Пошук

24.02.2016 00:00  

Для чаго Касцёл сярод учынкаў міласэрнасці змяшчае той, які здаецца адначасова як цяжкім, так і абсурдным: зносіць цярпліва знявагу?

Чаму павінна служыць прыманне незаслужаных абразаў з боку крыўдзіцеляў? Каму гэта патрэбна? Ці не лепш было б адплачваць злом за зло, крыўдай за крыўду?

Перасцярогай, якая найчасцей выказваецца наконт гэтага ўчынку міласэрнасці, з’яўляецца тое, што такая пастава можа вельмі лёгка раздражніць і падбадзёрыць крыўдзіцеля. Здаецца, што крыўдзіцель ставіць на сваім, перамагае. Цярплівасць можа разумецца як бяссілле і страх перад агрэсарам. Натуральным чынам мы бунтуем супраць крыўды, і чалавечай справай з’яўляецца тое, каб устрымаць крыўдзіцеля помстай. Так адбываецца сярод язычнікаў. Хрысціяне, аднак, абіраюць больш цяжкі і доўгі шлях да перамогі, але і больш пэўны, указаны праз прыклад Езуса і напамін святога Паўла: “Не помсціце за сябе, умілаваныя, алe дайце месца Божаму гневу, бо напісана: “Мне помста, Я аддам”, – кажа Пан. Але, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі прагне, напаі яго, бо, так робячы, збярэш яму на галаву гарачае вуголле. Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром” (Рым 12, 19-21). Ім важна не адыграцца на абвінаваўцы, але знайсці яго для Бога.

Узорам міласэрнасці з’яўляецца пастава самога Езуса. З вялікай цярплівасцю Ён прымаў лёс, які падрыхтавалі Яму Яго ворагі. Ён не толькі казаў пра тое, каб браць крыж, прабачаць вінаватым, але канкрэтна так паступаў. Уявім такую сітуацыю, што Хрыстус замест таго, каб паміраць, прабачаючы – паміраў бы ў нянавісці да сваіх ворагаў і зласловіў на іх. Ці быў бы Ён тады маральным пераможцам зла? Ці маглі б мы казаць аб Яго поўным трыумфе над д’яблам? Таксама прыклад мучанікаў – тых, якія цярпліва зносілі крыўду, што наносілася ім з-за вернасці Хрысту, – паказвае, што сапраўдная перамога належыць тым, якія прабачаюць і цярпліва зносяць прыніжэнні і беды. У кароткачасовай перспектыве такая пастава здаецца слабасцю. Гледзячы, аднак, на тое, што адбываецца, з пераспектывы веры, мы бачым, што ў гэтым глыбокая мудрасць Бога, якая вынікае з самага сэрца Евангелля. Зло можна сапраўды перамагчы толькі тады, калі яно не паселіцца ў нашым сэрцы.

У нашым шэрым жыцці мы можам наследаваць Хрыста міласэрнага, “цярпліва зносячы знявагі”. Крыўды часта дробязныя і мала значаць; часамі сур’ёзныя, вялікія – як можа быць вялікай несправядлівасць, якая выражаецца праз чалавека. Трэба маліцца аб духу прабачэння і цярплівасці, калі чалавек сам не здольны здзейсніць такога вялікага ўчынку.

Якім чынам адказваць на крыўду? Не нервамі, не поўным нянавісці словам, жаданнем помсты, пошукам спосабу адыграцца, а маўчаннем і малітвай за тых, хто пераследуе. У мяне ёсць такі асабісты досвед наконт крыўдаў. Я ведаю, што не дастаткова адзін раз “дараваць”, трэба пастаянна тое, што напаткала мяне ад людзей – крыўды матэрыяльныя і духоўныя – аддаваць Пану Езусу Міласэрнаму перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. На такой адарацыі успамін пра крыўды не балючы. У кожнай жа іншай сітуацыі – так. Бо Пан Езус сказаў: “Любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас” (Мц 5, 44). Пакаранне і помсту будзем заўсёды пакідаць Богу, які ёсць Суддзя “жывых і памерлых”, і толькі Ён ведае найглыбей матывы нашага дзеяння. Нам не трэба займацца атрыманнем свайго любым коштам, бо можам тады страціць унутраны супакой і радасць. Пакінем Богу цяжкія сітуацыі і расплату. Будзем памятаць аб тым, што Ён сам уступіцца за пакрыўджаных, як заступіўся за свайго Сына Езуса.

Час Вялікага посту – асаблівы час, калі варта па меншай меры спрабаваць працягнуць руку тым, якія нас крыўдзяць і несправядліва абвінавачваюць.     

С. Елена Пляхімовіч CMN

Усе матэрыялы пра ўчынкі міласэрнасці тут >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.