Адной з адметных рыс дзяцей з’яўляецца шчырасць. Гэта нярэдка становіцца прычынай здзіўлення, смеху і жартаў. Дарослыя звычайна прыгадваюць гэтыя сітуацыі з усмешкай на вуснах.
Дзеці неаднойчы здзіўляюць сваёю шчырасцю, адкрытасцю, пэўнай нетактычнасцю. Яны не прыдумваюць нейкіх хітрых планаў, не задумваюцца занадта, што, як і каму гавораць, але кажуць, як разумеюць, распавядаюць пра тое, што бачаць, і робяць тое, што хочуць зрабіць, і так, як могуць. Яны вельмі шчырыя. А гэтага так не хапае ў свеце дарослых. Дзе шмат хлусні, тэатра, неадназначнасці...
Дзесьці гэтая шчырасць губляецца, і тое, што было натуральным, становіцца клапатлівым, патрабуе шматлікіх намаганняў. Так цяжка быць шчырым. Шчырым з тымі, хто побач, а яшчэ цяжэй быць шчырым з сабою. Не хлусіць сабе, не казаць, што ўсё добра, калі ўсё дрэнна і трэба мяняць нешта, а нават не нешта, а канкрэтныя крокі рабіць: пазбаўляцца таго, што перашкаджае, быць адказным у выкананні належнага, шчыра расставіць прыярытэты, ісці шляхам, які абраў, не хістаючыся ў бакі.
Хутка Новы год, і ўсё крычыць аб важнасці гэтага свята, цудах, што ўсё зменіцца і стане лепшым... Рэклама і рэчаіснасць, безумоўна, на гэтае пытанне маюць розныя адказы, і якому верыць, кожны вырашае сам. Верыць ілюзіі азначае верыць, што здарыцца цуд, само сабой усё вырашыцца і жыццё будзе як у добрай казцы з happy endам.
Чым больш у гэта верыш, тым большае расчараванне цябе спаткае. Не адбываецца ўсё само сабою. Пытанні не вырашаюцца «магіяй» прыдуманага свята. Усё патрабуе канкрэтнай працы з боку чалавека. Таму хай наступаючае свята будзе не пустым і гучным феерверкам, але магчымасцю шчыра падвесці вынік скончанаму году, прыдумаць добры, хай і невялічкі, план на новы год, а само свята – магчымасцю сустрэцца з блізкімі, адпачыць, момантам сапраўднай радасці, матывам удзячнасці. Хай будзе шчырым і сапраўдным, без ілюзій і хлусні.
«Як Новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш!» – так кажуць у нас. Хай вечар і навагодняя ноч не будуць прычынай расчаравання, смутку і пустэчы раніцай 1 студзеня! З наступаючым Новым 2016 годам! Годам, прысвечаным разважанню над Божай Міласэрнасцю!
Эрнэст Мікалайчык