Пошук

02.01.2016 00:00  

Юбілейны Год Міласэрнасці, Сусветныя дні моладзі ў Кракаве, святкаванне 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, Эўхарыстычны кангрэс Божай міласэрнасці — адны з найважнейшых падзей, якія адбудуцца ў 2016 годзе ў Паўсюдным Касцёле і Касцёле ў Беларусі.

Юбілейны Год Міласэрнасці

Да 20 лістапада 2016 г. будзе працягвацца Юбілейны Год Міласэрнасці. Пажаданнем Святога Айца Францішка з’яўляецца тое, каб гэты асаблівы час адзначаўся не толькі ў Рыме, але каб кожны лакальны Касцёл непасрэдна ўключыўся ў перажыванне “моманту ласкі і духоўнага аднаўлення”.

У цэлым у Беларусі было адчынена 17 сімвалічных Брамаў Міласэрнасці, якія з’яўляюцца знакам Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Брамы Міласэрнасці — гэта таксама знак адпусту, які можна атрымаць на працягу ўсяго гэтага года пры звычайных умовах, удзельнічаючы ў святой Імшы і прыступаючы да святой Камуніі.

Брамы Міласэрнасці сімвалізуюць адкрытыя абдымкі Міласэрнага Айца, які чакае вяртання кожнага са сваіх дзяцей.

Юбілейны Год Міласэрнасці Касцёл у Беларусі будзе перажываць з насычанай праграмай набажэнстваў, сустрэч і мерапрыемстваў. Усе дыяцэзіі падрыхтавалі свае праграмы Юбілею.


Сусветныя дні моладзі ў Кракаве

З удзелам каля 2,5 млн чалавек 26-31 ліпеня ў Кракаве (Польшча) адбудуццца ХХХІ Сусветныя дні моладзі з удзелам Папы Францішка.

Цырымонія прывітання Пантыфіка на Кракаўскіх Блонях адбудзецца 28 ліпеня. 29 ліпеня на Кракаўскіх Блонях Папа ўзначаліць Крыжовы шлях, а 30 ліпеня адбудзецца чуванне са Святым Айцом на тэрыторыі Campus Misericordiae ў Вялічцы. Заключная святая Імша пройдзе 31 ліпеня, падчас яе Папа аб’явіць месца правядзення наступных Сусветных дзён моладзі. Таксама ў межах візіту ў Польшчу Папа плануе наведаць Чэнстахову і Асвенцым.

Чакаецца, што ў Сусветных днях моладзі ў Кракаве прыме ўдзел каля пяці тысяч беларускіх католікаў.


Кананізацыя благаслаўлёнай Маці Тэрэзы з Калькуты

17 снежня, у свой дзень нараджэння, Папа Францішак падчас сустрэчы з прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардыналам Анджэло Амата пагадзіўся на публікацыю загада аб прызнанні цуду аздараўлення, які прыпісваюць заступніцтву заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Міласэрнасці. Гэта апошні крок, які дазваляе абвясціць яе святой. Дата і месца кананізацыі яшчэ не вядомы.

Законніца, якая нарадзілася ў 1910 годзе ў Скоп’е, была беатыфікавана ў 2003 годзе, праз шэсць гадоў пасля сваёй смерці, Папам Янам Паўлам ІІ.


Эўхарыстычны кангрэс Божай міласэрнасці ў Беларусі

24–26 мая ў Гродне пройдзе Эўхарыстычны кангрэс Божай міласэрнасці. Кангрэс стане асаблівай маніфестацыяй культу Эўхарыстыі. Яго асноўнай мэтай будзе супольнае адданне пашаны Езусу Хрысту, які жыве ў Касцёле, і маніфестацыя веры Божага народу ў прысутнасць свайго Пана.

Падчас кангрэсу адбудзецца святкаванне 25-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама біскупскай сакры біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Гродзенская дыяцэзія была заснавана 13 красавіка 1991 г. Папам Янам Паўлам ІІ (була «Qui operam»). Першым біскупам дыяцэзіі быў прызначаны Аляксандр Кашкевіч, тагачасны пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні.


25-годдзе заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі


1–2 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе пройдзе Агульнабеларускае святкаванне 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Вернікі асаблівым чынам запрашаюцца прыбыць на гэтыя ўрачыстасці ў пешых пілігрымках, якія скіроўваюцца ў Будслаў з розных частак Беларусі.

Мінска-Магілёўскую мітраполію ўстанавіў 13 красавіка 1991 г. Папа Ян Павел II. У яе склад увайшла Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і дзве дыяцэзіі — Гродзенская і Пінская. У 1999 г. з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была вылучана Віцебская дыяцэзія, сёння ў склад мітраполіі ўваходзяць чатыры дыяцэзіі.

Кс. Юрый Марціновіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця