Пошук

04.09.2024 14:32   Тэкст: Кангрэгацыя сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта / Фота: з архіву Кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

З нагоды святкавання 150-годдзя з часу заснавання Кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта сёстры назарэтанкі запрашаюць бліжэй пазнаёміцца з іх супольнасцю і яе незвычайнай гісторыяй, якой прысвечаны адмысловы каляндар на 2025 год.

Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай сям’і з Назарэта ў 1875 годзе ў Рыме заснавала Францішка Сядліская, сёння благаслаўлёная Марыя ад Пана Езуса Добрага Пастыра. Ужо тады яна заўважала патрэбу апостальства сярод cем’яў, а прыклад і ідэал знайшла ў Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Сёння сёстры назарэтанкі выконваюць місію ў чатырнаццаці краінах свету на пяці кантынентах, распаўсюджваючы валадарства Божай Любові праз штодзённую малітву, а таксама пакорнае, ахвярнае і дбайнае служэнне бліжнім.

Няпростае служэнне сясцёр на беларускай зямлі

Супольнасць сясцёр назарэтанак у Гродне з’явілася ў 1908 годзе, першай маці настаяцельніцай стала сястра Паўла Гажыч. Яна шмат рабіла не толькі для апостальства, але і для аднаўлення будынку кляштара і святыні.

Сёстры з самага пачатку стараліся быць блізкімі да мясцовых людзей.

Разам з імі перажывалі жахлівыя часы Першай і Другой сусветных войнаў, падзяляючы цяжкасці, балючы досвед і дапамагаючы, чым толькі маглі.

У міжваенны перыяд законніцы вялі школу, дзейнічаў таксама навіцыят, які рыхтаваў маладых сясцёр да законнага жыцця. Вартая ўвагі таксама дабрачынная дзейнасць сясцёр, за якую адна з іх атрымала папскую ўзнагароду — залаты крыж Bene merenti — «Асабліва заслужаным».

Ахвяра, якая была прынятая

У 1929 годзе сёстры назарэтанкі распачалі служэнне ў Навагрудку. Пачатак іх дзейнасці быў складаным, але сёстры не знеахвочваліся і ўдзельнічалі не толькі ў аднаўленні фарнага касцёла, але перадусім займаліся душпастырствам. У 1931 годзе яны заснавалі школу, а з павелічэннем колькасці вучняў ужо праз тры гады для яе спатрэбіўся новы, большы будынак.

На жаль, пасля распачацця Другой сусветнай вайны ў сясцёр забралі школу і кляштар. Законніцы жылі ў сем’ях, а сустракаліся ў будынку касцёла.

У 1943 годзе нацысцкія карнікі арыштавалі значную колькасць жыхароў Навагрудка. Маці з болем у сэрцы прасілі сясцёр аб малітве. Тады і нарадзілася думка: «Няхай лепш нас растраляюць… Будзем маліцца аб гэтым».

Бог прыняў іх ахвяру. Сясцёр выклікалі ў Гестапа і пасля ночы заключэння на досвітку іх вывезлі ў Батароўскі лес і там растралялі.

Засталася адна сястра Малгажата, якая шмат гадоў была ахоўніцай навагрудскай фары, а сёння з’яўляецца Слугой Божай.

У 1945 годзе целы назарэтанак перавезлі з магілы ў лесе і пахавалі побач са святыняй. Пасля распачацця беатыфікацыйнага працэсу рэліквіі былі перанеслі ў бакавую капліцу ў будынку касцёла. У 2000 годзе Папа Ян Павел II абвясціў сясцёр благаслаўлёнымі.

«Вы — найкаштоўнейшая спадчына кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, сясцёр назарэтанак. Вы — спадчына ўсяго Касцёла», — такія словы сказаў святы Ян Павел ІІ падчас беатыфікацыі назарэтанак, мучаніц, у Рыме 5 сакавіка 2000 года.

Каляндар да 150-годдзя кангрэгацыі

У 2025 годзе сёстры назарэтанкі будуць адзначаць 150-годдзе існавання іх кангрэгацыі.

З гэтай нагоды выдадзены адмысловы каляндар на 2025 год, які бліжэй пазнаёміць з дзейнасцю сясцёр назарэтанак у Беларусі.

На кожнай яго старонцы — абраз з беларускай святыні, звязанай з дзейнасцю сясцёр, і кароткае апісанне, а таксама натхняючыя словы благаслаўлёнай Францішкі Сядліскай, заснавальніцы супольнасці сясцёр назарэтанак. Усярэдзіне календара змешчаныя 4 невялічкія буклеты з гісторыяй сясцёр назарэтанак, поўнай веры і ахвярнай любові, а таксама назарэтанскія малітвы: Літанія да Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і Літанія да Благаслаўлёнай Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц, мучаніц з Навагрудка.

Набыць каляндар можна у інтэрнэт-краме Dobry-pastyr.by.

Вялікі плён любові

…Узіраючыся ў прыклад ахвярнай любові, жыцця і смерці адзінаццаці благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка, хочацца згадаць словы Езуса Хрыста з Евангелля паводле Яна: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (Ян 12, 24).

Гэтая ахвяра, поўная любові і веры, сапраўды прынесла багаты плён для нашай зямлі, які, можа, нам і цяжка адразу разгледзець, а да канца аб ім ведае толькі Пан Бог у сваёй прадбачнасці.

Але і сёння гэты плён, напэўна, узрастае на нашай бацькаўшчыне: у новых пакліканнях, навяртаннях да Бога, шчырых малітвах і перамененых лёсах, а таксама ў шматлікіх Божых благаслаўленнях для нашай беларускай зямлі.

Абноўлена 04.09.2024 14:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця