Дзень 4 лютага 2016 года ў Беларусі для ўсіх католікаў стаў днём удзячнасці за прыгожы дар манаскага жыцця. Ён таксама дае надзею, што заўсёды ў нашай краіне будуць такія асобы, якія пачуюць запрашэнне Бога і так, як Марыя, скажуць Яму сваё FIAT, гэта значыць «так» — я пайду за Табой.
Дар і таямніца
Другі Ватыканскі Сабор кажа, што кансэкраваныя асобы знаходзяцца ў сэрцы Касцёла і сёння ў сучасным свеце застаецца актуальным запрашэнне Езуса быць манахіняй і манахам.
Святы Папа Ян Павел II запрашэнне пайсці за Хрыстом назваў дарам і таямніцай. Папа зазначае, што кожнае пакліканне з’яўляецца дарам.
А дар — гэта штосьці, за што не плацяць, ён прапануецца без аплаты, як падарунак. І пакліканне з’яўляецца сапраўдным падарункам Бога для асобы і асяроддзя, у якім гэты чалавек прабывае.
Менавіта гэтая асоба, якая распазнае ў сваім сэрцы бясцэнны дар паклікання — як згода на гэтае запрашэнне — радыкальна змяняе сваё жыцце і прысвячае яго вернаму служэнню справам Хрыста.
Чаму гэта дар? Бо менавіта Бог з’яўляецца першым у гэтым дыялогу, які запрашае да непаўторных, таямнічых адносінаў любові, у якіх Пан, удзяляючы сябе, становіцца сапраўдным падарункам для пакліканай асобы і чакае адказу на запрашэнне прысвяціць Яму сваё непаўторнае жыццё.
Пакліканне з’яўляецца таямніцай, бо немагчыма выказаць у словах усе колеры дыялогу душы і абставіны, у якіх адбываецца пакліканне.
Гэта Ён, Езус, у душы чалавека стварае атмасферу непаўторных адносін, дзякуючы якой малады хлопец, маладая дзяўчына прымае радыкальнае рашэнне поўнасцю, без рэшты аддацца Богу і пайсці за запрашэннем Яго невыказнай любові.
Гэтаму заўсёды спадарожнічае захапленне Божай любоўю, дабрынёй, справядлівасцю і ахвота наследваць гэтую дасканаласць.
Габіт і супольнасць
Бачным знакам адказу на гэтае запрашэнне з’яўляецца манаская вопратка, габіт, сутана. Гэты знешні знак звяртае ўвагу на тое, што асоба пачула і распазнала запрашэнне Езуса пайсці за Ім і прыняла гэтае запрашэнне. Для нас, веруючых беларусаў, знак прысутнасці кансэкраваных асобаў, якія паходзяць з нашай роднай беларускай зямлі, з’яўляецца вялікай радасцю.
Гэта азначае, што Бог упадабаў людзей гэтай зямлі, нашай роднай краіны, бо менавіта сярод нашага народа Ён кліча маладых людзей да адважнага кроку пайсці за Ім, каб быць бачным знакам Яго прысутнасці сярод нас.
Кансэкраваныя асобы, манахі і манахіні жывуць у супольнасцях. Гэта адзін з важных элементаў кансэкраванага і манаскага жыцця. Супольнасць, якую яднае адно прагненне — наследваць Хрыста згодна з Яго запрашэннем.
Кожная манаская супольнасць мае свой лейтматыў, які надае кірунак у рэалізацыі паклікання. Гэтыя супольнасці паўставалі на розных часовых адрэзках, а таксама пры розным гістарычным клімаце. Заснавальнікі манаскіх супольнасцяў успрымалі запрашэнне Бога ў кантэксце рознай гістарычнай патрэбы і намагаліся сваім жыццём і ўчынкамі накіраваць людзей на Божыя справы, ад якіх нярэдка многія адыходзілі. Станавіліся знакам прысутнасці Бога ў канкрэтным асяроддзі.
Паколькі манахіні і манахі выконваюць разнастайную працу ў Касцёле і сваім, непаўторным спосабам сведчаць аб прысутнасці Бога ў свеце — іх часта параўноўваюць з садам, дзе знаходзяцца прыгожыя ружы і незаўважныя «незабудкі» — некранутыя ў сваёй чысціні ліліі і фіялкі, якія распаўсюджваюць свой непаўторны далікатны водар.
У сэрцы Касцёла
Чаму кансэкраваныя асобы знаходзяцца ў сэрцы Касцёла? Бо, з’яднаўшыся з Езусам повязямі любові, яны гатовыя дарэшты прысвячаць сваё жыццё Богу і бліжняму, служачы разнастайным служэнням у Каталіцкім Касцёле.
Гэта менавіта яны непаўторным спосабам робяць любоў Езуса на зямлі актуальнай: схіляюцца ў службе для бедных, падтрымліваюць словамі надзеі паміраючых, вучаць дзяцей, моладзь і старэйшых Божым праўдам, чыняць гэта словам і ўласным прыкладам, а таксама выконваюць гэту паслугу вельмі часта ў глыбокай пакоры і з адданасцю, і ўсё гэта робяць таму, што іх палюбіў Езус Хрыстус, які першы выйшаў з запрашэннем любові.
Ці можа такое пакліканне быць сумным? Калі амаль кожны дзень сустракаеш Божы дотык любові, то такое пакліканне дае шмат сілы і надзеі. Менавіта гэта становіцца крыніцай радасці для кожнай кансэкраванай асобы і нават складаныя моманты можа ператварыць у радасць.
Натхненне служыць з адданасцю іншым кансэкраваныя асобы чэрпаюць з непаўторнай сустрэчы з Богам. І менавіта гэтая таямніца іх глыбокай еднасці з Богам кіруе позірк усіх нас на рэчы нябачныя, аб якіх кажа ў Евангеллі Хрыстус і якія чакаючь кожнага — вечнае жыццё ў будычыні з Богам. Кансэкраваныя асобы тут, на зямлі, з’яўляюцца прыкладам такога жыцця, у якім, вольныя ад прывязанасці да матэрыяльных рэчаў, за мэту свайго жыцця ставяць любоў да Бога і бліжняга.
У сучасным свеце, дзе для многіх людзей Бог не існуе, для манахаў і манахінь Ён больш рэальны, чым розныя матэрыяльныя рэчы, да якіх можна дакрануцца, узважыць, памерыць… І менавіта таму, што шмат людзей у нашай краіне жыве так, як бы Бога не было, мы сёння маем патрэбу ў знаку Яго прысутнасці. Хто будзе Ягоным знакам? Асобы кансэкраваныя, якія хочуць Яго наследваць і гэта чыняць.
Прыгода на ўсё жыццё
Адкуль манахі і манахіні бяруць сілы, каб сведчыць пра любоў Бога? З Божага слова, асабістай з Ім сустрэчы ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, асабістай і супольнай малітвы, манаскай супольнасці.
Сёння Хрыстус патрабуе тых, хто будзе знакам Яго прысутнасці ў свеце. Ён патрабуе маладых, ахвотных радыкальна пайсці за Ім людзей. Калі ты ў сваім сэрцы адчуваеш гэтае прагненне пайсці за Ім, калі ты ў сваім сэрцы адчуваеш запрашэнне Езуса прысвяціць Яму сваё непаўторнае жыццё — не бойся Яму сказаць ТАК!
І поўнасцю пайсці за Ім. Крочыць за Ім — гэта сапраўдная прыгода, якая не заўсёды бывае лёгкай, але якая заўсёды дае глыбокае перакананне, што ніхто не зможа ў цябе адабраць гэты скарб. Бо скарбам з’яўляецца Ён, Езус Хрыстус.
Для многіх людзей, якія не вераць у Хрыста, кансэкраванае жыццё дзіўнае і цяжкае для разумення, аднак для глыбока веруючых — гэта вялікі дар Бога.
Сваім стылем жыцця кансэкраваныя асобы намагаюцца наследваць Хрыста, і праз іх дзеянне мы можам крыху візуальна ўбачыць, які ёсць Бог, бо ў кожнай асобе, адданай Езусу, хоць і недасканала, але будуць адлюстроўвацца якасці, якія ёсць у Хрыста і якія наследуюць і кансэкраваныя асобы.