Дзень Перамогі — важная дата. Але ці за пафаснымі святкаваннямі мы не забываемся чагосьці больш важнага: Таго і тых, пра каго абавязаны памятаць вечна, каб свет праз вякі больш ніколі не ўбачыў жудасцяў гэткіх?
У беларускай мове слова «вайна» — жаночага роду. Таксама, як «бяда», як «смерць»…
Якім чынам гэтыя абстрактныя паняцці, што адлюстроўваюць сумныя, балючыя рэаліі, набылі катэгорыю роду, які асацыюецца з «нявестай», «жонкай», «маці», «радзімай»?
Ці не праз тое гэта адбылося, што нашыя далёкія продкі ўвасабленнем жаночага пачатку лічылі зямлю, якая, прымаючы ў сябе насенне, нараджае жыццё, але ў якой таксама сканчвае свой шлях тое, што ўжо аджыло?
Маці-зямля, зямля-карміцелька — яна адначасова і сыра-зямля, магіла. Жыццядайную моц зямля набывае дзякуючы мужчынскаму пачатку — небу: дажджу, які яе поіць і напаўняе вільгаццю, і сонцу, якое яе саграе і асвятляе. Без дажджавой вады і сонечнага святла насенне ў зямлі не дасць плёну: яно згніе або высахне, памрэ і знікне без следу. У гэтых простых, кожнаму зразумелых вобразах адлюстравана вялікая праўда Жыцця.
Адзіным Валадаром жыцця з’яўляецца Бог, які дае жыццё ўсяму існаму. Божае слова — гэта слова жыцця:
«Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей» (Ян 1, 3–4).
У Пасхальную вігілію ў Святую ноч Уваскрасення Хрыста чытаюцца словы прарока Ісаі: «Падобна як дождж і снег падае з неба і туды не вяртаецца, але поіць зямлю і робіць яе ўрадлівай, і яна родзіць, і прыносіць плён сейбіту і хлеб для таго, хто есць, так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх, не вернецца да Мяне без плёну, пакуль не споўніць тое, што Я хацеў, і з поспехам дасягне таго, дзеля чаго Я паслаў яго» (Іс 55, 10–11).
Уся зямля — гэта вялікая ралля, у якую трапляе шмат рознага насення: і добрага, і шкоднага. «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў» (Мц 13, 24–25).
Душа чалавека — гэта таксама ралля, у якую трапляе зерне пшаніцы — Божае слова, і зерне каласоўніка — словы, якія пад выглядам дабра нясуць згубу.
Калі чалавек з дапамогаю Божай ласкі не будзе клапаціцца пра стан сваёй духоўнай раллі, яна зарасце пустазеллем заганаў і заглушыць парасткі цнотаў: «турботы свету, зман багацця ды іншыя жаданні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным» (Мк 4, 19).
Такім чынам, душа чалавека — гэта таксама поле бою паміж дабром і злом, паміж Богам і злым духам. Калі Бог дзейнічае як працавіты сейбіт, які цярпліва чакае плёну пасеянага зерня дабра, дык зло не грэбуе нічым, каб толькі не даць яму ўзысці і прынесці плод жыцця. Зло прагне згубы, знішчэння, смерці.
Каб знішчыць чалавека, зло імкнецца ім завалодаць, маніпуляваць ім. Калі Бог укладае ў сэрца чалавека насенне любові, спагады, салідарнасці і самаахвярнасці, дык зло рассявае ў сэрцах цярніну нянавісці, варожасці, зайздрасці і эгаізму. Імкнучыся падзяліць людзей, каб, паводле ўлюбёнага прынцыпу тыранаў divide et impera — «падзяляй і валадар» — падпарадкаваць іх сваёй знішчальнай моцы, насенне зла нараджае войны, забойствы, смерць…
Даўшы гэтаму зерню прарасці, Каін забівае свайго брата Абэля, і з гэтага братазабойства пачынае раскручвацца спіраль насілля: брат паўстае на брата, народ — на народ, валадарства — на валадарства, сусед — на суседа…
Гісторыя чалавецтва ператвараецца ў гісторыю войнаў.
Аднак хопіць метафараў. Звернемся да сумнай рэальнасці канфліктаў, што раздзіраюць чалавецтва. Заглушыўшы ў сабе голас сумлення, растаптаўшы маральныя прынцыпы і агульначалавечыя каштоўнасці, рознага кшталту ідэолагі і правакатары раздзьмухваюць у людзях полымя нянавісці адзін да аднаго, ствараючы з братоў, сяброў, суседзяў вобраз ворага.
Каб падзяліць людзей па прынцыпе «свой — чужы», выкарыстоўваецца ўсё: нацыянальнасць, палітычныя погляды, сацыяльнае становішча, маёмасны стан, рэлігійная прыналежнасць. Далей, гуляючы на незадаволенасцях людзей, якія заўсёды можна адшукаць ці стварыць, іх застаецца толькі нацкаваць адзін на аднаго. У выніку прадстаўнікі нейкай адной групы пачынаюць лічыць сваімі ворагамі прадстаўнікоў іншай групы і паміж імі ўзнікае канфлікт. Калі яго пачынаюць вырашаць з дапамогаю зброі, ён становіцца ўзброеным канфліктам, інакш кажучы — вайною.
Вайна — гэта вялікая бяда. Распачаўшыся з канфлікту паміж краінамі ці пэўнымі групамі, яна неадменна распаўсюджваецца на ўсе ўзроўні, усё больш паглыбляючы падзел паміж людзьмі, нават калі яны належаць да аднаго народа, адной сацыяльнай групы, аднаго веравызнання і нават адной сям’і.
Толькі так можна растлумачыць тое, пра што піша Васіль Быкаў у аповесці «Знак бяды»:
«Вайна, канешне, нікому не ў радасць, лічы — усім гора, але калі тое гора праз немца, чужынца якога, дык што ж тут і дзівіцца, гэта як мор — чума ці халера, тут на каго наракаць? Але калі гэтая чума праз сваіх, вясковых, тутэйшых людзей, вядомых усім да трэцяга калена, якія раптам перасталі быць тымі, кім былі ўсё жыццё, а зрабіліся нелюдзямі, звяр’ём, падуладным толькі гэтым набрыдам-немцам, тады як разумець тое?
Ці яны раптам ператварыліся ў звяр’ё і вытвараюць такое па чужым прымусе, прытаптаўшы ў сабе ўсё чалавечае, ці, можа, яны і не былі людзьмі, адно прытвараліся імі ўсе гады да вайны, якая разбудзіла ў іх звяруг».
Як жа нам самім не ператварыцца ў звяруг? Як не паддацца гэтай знішчальнай злой моцы, што падзяляе і забівае людзей? Як ніколі больш не дапусціць на нашую шматпакутную зямлю гэтую страшэнную бяду-навалу — вайну?
Для гэтага перш за ўсё варта памятаць: мір, супакой — гэта дар нябёсаў, які паходзіць ад усемагутнага Бога, нашага Найвышэйшага Айца. Для Яго мы ўсе — узлюбленыя дзеці, а перад Яго абліччам — браты і сёстры.
Усе мы — адна Божая сям’я: беларусы і прадстаўнікі іншых народаў, кансерватары і лібералы, кіраўнікі і падуладныя, бедныя і багатыя, католікі і праваслаўныя.
Ніхто не мае маральнага права супрацьпастаўляць нас адзін аднаму і такім чынам сеяць нянавісць, падбухторваць, нацкоўваць. Варта заўсёды захоўваць чуйнасць, каб пад покрывам цемры хтосьці несумленны пад выглядам дабра не пасеяў у нашых сэрцах каласоўніку крыўды і варожасці.
Дай жа Божа, каб сённяшняе і наступныя пакаленні нашых суайчыннікаў былі знаёмыя з вайною толькі па фільмах ды па бессмяротных творах нашых вялікіх класікаў Васіля Быкава, Алеся Адамовіча… Бо ў вайны не жаночае і не мужчынскае аблічча — у вайны нялюдскае аблічча.
***
Меркаванні, выказаныя ў аўтарскіх матэрыялах, не з’яўляюцца афіцыйным вучэннем Касцёла і могуць не адлюстроўваць пазіцыі ККББ па закранутых пытаннях.