16 снежня свой 50-гадовы юбілей адзначыла сястра Часлава Навіцкая з Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага, заснавальніца і дырэктар Дабрачыннай Мiсiі Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай, пры якой дзейнічае адзіны ў Беларусі Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, адказная за душпастырства дзяцей у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Сястру Чаславу ў дзень яе нараджэння наведаў у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Іерарха суправаджалі яго асабісты сакратар ксёндз канонік Юрый Ясевіч і ксёндз канонік Юрый Санько.
Арцыбіскуп Станеўскі сардэчна павіншаваў сястру Чаславу Навіцкую з юбілеем, падараваў ёй кветкі, зачытаў і ўручыў віншавальны адрас з пажаданнямі.
«У гэты цудоўны дзень, калі Вы святкуеце сваё 50-годдзе, ад імя духавенства і ўсіх вернікаў нашай архідыяцэзіі ад шчырага сэрца віншуем Вас з нагоды Вашага юбілею!
Вы з’яўляецеся прыкладам Божай любові і міласэрнасці, вашыя малітвы і старанні служаць прыкладам для многіх. Праз усе гэтыя гады Вы аддана служыце нашаму Збаўцу, несучы святло веры, надзеі і любові ўсім, хто сустракае Вас на сваім шляху.
Вашы намаганні неаднойчы сталі святлом у цемры для тых, хто мае патрэбу. З вашай дапамогай многія атрымалі не толькі матэрыяльную падтрымку, але і духоўную надзею. Вашы добрыя ўчынкі і міласэрнасць радуюць сэрцы ўсіх, хто знаёмы з Вашым служэннем.
Служачы слабым і адкінутым, Вы паказваеце ўсім нам, што сапраўдная вера заўсёды суправаджаецца любоўю і клопатам аб бліжніх. Вашы старанні ўмацоўваюць дух супольнасці і памнажаюць духоўныя каштоўнасці.
Няхай ваш шлях будзе напоўнены Божым благаслаўленнем, а вашыя малітвы заўсёды знаходзяць водгук у сэрцах!» — пажадаў арцыбіскуп Юзаф Стнеўскі сястры Чаславе Навіцкай.