Пошук

17.01.2016 00:00  

Чалавек умее хутка прызвычайвацца. І няма вялікай розніцы, ці гэта нешта простае, штодзённае, як праца, вучоба ці атмасфера, у якой ён жыве, ці нешта незвычайнае, такое, як моцныя эмоцыі, рызыкоўныя абставіны, надзвычайныя падзеі, цуды...

Раней ці пазней усё гэта стане чымсьці звычайным, перастане здзіўляць, а нават можа пазбавіць ахвоты. Хіба кожны неаднойчы заўважаў, што тая ці іншая рэч або справа моцна захаплялі, калі былі яшчэ чымсьці тым, да чаго трэба імкнуцца, дзеля чаго працаваць і прыносіць ахвяры, але калі гэтае нешта ты ўжо трымаеш у руках, яно ўжо не такое цікавае. Яно стала звычайным, і ўжо няма тых моцных пачуццяў, якія былі раней.

Што такое навяртанне? Напэўна, гэта калі ты адышоў ад чагосьці, а потым, зразумеўшы яго сапраўдную вартасць і патрэбу, зноў вяртаешся да гэтага. Калі казаць пра навяртанне хрысціяніна, то гэтае навяртанне адбываецца штодня. Бо чалавек хутка прызвычайваецца. 

Калі пачынаеш абмяжоўваць справы веры на карысць іншых патрэб і абавязкаў, з часам яна становіцца чымсьці размытым, перастае захапляць, цікавіць, здзіўляць і... проста перастае быць нечым важным.


Калі вера праяўляецца толькі ў пабожных практыках час ад часу, без пастаяннага паглыблення, узмацнення, новых адкрыццяў – то звычайна гэтая сфера жыцця, хоць насамрэч з'яўляецца самай важнай, бо менавіта яна надае жыццю сапраўдны сэнс, усё больш становіцца чымсьці другасным.

Вера – гэта адносіны, а адносіны патрабуюць пастаянных стасункаў паміж асобамі. Але не бывае такіх адносін, якія пастаянна з'яўляюцца добрымі, глыбокімі, таму мы і маем патрэбу навяртання. Кожны дзень становячыся перад выбарам, мы гэтыя адносіны альбо паглыбляем і ўмацоўваем, альбо руйнуем.

Кожны дзень, на працягу ўсяго жыцця, таму таксама важна быць аб'ектыўным і, замест таго, каб, калі разумееш, што далёка ад Яго, займацца самабічаваннем, зрабіць крок да навяртання, а калі бачыш, што ўсё добра, не ганарыцца занадта, але проста дзякаваць і радасна перажываць гэты час, бо сапраўды невядома, якім будзе твой выбар заўтра.

І варта памятаць, што вельмі шмат залежыць менавіта ад цябе, бо з таго боку заўсёды можаш атрымаць прабачэнне, адкрытасць і прыняцце.


Эрнэст Мікалайчык

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.