Прысутнасць Касцёла ў беларускіх СМІ — хрысціянскае сведчанне ці клаўнада? Цэнзура — гэта залішні інфармацыйны фільтр або важны інструмент для абароны непадрыхтаванай аўдыторыі? Ці адпавядае падыход да СМІ ў Касцёле ў Беларусі мадэлі сацыяльнай камунікацыі згодна з вучэннем Касцёла і Папы? Гэтыя і іншыя пытанні закранае кіраўнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандр Амяльчэня.
Паўналецце або сталасць?
Адносіны Каталіцкага Касцёла і СМІ ў Беларусі развіваюцца больш за 20 гадоў: яны пачалі складвацца ў пачатку 90-х гг. — пасля распаду Савецкага Саюза, падзення атэістычнага рэжыму і адраджэння Касцёла, які як «новы стары» сацыяльны інстытут павінен быў вучыцца кантактаваць са СМІ і асвойваць медыйную прастору. У адрозненне ад постсавецкіх краін, у Еўропе да гэтага часу (90-я гг.) адносіны Каталіцкага Касцёла са СМІ ў цэлым сфармаваліся. Інфармацыйная стратэгія была выпрацавана пасля Другога Ватыканскага Сабору. Абвешчанае абнаўленне («Aggiornamento») закранула ў першую чаргу сферу камунікацыі. Гэтая цалкам новая мадэль знайшла адбітак у дэкрэце «Inter mirifica», пастырскай інструкцыі «Communio et progressio» (1971 г.), а затым у інструкцыі «Aetatis novae» (1992 г.). У 1989 годзе ў Ватыкане была створана Папская рада па сацыяльнай камунікацыі. Касцёл зрабіў значны крок насустрач СМІ, прыняўшы рэвалюцыю ў камунікацыі і яе тэхнічную навінку — інтэрнэт. Разам з тым ён не перастаў звяртаць увагу паствы і грамадства на негатыўны ўплыў СМІ і заклікаць да крытычнага і разумнага іх успрыняцця.
У дасаборны перыяд сацыяльная камунікацыя Каталіцкага Касцёла была заснавана галоўным чынам на вертыкальнай сістэме камунікацый: выкарыстанні аўтарытэту Папы і жорсткім адсячэнні ўсяго, што не адпавядала вучэнню і афіцыйнай пазіцыі Касцёла. Пасля Другога Ватыканскага Сабору дыялог Касцёла і СМІ стаў аксіёмай, імператывам, неабходным знакам часу, які, на жаль, да гэтай пары не прачытаны ва Усходняй Еўропе, бо па ўсіх прыкметах камунікатыўная стратэгія Каталіцкага Касцёла ва Усходняй Еўропе ў цэлым і ў Беларусі ў прыватнасці заснавана на дасаборнай мадэлі, таму што дэманструе наступныя характарыстыкі: аднабаковая камунікацыя, якая будуецца зверху ўніз па іерархіі, дзе суб’ект (які прамаўляе, г.зн. Каталіцкі Касцёл) — актыўны, а аб’ект (атрымальнік, г.зн. СМІ і іх аўдыторыя) — пасіўны. Відавочна, што і праз два дзесяцігоддзі гэтыя адносіны не пераадолелі пачатковага стану.
Не ў час лыжка на абедзе...
Пасада адказнага за сувязі са СМІ пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і афіцыйны сайт Каталіцкага Касцёла catholic.by — два інструменты, пры дапамозе якіх і адбываецца ўзаемадзеянне Каталіцкага Касцёла з беларускімі СМІ. У большасці выпадкаў менавіта прадстаўнікі Касцёла першымі выходзяць з ініцыятывай асвяціць падзею касцёльнага жыцця. Выпадкі, калі свецкія журналісты праяўляюць цікавасць самі, можна падзяліць на дзве групы. Па-першае, гэта час галоўных касцёльных святаў (да іх можна аднесці каля 90% зваротаў) — пераважна гэта артыкулы-рэпартажы ў дні святкавання Божага Нараджэння і Вялікадня. На жаль, такім чынам у Беларусі ствараецца і доўгія гады падтрымліваецца «абрадна-фальклорны імідж» Касцёла, а значыць скажоны вобраз хрысціян як грамадства «дзіўных» людзей, у якіх ёсць свае ўрачыстасці, але якія жывуць сваім — асобным ад грамадства — жыццём. Па-другое, прадстаўнікоў каталіцкага духавенства «модна» запрашаць для абмеркавання грамадска значных пытанняў на ток-шоў, на круглыя сталы прэс-цэнтраў, дыскусіі ў электронных медыя. Гэта, напрыклад, праблема абортаў і папраўкі ў закон «Аб ахове здароўя», хоць абмеркаваннем гэта можна назваць умоўна. Так, Касцёл атрымлівае магчымасць агучыць сваю пазіцыю, але СМІ прадстаўляюць яе не як нормы, духоўны закон, меркаванне веруючых — а значыць часткі грамадзян Беларусі, — але нярэдка ўсяго толькі як альтэрнатыўны погляд традыцыйнага рэлігійнага інстытута.
На жаль, часам хрысціянскае сведчанне ператвараецца ў клаўнаду або прысутнасць дзеля разнастайнасці. Аўдыторыя не практыкуючая ў веры ў гэтым выпадку ўспрымае інфармацыю як тэорыю, магчыма, і правільную, але ніяк не прыдатную для рэалій сучаснасці. Католікі ж займаюць пазіцыю пакоры, а не актыўнасці хрысціяніна. Католікі дзейнічаюць рэактыўна, працуючы постфактум у межах складзенага парадку дня, у той час як павінны дзейнічаць праактыўна, удзельнічаць у фарміраванні парадку дня, прадстаўляць у публічнай сферы і актыўна абараняць сваю пазіцыю па сацыяльна значных праблемах: аборты, смяротнае пакаранне, сям’я, шлюб, эўтаназія і іншае.
Аднак да гэтага часу евангелізацыя, катэхізацыя, інфармацыйны абмен унутры і па-за Касцёлам, абмеркаванне сацыяльных праблем з хрысціянскага пункту гледжання ў СМІ праходзяць маналагічна, у той час як гэта ўсё — прынцыпова дыялагічныя працэсы. У ідэале ж Каталіцкі Касцёл і СМІ павінны імкнуцца да стварэння ў аўдыторыі актыўнага суб’екта, які думае, разважае, які можа і хоча ўдзельнічаць у камунікацыі, які з разуменнем і спачуваннем ставіцца да праблемаў Касцёла, мае права іх ведаць і абмяркоўваць, каб садзейнічаць іх вырашэнню дзеля дабра грамадства. Гэта магчыма толькі ў двухбаковай камунікацыі, не толькі вертыкальнай, але і гарызантальнай. Пакуль жа гэта можна назіраць толькі ў так званым хрысціянскім журналісцкім «гета» — у асяроддзі свецкіх журналістаў, якія працуюць у каталіцкіх СМІ або пішуць на рэлігійную тэматыку.
Праз ружовыя акуляры
Што датычыць матэрыялаў з негатыўным адценнем, то, у адрозненне ад Заходняй Еўропы, дзе адбылася ракіроўка ва ўзаемаадносінах, калі Каталіцкі Касцёл усё часцей вымушаны абараняцца ад нападак СМІ, якіх цікавіць усё, што звязана са скандаламі, у Беларусі крытычныя матэрыялы сустракаюцца рэдка. Гэта таксама звязана з адносінамі са СМІ, таму што большая частка інфармацыйнай прасторы належыць дзяржаўным медыя — тэлебачанню, друку. Цікава, што непасрэднай забароны на крытыку Касцёла няма, але, нібыта, у такім тоне пісаць не прынята. Ёсць афіцыйная пазіцыя пра свабоду рэлігіі, міжканфесійны мір, дыялог Касцёла і дзяржавы, якой проста ўсе негалосна прытрымліваюцца.
Разам з тым так званыя «апазіцыйныя» СМІ нярэдка закранаюць унутрыкасцёльныя праблемы. Напрыклад, з году ў год яны мусіруюць тэму святароў-замежнікаў і прадоўжання або непрадоўжання ім візаў; у 2013–2014 гг. — выпадак з арыштам святара Уладзіслава Лазара. Гэтыя тэмы і каментары прадстаўнікоў епіскапату да іх хоць і выклікаюць рэзананс, але выкарыстоўваюцца хутчэй як лішняя нагода для крытыкі ўладаў. Такім чынам, маніпуляцыя Каталіцкім Касцёлам у сваіх інтарэсах з абодвух бакоў — агульнавядомы факт.
Бізун і пернік
Яшчэ адной з’явай, пра якую варта сказаць у гэтым кантэксце, з’яўляецца цэнзура. Што ж такое цэнзура? Залішні інфармацыйны «фільтр», які перашкаджае аб’ектыўнаму паказу рэальнасці, або важны інструмент для абароны непадрыхтаванай аўдыторыі ад той інфармацыі, якая можа нанесці шкоду душам? Колькі б ні казалі пра свабоду слова ў той ці іншай дзяржаве, у тым ці іншым выданні (касцёльным або свецкім), нават пры адсутнасці «малоху цэнзуры», аказваецца, што ёсць нюансы, негалосныя нормы і маральныя меркаванні, якія не даюць паўнавартасна выказацца. І зусім не абавязкова, каб усе гэтыя перашкоды на шляху ў журналіста былі недзе афіцыйна прапісаны і замацаваны подпісам. Часта яны — у падсвядомасці.
Самацэнзура ў свецкіх медыя звязана з касцёльна-дзяржаўнымі адносінамі, у якіх дзяржава ў якасці «старэйшага брата» паблажліва дазваляе з сабою «сябраваць» і «супрацоўнічаць». Ствараючы пазітыўны вобраз краіны, выгадна прытрымлівацца станоўчага вобразу Касцёла. У журналісцкай сферы ў сувязі з гэтым скандалы і негатыў у Касцёле шукаць не прынята.
Зноў жа, хоць і не існуе такіх выразных правіл і афіцыйных установак, але ўсе прытрымліваюцца «генеральнай лініі».
Як правіла, функцыі кантролю і выпраўлення «памылак» выконвае галоўны рэдактар і вышэйшае кіраўніцтва, гэта значыць заснавальнік. У касцёльных СМІ справы складваюцца па такой жа схеме. Некаторыя нават сцвярджаюць, што паміж касцёльнай і дзяржаўнай цэнзурай можна ставіць знак роўнасці. Заснавальнікамі СМІ Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з’яўляюцца дыяцэзіі або, радзей, парафіі. Адпаведна, функцыі кантролю выконвае галоўны рэдактар (дырэктар) газеты, выдавецтва, сайта; над ім — пробашч парафіі, біскуп, а вышэй — кіруючы іерарх. У ідэале біскупы, давяраючы прафесіяналізму медыйных экспертаў, павінны толькі зацвярджаць распрацаваныя імі стратэгічныя рашэнні, але ў рэальнасці гэтага не адбываецца. Па-першае, з-за нейкага недаверу, які існуе паміж кіруючым духавенствам і каталіцкімі медыя-спецыялістамі. Па-другое, з-за ўласнага бачання іерархамі працы і задач таго ці іншага СМІ, а значыць, і кіраўніцтва ў тым ці іншым кірунку.
У той жа час духоўная цэнзура ў каталіцкіх СМІ павінна больш быць падобнай да духоўнага апякунства, дзе галоўнае — клопат пра карысць для душаў у тэкстах, якія публікуюцца журналістамі, але ніяк не кантроль па дробязях, у прыватнасці, умяшальніцтва ў прафесійныя аспекты дзейнасці журналістаў. Усе пытанні можна вырашаць у канструктыўным ключы шляхам абмеркавання і прыняцця агульнага рашэння. Давер і дыялог — вось два важныя інструменты ў зносінах духоўных уладаў з каталіцкімі журналістамі. Кожная забарона на публікацыю або абмеркаванне тэмы павінна быць аргументавана з імкненнем зразумець аргументы іншага боку.
Ідэальная мадэль узаемадзеяння рэдакцыйнага калектыву прафесіяналаў (журналістаў) і касцёльнага кансультанта (цэнзара) мае на ўвазе, з аднаго боку, творчую свабоду пошуку інфармацыі, вёрсткі, дызайну і мантажу і, з другога боку, выключную ўладу, права «вета» цэнзара ў выпадках, калі ён лічыць, што прапанаваны для публікацыі матэрыял не карысны для душы і нават можа нанесці шкоду аўдыторыі. Спрэчныя сітуацыі, якія непазбежна ўзнікаюць у любых рэдакцыйных калектывах, лепш за ўсё вырашаць шляхам дыялогу або ў больш шырокім коле мудрых людзей — як духоўных асобаў, так і журналістаў.
На жаль, вопыт апошніх 20 гадоў паказвае, што права «вета» выкарыстоўваецца без аргументацыі і абмеркавання, да таго ж у разрад «некарысных для душы» якраз трапляюць найбольш вострыя праблемы, якія патрабуюць абмеркавання дзеля дабра Касцёла. Яны, па волі касцёльных уладаў, замоўчваюцца ў каталіцкіх СМІ і ў той жа час выліваюцца ў скандальнай форме ў свецкіх медыя. На гэта даводзіцца рэагаваць — ужо ў форме апраўдання, хоць можна было б прадухіліць такія публікацыі дыскусіяй у каталіцкіх СМІ дзеля агульнага дабра. Няспынная апека, умяшальніцтва духоўных асобаў у выключна прафесійныя журналісцкія пытанні, так званая «гіперцэнзура» — усё гэта падаўляе творчую ініцыятыву і актыўнасць, у рэшце рэшт, нараджае ў супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ самацэнзуру. Боязь вымовы з боку біскупа, а магчыма, і пакарання з боку галоўнага рэдактара, выпрацоўвае ў каталіцкіх журналістаў устойлівае пачуццё абыякавасці да вострых і праблемных тэм, да якасці напісання матэрыяла, яго «крэатыўнасці», якая, аказваецца, нікому не патрэбна і пазней трактуецца як вольнасць і няведанне тэмы. Самацэнзура супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ чыніць значна больш беднай змястоўную палітру, канструктыўнасць і эфектыўнасць нашых медыя, публікацыі якіх становяцца аднастайнымі, неглыбокімі і нецікавымі аўдыторыі.
Не замест, а разам
Калі ўнутранай цэнзуры ў каталіцкіх СМІ больш чым дастаткова, то пра касцёльную цэнзуру ў адносінах са свецкімі СМІ ў Беларусі нават не задумваюцца. Касцёльная цэнзура можа разглядацца ў двух варыянтах: 1) як маніторынг усёй інфармацыйнай прасторы і адсячэнне матэрыялаў, якія прапагандуюць стыль жыцця, несумяшчальны з веравучэннем Каталіцкага Касцёла; 2) пошук публікацый пра Каталіцкі Касцёл і ўвогуле пра рэлігійнае жыццё з мэтай зрабіць іх як мага больш якаснымі, бо задача Каталіцкага Касцёла — не толькі акрэсліць сваю прысутнасць у грамадстве праз СМІ, але і здзяйсняць сваю місію з дапамогай СМІ. Калі першы варыянт многім можа падацца ўтопіяй, то другі — цалкам рэальны.
Для гэтага неабходна больш руплівая праца над матэрыялам да яго публікацыі або выхаду ў эфір. Кожны (адказны за сувязі са СМІ, спікер ток-шоў, героі артыкула — ці то духавенства або асоба, якая нейкім чынам прадстаўляе інтарэсы, пазіцыю або дзейнасць Касцёла) можа ўнесці сваю лепту, каб матэрыял быў якасным: папрасіць пытанні для інтэрв’ю загадзя, адрэдагаваць іх і падрыхтаваць адказы, азнаёміцца з тэмай праграмы, абмеркаваць танальнасць і накіраванасць матэрыяла, нарэшце, азнаёміцца з тэкстам да яго публікацыі. Тут «цэнзар» можа выступіць у якасці карэктара або нават інструктара: можна выправіць відавочныя журналісцкія «ляпы», спецыфічную тэрміналогію, указаць на недахопы і недакладнасці, няправільнае тлумачэнне. Такім чынам, не толькі якасць матэрыяла будзе лепшай, але і журналіст пашырыць свае веды ў рэлігійнай тэме. Тады місія і катэхізацыя — гэтыя дзве асноўныя задачы Касцёла — будуць выкананы хаця б у адным, асобна ўзятым выпадку.
Ніводны грамадскі інстытут не мае такой яскравай гатоўнасці да зносін, як Касцёл. Трэба прызнаць, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі за гады адраджэння сфарміраваў свой станоўчы вобраз (гэта датычыць і адносінаў са СМІ) як больш адкрыты на зносіны, мабільны і моладзевы, у адрозненне, напрыклад, ад Праваслаўнай Царквы. Аднак у збудаванні выразнай і правільнай камунікацыйнай стратэгіі нас яшчэ чакае доўгі шлях.
Спрадвечныя пытанні: хто вінаваты і што рабіць?
Галоўная праблема падыходу да СМІ ў Касцёле ў Беларусі — неадпаведнасць мадэлі сацыяльнай камунікацыі вучэнню Касцёла і Папы. Па-першае, мы не да канца ўяўляем мэтавую аўдыторыю таго ці іншага СМІ, а значыць тых, для каго і з якой мэтай мы прамаўляем. Атрымліваецца, што часам размаўляем самі з сабою. Па-другое, трэба прызнаць некампетэнтнасць біскупаў і святароў у галіне мас-медыя: калі інтэрв’ю, то ў большасці выпадкаў — казанне і маралізатарства. Сярод святароў мала спікераў, здольных весці дыялог, адказваць на выпады, казаць на зразумелай мове не толькі для католікаў, але і для ўсіх. Па-трэцяе, будаванне ўзаемаадносін са СМІ — гэта часта не праца, а заданне, навязанае настаяцелямі. Значыць, адсутнічае асабістая, прафесійная, нават матэрыяльная матывацыя. Чацвёртае — неканкурэнтаздольнасць і непапулярнасць каталіцкіх СМІ, якія маглі б ствараць хрысціянскую глебу для абмеркавання праблемаў у калякасцёльнай сферы або стаць пляцоўкай для дыялогу паміж духавенствам і журналістамі, надаючы ўвагу і катэхізацыі апошніх.
Нягледзячы на адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і павелічэнне колькасці вернікаў, у грамадстве ўсё яшчэ адсутнічаюць выразныя хрысціянскія арыенціры і каталіцкі дыскурс — меркаванні і пазіцыя веруючых і духавенства, якія маюць агульны пасыл і стратэгічную камунікатыўную ўстаноўку. Будаваць новыя падыходы адносінаў са СМІ трэба зверху ўніз — ад «кіраўнікоў» да «радавых». Неабходна стварыць умовы для таго, каб усе католікі, пачынаючы ад біскупа, адкрылі для сябе велізарнае багацце магчымасцяў камунікацыі для прапаведавання хрысціянства праз СМІ. Трэба разумець, што павярхоўных ведаў журналісцкай тэрміналогіі і ўмення трымаць сябе перад камерай мала. Кожны крок павінен быць абдуманы, а слова — узважана, каб не пакінуць шанцаў на вырыванне з кантэксту, парафраз і двухсэнсоўнасць.
Стратэгічныя рашэнні павінны распрацоўваць эксперты, а біскупы, давяраючы прафесіяналізму, зацвярджаць іх (дарэчы, ва ўмовах Беларусі можна казаць пра недавер, які існуе на лініі духавенства — каталіцкія медыя-спецыялісты). Больш за тое, неабходная духоўная цэнзура ў касцёльных СМІ павінна мець свае межы, клапаціцца пра карыснасць тэкстаў для душы, без умяшальніцтва пры гэтым у прафесійныя аспекты дзейнасці журналістаў і кантролю па дробязях. Давер і дыялог — вось два важныя інструменты ў зносінах духоўных уладаў з каталіцкімі журналістамі. Кожная забарона на публікацыю ці абмеркаванне тэмы павінна быць аргументавана з імкненнем зразумець аргументы іншага боку.
У сферы ўзаемадзеяння са свецкімі СМІ, як і ў каталіцкіх СМІ, павінны працаваць прафесіяналы — і свецкія, і святары. На дадзеным этапе гэта ўтопія. Таму, на маю думку, адным з эфектыўных спосабаў можа стаць заклік да таленавітых журналістаў-католікаў ісці працаваць у свецкія СМІ і пашыраць там прастору прапаведавання хрысціянскіх каштоўнасцяў і абмеркавання вострых праблемаў з хрысціянскага пункту гледжання. Такое прафесійнае «місіянерства» сярод свецкіх журналістаў было б вельмі карысным для стварэння пазітыўнага вобразу Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
У любым выпадку, абодвум бакам трэба зразумець, што журналістыка можа быць служэннем: місіянерскім, хрысціянскім, канфесійным. І для таго, каб яна такою стала, патрэбны намаганні і Касцёла, і СМІ. У нас шмат біскупаў, святароў і свецкіх, якім ёсць што сказаць грамадству. Касцёлу трэба пераадолець «медыяфобію», боязь СМІ ў цэлым і журналістаў у прыватнасці, не разглядаць медыя як крыніцу зла і заўсёды памятаць пра іх дабраякасную прыроду. Духавенства павінна ўспрымаць зносіны з журналістамі не як даніну модзе, а як частку хрысціянскага служэння. І тады журналісты зразумеюць, што няправільна думаць пра Касцёл як апрыёры закрыты або як пра інстытут, які заўсёды нешта ўтойвае.
Размова сляпога з глухім
Многія са святароў лічаць, што нічога новага сказаць сучаснай аўдыторыі не могуць — пра ўсё напісана, цытатамі са Святога Пісання ўжо мала каго здзівіш, і лепш часам маўчаць, чым гаварыць з тымі, каго, на першы погляд, не пераканаеш. Многія журналісты ўпэўнены ў тым, што наперад ведаюць, што можа сказаць Касцёл. Але ж на самой справе яны нават не спыталі! Гэта дзве вялікія памылкі Касцёла і СМІ, якія робяць прорву паміж імі яшчэ большай. І каб яна не станавілася большай, трэба бачыць і чуць адно аднаго.
Кс. Аляксандр Амяльчэня,
Часопіс «Наша вера» № 4 (70) 2014