Пошук

24.10.2024 12:12   Паводле: Vatican News BY
Ілюстрацыйнае фота з асабістага архіву б-па Аляксандра Яшэўскага SDB

У Ватыкане ўступіла ў фінальную фазу праца дргой сесіі другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму: «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія».

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на пасяджэнні 22 кастрычніка ў Зале Паўла VI прысутнічалі 343 удзельнікі разам з Папам Францішкам. Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі і старшыня інфармацыйнай камісіі Паоло Руфіні паведаміў, што гэтыя дні прысвечаны распрацоўцы modi, або прапановаў па зменах у праекце вынтковага дакумента.

Сакратар сінадальнай інфармацыйнай камісіі Шэйла Пірэс падкрэсліла, што ўсе свабодныя выступленні былі засяроджаны на праекце Дакумента, які атрымаў высокую ацэнку за збалансаванасць, глыбіню і змястоўнасць.

Адзін з самых маладых удзельнікаў Сіноду звярнуўся да сінадальных айцоў і маці з хвалюючым заклікам:

«Калі ласка, не пакідайце моладзь збоку, але ідзіце разам з намі; мы хочам ісці разам з вамі». Гэты зварот стаў адным з самых эмацыянальных момантаў пасяджэння.

Удзельнікі таксама абмяркоўвалі ролю свецкіх вернікаў, нацыянальных канферэнцый біскупаў, святароў і прадстаўнікоў кансэкраванага жыцця. Асаблівая ўвага была нададзена малым хрысціянскім супольнасцям, якія з’яўляюцца важнай часткай Касцёла.

У зале Сіноду прагучаў заклік да Касцёла выказаць рашучае і яснае «не» вайне.

«Мы павінны працягваць прасіць і маліць аб спыненні гэтых канфліктаў, інакш не застанецца жывога чалавека, які змог бы прачытаць гэты Дакумент», — падкрэслілі ўдзельнікі.

Афрыканскі кардынал Фрыдалін Амбонга Бэсунгу, арцыбіскуп Кіншасы, падзяліўся досведам сваёй краіны. «Наш Касцёл да нядаўняга часу быў місіянерскім і павінен адаптавацца да сацыякультурнага кантэксту. Скліканне Сіноду стала для нас кайрасам — магчымасцю разам убачыць, як уявіць новы спосаб быць Касцёлам», — адзначыў афрыканскі іерарх.

Арцыбіскуп Эндру Нкеа Фуанья з Камеруна падкрэсліў значэнне афрыканскага ўнёску ў Сінод, асабліва праз базавыя супольнасці і катэхетаў. «Афрыка — гэта асаблівае месца для сінадальнасці, яна ўрадлівая», — адзначыў ён.

Біскуп Эсэна Франц-Ёзэф Овербэк прадставіў сітуацыю ў Германіі, дзе з 84-х мільёнаў жыхароў палова не мае рэлігійнай прыналежнасці, а другая палова амаль пароўну падзяляецца паміж католікамі і пратэстантамі, з прысутнасцю больш за 4-х мільёнаў мусульманаў.

Айцец Кларэнс Сандарарай Давэдасан з Малайзіі падкрэсліў, што ў большасці краін Азіі, за выключэннем Філіпін і Усходняга Тымора, католікі з’яўляюцца меншасцю. «Прастора для публічнага выяўлення веры, здаецца, становіцца ўсё меншай у многіх месцах, часткова з прычыны палітычнага і рэлігійнага экстрэмізму», — адзначыў ён.

На брыфінгу для журналістаў быў закрануты шырокі спектр пытанняў.

Біскуп Овербэк распавёў, як у яго дыяцэзіі жанчыны прамаўляюць казанні і праводзяць набажэнствы для дзяцей з прычыны моўных абмежаванняў святароў з іншых краін.

Арцыбіскуп Фуанья падзяліўся досведам Камеруна, дзе ў аддаленых раёнах жанчыны-катэхеты адказваюць за падрыхтоўку да сакрамэнтаў. Кардынал Амбонга Бэсунгу закрануў пытанне жаночага дыяканату, адзначыўшы неабходнасць удакладнення гэтай ролі ў касцёльным служэнні.

Журналісты таксама цікавіліся пытаннямі асобаў з адрознай сексуальнай арыентацыяй і культурнай разнастайнасці. Біскуп Овербэк адзначыў, што гэтыя тэмы патрабуюць далейшага дыялогу і ўдакладнення пазіцый з улікам розных культурных кантэкстаў.

Асаблівую цікавасць выклікала тэма магчымай беатыфікацыі караля бельгійцаў Балдуіна.

Кардынал Амбонга Бэсунгу выказаў адкрытую пазіцыю, падкрэсліўшы рэлігійнасць і мужнасць манарха, але таксама прызнаў наяўнасць «чорных плям» у яго біяграфіі, якія патрабуюць дадатковага вывучэння.

Выніковы дакумент Сіноду рыхтуецца на італьянскай мове як афіцыйнай, але будзе перакладзены на многія мовы, уключаючы ўкраінскую і кітайскую. Гэта рашэнне было асабліва станоўча ўспрынята двума кітайскімі біскупамі, якія прысутнічаюць на Сінодзе.

На наступны дзень, 23 кастрычніка на Сінодзе адбыліся выбары новых членаў Звычайнай рады Генеральнага сакратарыяту Сіноду. Яны будуць адыгрываць важную ролю ў рэалізацыі рашэнняў цяперашняга сінадальнага сходу і рыхтаваць наступную Асамблею.

Як зазначае Vatican News, Звычайная рада Генеральнага сакратарыяту Сіноду Біскупаў будзе складацца з сямнаццаці чалавек. Удзельнікі сходу выбралі дванаццаць членаў, якія паходзяць з розных геаграфічных абшараў. Сярод іх па адным прадстаўніку ад Усходніх Цэркваў і Акіяніі, і па два прадстаўнікі ад Паўночнай Амерыкі, Лацінскай Амерыкі, Еўропы, Афрыкі і Азіі.

Членам Рады ад Усходніх Цэркваў стаў старшыня Сіноду Мэльхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы Патрыярх Антыяхійскі Юсуф Абсі з Сірыі; ад Акіяніі — арцыбіскуп Перта Цімаці Джон Кастэла з Аўстраліі, ад Паўночнай Амерыкі — біскуп Браўнсвіла Даніэль Эрнэст Флорэс з ЗША і біскуп Валіфілда Алэн Фабэр з Канады; ад Лацінскай Амерыкі — арцыбіскуп Багаты кардынал Луіс Хасэ Руэда Апарысіа з Калумбіі і арцыбіскуп Маракайбы Хасэ Луіс Азуахэ Аяла з Венесуэлы; ад Еўропы — арцыбіскуп Марсэльскі кардынал Жан-Марк Авэлін з Францыі і арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас з Літвы; ад Афрыкі — арцыбіскуп Бангі кардынал Д’еданэ Нзапалаінга з Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі і арцыбіскуп Баменды Эндру Нкеа Фуанья з Камеруна; ад Азіі — арцыбіскуп Гоа і Дамана кардынал Філіпэ Нэры Антоніу Себасцьян ду Разарыу Фэран з Індыі і біскуп Калаакана кардынал-намінант Пабло Віргільё Сіёнгка Давід з Філіпін.

У склад групы будуць уключаны таксама чатыры члены, прызначаныя асабіста Святым Айцом, і кіраўнік дыкастэрыі Рымскай Курыі, у кампетэнцыі якой будзе тэма наступнага Сіноду.

Мэта Звычайнай рады Генеральнага сакратарыяту Сіноду Біскупаў заключаецца ў падрыхтоўцы наступнай Звычайнай асамблеі Сінода Біскупаў, разглядзе прапаноў, прынятых на Сінодзе, дапамозе ў іх рэалізацыі, а таксама ў вырашэнні іншых пытанняў, якія можа даручыць Пантыфік.

Члены Рады прыступяць да выканання сваіх абавязкаў пасля завяршэння Звычайнай асамблеі, на якой былі выбраныя.

Абноўлена 24.10.2024 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа