Пошук

04.03.2016 00:00  

Зусім нядаўна пачаўся Надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці. Тады быў Адвэнт. Час ляціць хутка, ужо Вялікі пост, і Вялікдзень неўзабаве будзем урачыста адзначаць. Папа Францішак заахвочвае нас, хрысціян, нанова задумацца над учынкамі міласэрнасці дзеля абуджэння сумленняў на патрэбы бедных.

Разважанне над дзейснай міласэрнасцю таксама мае мэтаю дапамагчы нам усё глыбей уваходзіць у сэрца Евангелля, дзе ўбогія маюць прывілей Божай міласэрнасці (пар. Misericordiae Vultus).


Напрыканцы жыцця нас чакае суд з нашай любові – казаў святы Ян ад Крыжа. Дастаткова нескладана любіць думкамі, словамі, жаданнем. Чын міласэрнай любові часам вельмі шмат патрабуе. Асабліва калі неабходна праявіць любоў да кагосьці, каго не люблю. Такі чын патрабуе таксама адрачэння ад празмернай любові да самога сябе і прывязанасці да зямных дабротаў. Аднак і гэтага мала!

Пакуль не ўвайду ў логіку Евангелля, паводле якой кожны чалавек – Божае дзіця і мая сястра ці брат у Хрысце, не змагу праявіць праўдзівай любові і міласэрнасці.

Дзеля таго, каб па-сапраўднаму любіць, неабходна адкрыць тоеснасць хрысціяніна, які жыве ў Богу і з ласкі Ягонай. Трэба пастаянна яднацца з Хрыстом. Тады стануць простымі словы: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36).

Святы Павел вучыў, што любоў вышэй за ўсё (пар. 1 Кар 13, 1-13). Міласціна і дапамога бліжнім таксама патрабуе любові! Прыгожа і выразна казаў пра гэта святы Ян Павел ІІ у энцыкліцы Dives in Misericordia. Хтосьці можа дапамагчы беднаму з літасці, а нават з пагардай да яго, аднак без любові…  Нельга жа кінуць чалавеку штосьці, як сабаку (хоць, на жаль, ёсць людзі, якія да сабак ставяцца лепш, чым да бліжніх, нават да родных…).

Варта часам узгадаць і паразважаць над словамі святога Яна, які павучае, каб любіць не словам, але ўчынкамі (пар. 1 Ян 3, 18).

Ці ёсць сёння галодныя людзі побач са мною? Складана адназначна адказаць! Магчыма, іх не бачу, не хачу бачыць, бо часу занадта мала, каб іншымі займацца. Хай самі дбаюць пра сябе!.. Зрэшты, здаецца, што ў нашай краіне няма галодных… Аднак даю грошы на патрэбы «Карытас», кідаю свой лішак, а часам сапраўдную ахвяру, у касцёльную скарбонку для бедных – хай дапамогуць у далёкіх краінах!

Дзяцей суседа частую нечым смачным, адзінокім і састарэлым дапамагаю, хоць часам здаецца, што гэта не мая справа… Спакуса быць міласэрным і добрым толькі часткова або напаказ!

Божа, навучы ў гэты Вялікі пост шырэй расплюшчыць вочы, раскрыць сэрца і зразумець, што голад датычыць таксама пачуццяў, сардэчнасці, прабачэння, часу, блізкасці, а перадусім любові.

Ёсць вакол мяне галодныя, я маю магчымасць дапамагчы ім. Калі дапамагаю, тады я сам больш атрымліваю – каб жа зразумець гэтую логіку!

Дзякую Табе, Пане, што маю хлеба ўдосталь, што нівы маёй краіны ўрадлівыя, таму тым больш прашу, каб сэрца маё ніколі не скамянела і не стала памяшканнем злосці, эгаізму і пыхі.

Яшчэ адно! Хачу ўбачыць Цябе, Хрыстэ, у тых, хто галодны! Які Ты пакорны, што дазваляеш мне Табе даць есці і абяцаеш за гэта Нябеснае Валадарства (пар. Мц 25, 34-35)!

О, каб дадзена мне было ў небе разам з усімі маімі сёстрамі і братамі ў веры спытацца ў Езуса са здзіўленнем, аднак поўным радасці: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным? Няўжо ўсё, што мы зрабілі бліжняму, Табе ўчынілі? – Сапраўды так, бо гэта таямніца Божага Валадарства!

Мудры быў паэт кс. Ян Твардоўскі, які напісаў: Спяшаймася любіць людзей, так хутка адыходзяць…

А. Аркадзь Куляха OCD
Фота Яўгена Ерчака, TUT.BY

Усе матэрыялы пра ўчынкі міласэрнасці тут >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.