Пошук

17.12.2024 14:09   Паводле: Vatican News BY / Catholic.by
Фота: CNS/Vatican Media

17 снежня Папа Францішак адзначае сваё 88-годдзе, застаючыся актыўным лідарам Касцёла.

Віншаванне з днём нараджэння ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі скіраваў Святому Айцу Старшыня епіскапату арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама павіншаваў Пантыфіка.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, нягледзячы на праблемы са здароўем, 88-гадовы Папа Францішак гатовы да новых выклікаў у 2025 годзе.

Хорхэ Марыё Бэргольё, які паходзіць з Аргенціны і кіруе Каталіцкім Касцёлам з 1,4 мільярдамі вернікаў з сакавіка 2013 года, вядомы сваім характэрным пачуццём гумару і асаблівай увагай да чалавека. У кастрычніку ён усталяваў гістарычны рэкорд, стаўшы другім найстарэйшым Пантыфікам у гісторыі Касцёла.

«Маліцеся за мяне, бо мая праца значна паскорылася, а мой матацыкл набірае гады і ўжо не працуе так добра», — з такімі словамі Папа нядаўна звярнуўся да прадстаўнікоў італьянскай матацыклетнай асацыяцыі падчас аўдыенцыі.

Нягледзячы на відавочныя праблемы са здароўем, Святы Айцец захоўвае надзвычайную актыўнасць і працаздольнасць.

Штодзённы графік Папы пачынаецца вельмі рана: ён устае каля 4.00 і дзень пачынае з малітвы. Апошнія месяцы былі асабліва напружанымі: у верасні ён здзейсніў самую доўгую паездку свайго пантыфікату ў рэгіён Азіі і Ціхага акіяна, якая доўжылася амаль два тыдні. Следам адбыўся чатырохдзённы візіт у Люксембург і Бельгію, а таксама аднадзённы візіт на французскі востраў Корсіка.

Варта адзначыць, што ўжо каля двух з паловай гадоў Папа Францішак карыстаецца інвалідным вазком, прычынай чаго сталі праблемы з каленам. У чэрвені 2023 года ён перанёс аперацыю на чараўной паражніне, а таксама неаднаразова змагаўся з цяжкай прастудай.

Наперадзе ў пастыра паўсюднага Касцёла надзвычай напружаны год.

24 снежня 2024 года ён афіцыйна распачне Святы 2025 год, які, паводле чаканняў, прыцягне ў Рым каля 30-і млн пілігрымаў. Гэтая падзея прадугледжвае шматлікія набажэнствы, сустрэчы і мерапрыемствы, што з’яўляецца сур’ёзным выклікам для чалавека пажылога ўзросту. Акрамя таго, чакаецца важны візіт у Турцыю з нагоды 1700-годдзя Нікейскага Сабору, на якім было ўсталявана экуменічнае вызнанне веры.

Папа Францішак працягвае актыўна ўвасабляць у жыццё рэформы Каталіцкага Касцёла, чарговым этапам якіх стаў кастрычніцкі Сінод Біскупаў на тэму сінадальнасці.

Ён застаецца верным сваёй канцэпцыі абнаўлення Касцёла і імкнецца да большай адкрытасці і дыялогу.

Нарадзіўшыся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе ў сям’і італьянскіх эмігрантаў, езуіт Бэргольё кіраваў архідыяцэзіяй аргенцінскай сталіцы з 1998 па 2013 год. 13 сакавіка 2013 года ён быў абраны Папам пасля гістарычнага рашэння Бэнэдыкта XVI пакінуць пасад святога Пятра. Каб зраўнацца узростам Папам Львом XIII, які пражыў 93 гады і памёр 20 ліпеня 1903 года, Папу Францішку давялося б кіраваць Касцёлам да 7 мая 2030 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця