4). І няма нічога дзіўнага, што – як у выпадку наталення голаду і смагі – вобраз Апошняга Суду ў навучанні Езуса (Mц 25, 31-46) заключае ў сабе абвяшчэнне ўзнагароды і кары таксама ў тым, што датычыцца апранання нагіх.

Хрыстус кажа тым, хто пасля смерці будзе з Ім у Нябесным Валадарстве: “[Я] быў голы, і вы апранулі Мяне” (Mц 25, 36); тым жа, хто будзе асуджаны на “агонь вечны”: “[Я] быў голы, і вы не апранулі Мяне” (Mц 25, 43). У гэтых словах Езус атаясамляецца з тымі, хто церпіць нястачу ў адзенні, такім чынам адзець нагога – гэта значыць падарыць сваю вопратку Хрысту.

Знакам Божага благаслаўлення з’яўляецца дастатак хлеба і адзення, а наступствы праклёну – голад і нагата. Несучы дапамогу тым, хто патрабуе вопраткі, мы саўдзельнічаем у пацвярджэнні міласэрнасці як знаку благаслаўлення, які збліжае і аб’ядноўвае людзей.

Адмаўляючы іншым у вопратцы, мы можам пераканаць іх, што, пакінутыя людзьмі, яны былі пакінуты таксама Богам. Між тым нават у сітуацыі найбольшых грахоў шчыры жаль за зробленае зло чыніць так, што апошнім словам Бога заўсёды з’яўляцца прабачэнне.

Калі мы гаворым аб учынках міласэрнасці для цела бліжняга, мы павінны мець свядомасць, што вакол нас ёсць бедныя людзі і ім трэба дапамагаць, асабліва падчас Вялікага посту. У гэты перыяд падрыхтоўкі да свята Пасхі мы пакліканы Богам да большага практыкавання ўчынкаў міласэрнасці.

Мука, Смерць і Уваскрасенне Хрыста – гэта праяўленне найбольшай Міласэрнасці Бога адносна нас – грэшных. Бог наш Айцец, а мы Яго дзеці, таму вельмі актуальным для нас з’яўляецца заклік Папы Францішка на Год Міласэрнасці: “Міласэрныя, як Айцец”. І нават калі мы не маем нагіх вакол сябе, то можам ім дапамагчы праз дабрачынныя арганізацыі.

Напрыклад, аднесці ўжываную, але яшчэ добрую вопратку ў “Caritas”: члены гэтай каталіцкай арганізацыі маюць большы кантакт з беднымі людзьмі. Праз іх пасрэдніцтва мы можам выканаць учынак міласэрнасці – нагіх адзець – і такім чынам споўніць абавязак хрысціянскай любові, прыйсці з дапамогай тым, хто знаходзіцца ў нястачы і прыніжэння, вярнуць ім пачуццё чалавечай годнасці, а для сябе атрымаць узнагароду ад міласэрнага Айца. “Давайце, і будзе дадзена вам” (Лк 6, 38).

Кс. Аляксандр Сямінскі

Усе матэрыялы пра ўчынкі міласэрнасці тут >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа