Пра свой шлях да Бога распавядае Дар'я Еўсікава. «Усе Божыя
патрабаванні, нават самыя цяжкія, незразумелыя і непрымальныя — служаць
для нашага шчасця!» — піша аўтар.
Я лічу гэты дар — веру — бадай самым каштоўным Божым дарам у маім жыцці. Страшна ўявіць, што было б са мною, калі б я сваё самастойнае жыццё пачала весці, «як усе».
Хадзіць у касцёл мы з мамай пачалі даволі позна, калі мне было ўжо больш за 12 гадоў. Напэўна, вера ў Хрыста так і засталася б для мяне проста сімвалам на залатым ланцужку, калі б не дзіўнае шанцаванне, якое мне спадарожнічала на школьных іспытах. Я тады чытала малітвы як заклінанні, і падзеі складваліся найлепшым для мяне чынам.
«Бог мяне чуе!» — гэта было сапраўды хвалюючае адкрыццё! Яму ёсць да мяне справа! Ён чуе ўсе мае, нават дробязныя, просьбы. І Ён ведае найлепшы выхад з любой сітуацыі. Я магу больш ніколі не хвалявацца дарма. Калі я сапраўды даверуся Яму.
Мне захацелася даведацца Яго волю. «Памятай дзень святы» — казаў катэхізіс. На той час мы ездзілі ў касцёл толькі па вялікіх святах. Цяпер мне прыйшлося ўвесці новую звычку. Гэта быў мой пачатак уласнага руху да Бога. Да гэтага часу мне здавалася, што верыць можна ўнутры сябе, а тыя, хто праяўляюць залішнюю пабожнасць, проста крывадушнічаюць, спрабуючы выглядаць лепш, чым з'яўляюцца на самой справе. Я думала: «Я не буду рабіць з сябе святошу!» Я не магла паверыць у тое, што людзі, якіх я ведала не з лепшага боку, сапраўды могуць кардынальна змяніцца, набліжаючыся да Бога.
Гэтыя маленькія ахвяры, такія, як рана заведзены будзільнік на нядзельную раніцу, былі маім спосабам выказаць Богу падзяку. Я рабіла адзін крок насустрэч, а Ён абсыпаў мяне яшчэ большымі дарамі...
Я зразумела, што я павінна больш даведацца пра Бога. І я пачала з жыццяпісаў святых. Гэта былі сапраўды захапляльныя гісторыі! Яны вучылі мяне цярпенню, любові, дараванню і... духоўнай і цялеснай чысціні. Захаванне апошняга стала для мяне пасля сур’ёзнай праверкай на вернасць Богу і Яго запаведзям!
І тады я зрабіла яшчэ адно адкрыццё: усе Божыя патрабаванні, нават самыя цяжкія, незразумелыя і непрымальныя — служаць для нашага шчасця! Як шмат памылак мне ўдалося пазбегнуць, дзякуючы гэтаму! Я атрымала за сваё цярпенне велізарную ўзнагароду — майго каханага мужа, якога Бог мне выпісаў ажно з казахскага стэпу.
Але і гэтага Богу было мала. Ён як добры стаматолаг — не выпусціць, пакуль не выкараніць усе цёмныя плямы на нашай рэпутацыі. Чым больш я даведвалася, тым мацней ёрзала маё сумленне, падштурхоўваючы мяне да пазбаўлення ад розных «кампрамісаў». Цяпер, азіраючыся назад, я разумею, што грахі не бываюць маленькімі, калі яны становяцца пастаяннымі. Гэтак жа як і не бывае хлусні «ў выратаванне».
Я адчуваю сябе дзіцём: я ў бяспецы, пакуль моцна трымаю Айца за руку. Я бачу, што Ён найбольш блізкі да мяне, калі мне балюча. І ўсе выпрабаванні служаць майму ўзрастанню.
«Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым» (Рым 8, 38-39).
Дар’я Еўсікава
l Падзяліцца сведчаннем сваёй веры, распавесці пра свой шлях да Бога можна, напісаўшы на info@catholic.by