Пошук

07.03.2016 00:00  

Кожны з нас ведае, чым для чалавека з’яўляецца вада. Асабліва моцна недахоп вады кожны з нас можа адчуць летам, у гарачы, спякотны дзень. Глыток вады, які наталяе смагу, можна сказаць, становіцца тады «на вагу золата».

Вандроўнікі, якія ідуць па пустыні, без вады вельмі хутка ўпадуць ад смагі. Вядома, што недахоп вады перажыць цяжэй, чым нават недахоп ежы. Таму «напаіць сасмаглых» знаходзіцца сярод найважнейшых учынкаў у адносінах да фізічных патрэбаў іншага чалавека.

У Старым Запавеце часта ўспамінаецца вада як дар ад Бога, асабліва ў псальмах. І гэта невыпадкова. На Блізкім Усходзе існуюць дзве пары года: дажджлівая, якая доўжыцца з лістапада па красавік, і сухая, калі на працягу паўгода ўвогуле не ідзе дождж. У Ізраэлі, які знаходзіцца на памежжы пустыні і ўрадлівай зямлі, пітная вада была сапраўдным скарбам, які збіралі падчас дажджлівага сезону, каб карыстацца ёй у перыяд засухі, сапраўдным «благаслаўленнем», крыніцай жыцця на зямлі і ўраджайнасці палёў і садоў.

Адсутнасць вады азначала пагібель людзей і жывёлы. І таксама ёсць адзін фрагмент у старазапаветнай Кнізе Быцця, які робіць учынак «даць піць сасмагламу» крытэрыем маральнай ацэнкі чалавека, таго, ці ён добры і справядлівы.

Апавяданне з Быц 24, 10-20 расказвае нам аб тым, як Абрагам выправіў свайго слугу на пошукі жонкі для свайго сына Ісаака. Слуга ж перад дарогай папрасіў на малітве Бога, каб Ён даў знак, якую дзяўчыну трэба выбраць на жонку для Ісаака. У выніку слуга выбраў тую, якая дала напіцца яму і напаіла яго вярблюдаў. Менавіта гэты ўчынак міласэрнасці засведчыў аб дабрыні Рэбэкі, якая пазней асаблівым чынам упісалася ў гісторыю збаўлення, стаўшыся прадаўжальніцай роду Абрагама.


У Новым Запавеце сустракаем поўныя надзеі словы Езуса Хрыста: «I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады як вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй» (Мц 10, 42).

Бачым, што з наталеннем смагі з матыву любові да бліжняга звязана абяцанне Божага Валадарства. Падчас Апошняга Суду Збаўца скажа тым, якія стаяць праваруч Яго, збаўленым: «Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я (...) прагнуў, і вы напаілі Мяне» (Мц 25, 34-35). А тыя, што акажуцца леваруч Яго, пачуюць наступныя словы: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д'яблу і анёлам ягоным. Бо Я (...) прагнуў, і вы не напаілі Мяне» (Мц 25, 41-42).

Нячуласць і незадавальненне гэтай базавай патрэбы чалавека будзе пакарана вечнымі мукамі. Бо «чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне» (Мц 25, 45). Хрыстус, атаясамляючы сябе з прагнучымі, робіць гэты ўчынак міласэрнасці як бы запаведдзю, за выкананне ці невыкананне якой Яго вызнаўца нясе адказнасць перад Ім самім.


Стараючыся зразумець сэнс выразу «напаіць сасмаглых», мы не можам затрымацца толькі над яго «гарызантальным» значэннем, інакш кажучы, не можам абмежавацца толькі заспакаеннем фізічнай смагі бліжняга. Так, сапраўды ў некаторых краінах свету, асабліва афрыканскіх, існуе вострая неабходнасць у пітной вадзе. Такім краінам аказваецца гуманітарная дапамога.

Аднак ёсць яшчэ адно, «вертыкальнае», вымярэнне гэтага ўчынку міласэрнасці. Чалавек, які жыве здалек ад Бога, падобны да сухой і бязводнай пустыні. Ён мае патрэбу ў Хрысце і Яго Добрую Навіне, якая дае ваду «на жыццё вечнае».

Калі мы сваім прыкладам і малітвай можам прывесці чалавека да Бога, тады мы даем яму «напіцца жывой вады». Хоць таксама, шчыра кажучы, мне было вельмі прыемна атрымаць кубак звычайнай, натуральнай вады ад вернікаў, да якіх я прыходзіў з душпастырскім візітам.

Адсюль мой заклік да сябе і кожнага: няхай ніхто з нас не дазволіць адчуць смагу цялесную і духоўную бліжнім, якія жывуць побач з намі. Няхай кожны з нас умее прыйсці на дапамогу тым, хто мае патрэбу ў жывой вадзе і нашым палымяным сэрцы.

Кс. Павел Эйсмант

Усе матэрыялы пра ўчынкі міласэрнасці тут >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа