Пошук

25.12.2015 00:00  

Кожны з нас з нецярплівасцю чакае святаў Божага Нараджэння. Святочны стол, прыгожа ўбраная ёлка, падарункі… Шчыра кажучы, падрыхтоўка да святаў – гэта адзін з тых момантаў, якіх кожны, хутчэй за ўсё, хацеў бы пазбегнуць. 

Часта адчуваем сябе змучанымі пасля лётання па крамах, генеральнай уборкі ў хаце, вырашэння іншых важных спраў, бо гэта каштуе нашых намаганняў. Аднак мы пагаджаемся з цяжкасцямі, каб толькі атрымаць асалоду ад святаў, якія доўжацца ўсяго некалькі дзён, а потым усё ізноў становіцца шэрым і будзённым…

Гэты вобраз нашага перадсвяточнага лётання, спешкі, занятасці мы можам расцягнуць на ўсё нашае жыццё. Агульная карціна нашай штодзённасці, за невялікім выключэннем, выглядала б так: адна справа ідзе за другой. Увесь час нам трэба штосьці зрабіць, кудысьці пайсці, штосьці вырашыць.

Вельмі часта нам не хапае часу, каб спыніцца, перавесці подых, крыху адпачыць і ў той жа час падумаць пра сябе і іншых. Калі тут думаць пра іншых? Столькі розных спраў нас чакае. Апошнія два сказы становяцца нашым апраўданнем на ўсе выпадкі жыцця. Таму мы жывём і не заўважаем вакол нас людзей бедных, пакрыўджаных, нешчаслівых, якія патрабуюць нашага прыняцця, суцяшэння, дапамогі.

Паток нашых заняткаў выносіць нас так далёка, што мы «праплываем» міма людзей, пакідаючы іх сам-насам са сваімі праблемамі, думаючы пры гэтым, што Пан Бог вырашыць іх сам, без нашага ўдзелу. Хрыстус жа кажа сваім вучням: «Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 15, 12).


Паспрабуем цяпер адказаць на пытанне: каго ці што мы любім больш – справы ці людзей? Калі мы выбярэм першы варыянт, то гэты выбар будзе адлюстраваннем нашай непадрыхтаванасці да святаў Божага Нараджэння. Можна сказаць, што мы змарнавалі час адвэнтавай падрыхтоўкі да святаў. Падрыхтаваліся знешне, але забыліся падрыхтаваць сэрца. Тады нам трэба шукаць паратунку, каб моцны паток нашых заданняў не змыў нас у прорву граху.

Падказкай можа быць загаловак гэтага тэксту. Сапраўды, варта ў штодзённым лётанні зрабіць прыпынак і назваць яго «Бліжні». Бліжні – гэта той чалавек, які павінен быць блізка нас, хоць можа знаходзіцца на значнай адлегласці. Бліжні – гэта той, каго мы сустракаем штодзённа. Сустракаем – гэта значыць падыходзім блізка, схіляемся над ім… І дзелімся сваім сэрцам. «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36), – кажа Пан.

Жадаю кожнаму з нас, каб падчас святаў Божага Нараджэння на нашым прыпынку пад назвай «Бліжні» не сядзелі бяздомныя, галодныя і прагнучыя, але каб кожны на гэтым месцы мог атрымаць часцінку таго, што мы называем любоўю да бліжняга.


Кс. Павел Эйсмант

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.