Ці гэта дрэнна? Быць абыякавым, не клапаціцца, не турбавацца, не лезці. Розныя крыніцы мае гэтая пастава. Гэта можа быць і эгаізм, і альтруізм, бывае так, што чалавек працаваў, узбіраўся вышэй, быў гатовы да ахвяры, калі трэба было, але, не ўбачыўшы ў пэўныя моманты водгуку, кроку насупраць ці разам у адным напрамку, не атрымаўшы патрэбнай падтрымкі, ён апускае рукі, губляе ахвоту і не мае ўжо ні сілы, ні матывацыі штосьці рабіць далей.
Безумоўна, гэта дрэнна, і перадусім для самога гэтага чалавека, бо паціху знішчае яго, адбірае радасць жыцця, пазбаўляе яго магчымасці збіраць добры плён сваёй працы і напаўняе бессэнсоўнасцю. Гэта дрэнна і для наваколля, бо яно атрымлівае нейкае гнілое і каравае бервяно замест добрага дрэва, якое прыносіла б добры плён. Сэнсу з гэтага бервяна няма, як толькі парубіць на дровы, ды і то хіба лепш проста выкінуць. А вось добрае дрэва мае сапраўдную вартасць, яно прыносіць добры і карысны плён, яно можа быць сховішчам і для чалавека, і для птушкі, на яго прыемна паглядзець.
Абыякавасць можа быць паставай абароны, бо здаецца, што будзе прасцей, калі я буду проста пляваць на ўсё і ўсіх, што з часам, канешне, не спраўджваецца і прыносіць супраціўныя чаканням наступствы.
Так, яна можа быць чымсьці добрым, быць сігналам для наваколля, што ў жыцці чалавека, які толькі ўчора палаў энтузіязмам, а сёння згублены і абыякавы, нешта здарылася і яму патрэбна дапамога, падтрымка і часам нават новая матывацыя. Іншым пазітыўным момантам можа быць досвед, які чалавек атрымае пасля пераадолення гэта стану і «ажыўлення».
Пастава абыякавасці – часцей не вельмі правільная пастава. Безумоўна, не варта пастаянна перажываць за ўсё, але тут, як і з усім – трэба ведаць меру.
Эрнэст Мікалайчык