Жаданне ацэньваць можна параўнаць нават з жаданнем наталіць смагу. Новы фільм у кінатэатры, гаджэт у суседа, сукенка ў сяброўкі або новая дзяўчына ў сябра — мы ацэньваем усё. І сама па сабе ацэнка не з’яўляецца чымсьці дрэнным, пакуль не прыводзіць да асуджэння і пляткарства.
Ад гэтай з’явы ніхто з нас не застрахаваны. Калі няма пра што паразмаўляць, тады і з’яўляецца спакуса паглядзець навокал і абмеркаваць каго-небудзь са сваіх знаёмых. Прыйшоўшы пагутарыць на паўгадзінкі, вы застаяцеся мінімум на тры (каб хапіла часу перамыць косткі ўсім запар).
Аб тым, што такое асуджэнне і пляткарства, якія прычыны ўзнікнення гэтай з’явы – на гэтыя і іншыя пытанні Сatholic.by адказалі псіхолаг Віталій Булыга і пробашч парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску кс. Алег Шпець SChr.
Псіхалогія плётак
Пра з'яву пляткарства і асуджэння з псіхалагічнага пункту гледжання распавёў псіхолаг Віталій Булыга.
— Віталій, скажыце, калі ласка, што такое плёткі і асуджэнне як псіхалагічная з’ява?
— Плёткі на ўзроўні грамадскай свядомасці маюць адценне чагосьці негатыўнага, бруднага, таго, што прыносіць шкоду.
Іх звязваюць з падманам, карыслівасцю і асуджэннем. Аднак кожнаму з нас патрэбна ўсвядоміць і прыняць той факт, што пляткараць абсалютна ўсе.
Калі хтосьці скажа, што ён можа не пляткарыць, а будзе заўсёды казаць чыстую праўду, хутчэй за ўсё хітруе, або не ўяўляе, пра што кажа. Гэта звязана з тым, што плёткі з’яўляюцца самай папулярнай формай камунікацыі.
З пункту гледжання псіхалогіі любое асуджэнне і абмеркаванне іншых – гэта і ёсць плёткі.
Корань праблемы заключаецца ў матывах ініцыятара плёткі. Тады патрэбна ўводзіць яшчэ такія элементы, як этыка і мараль. Але калі плётка з’яўляецца вынікам нізкай самаацэнкі чалавека, яго страхаў і комплексаў, тады матывацыя тут «чорная», не добрая. Кожны абірае па сабе!
— Тады ўзнікае пытанне: чаму мы асуджаем і пляткарым?
— Прычыны плётак цесна звязаны з функцыямі, якія яны выконваюць у грамадстве.
З дапамогай плётак група імкнецца кантраляваць паводзіны і нормы асобнага яе члена, якія не адпавядаюць правілам, у ёй прынятым.
Як толькі група зафіксавала непрымальныя паводзіны аднаго канкрэтнага чалавека, яна выкарыстоўвае плёткі, каб перадаць інфармацыю аб небяспецы. Плёткі ў гэтым выпадку — ахоўны бар’ер, і чым больш людзей іх ведаюць, тым у большай ступені група адчувае сваю стабільнасць і бяспеку.
Таксама плёткі выконваюць інфармацыйную функцыю. Яны могуць быць выкарыстаны пры даследаванні канкрэтнага чалавека з групы (напрыклад, пры адборы кандыдата на пэўную пасаду).
Інфармацыйная функцыя плётак можа быць выкарыстана і канкрэтным чалавекам, які хоча ўвесці ў групу пэўную інфармацыю для падняцця свайго статусу, павагі і шанавання.
Наступная функцыя — падтрыманне сяброўскіх сувязяў. Ініцыятар плётак нагадвае пра нормы, якія з’яўляюцца важным элементам згуртаванасці групы.
Плёткі ўжываюцца таксама з мэтай знішчэння рэпутацыі канкурэнтаў, атрымання сацыяльнага адабрэння.
Таксама можна ўзгадаць забаўляльную функцыю плётак. Галоўным яе аспектам з’яўляецца прыемнае адчуванне ад самога працэсу. У такім выпадку плётка можа прыносіць задавальненне ад «ляпаў» пэўнага чалавека, ад пачуцця перавагі над пераможаным праціўнікам, ад патрэбы ў павазе і шанаванні сябе групай, рэфлексіі пра мінулае.
Але тут схавана вялікая небяспека, таму што пляткарства можа перарасці ў залежнасць у выпадках, калі павышаная цікавасць да чужых лёсаў прыхоўвае неўратычны страх вырашэння ўласных праблем. Гэта як сыход у выдуманую рэальнасць, дзе жыць прасцей, чым заняцца ўласнымі недахопамі.
Яшчэ адна функцыя — ачышчэнне. Недасяжныя мары, пачуццё віны, рэўнасць, зайздрасць, сквапнасць, гонар і эгаізм падаўляюцца ў чалавеку такім ахоўным механізмам асобы, як праекцыя.
Таму, каб палегчыць свой прыніжаны ўнутраны эмацыянальны стан, знаёмыя і суседзі або калегі па працы становяцца аб’ектамі, якім прыпісваюцца раней пералічаныя якасці.
Такім чынам, унутраныя канфліктныя сітуацыі несвядома, з дапамогай плётак, «выносяцца вонкі» і прысвойваюцца іншым людзям.
Плёткі і маральнасць
Пра асуджэнне і пляткарства з пункту гледжання Касцёла распавёў кс. Алег Шпець SChr.
— Ксёндз Алег, асуджэнне і пляткарства лічаць грахом. Тым не менш, як разглядаць гэтую з’яву з пункту гледжання духоўнай маральнасці?
— Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба прыгадаць праўду аб тым, што кожны чалавек мае сваю годнасць, якую ніхто не мае права нішчыць ні ўчынкам, ні словам. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ў параграфе 2477 адрознівае спосабы парушэння годнасці чалавека словам:
- у неабгрунтаваным меркаванні — той, хто без сур’ёзных падстаў хоць бы нават моўчкі прызнае маральны недахоп бліжняга
- у ліхаслоўі — той, хто без аб’ектыўнай сапраўднай прычыны паведамляе людзям, якія нічога пра гэта не ведаюць, пра недахопы і правіны іншых
- у паклёпе — той, хто ілжывымі сцвярджэннямі наносіць шкоду рэпутацыі іншых і дае падставу для з’яўлення няправільнага меркавання пра іх.
У маральнай тэалогіі існуе раздзяленне паміж плёткамі (паўтарэннем рознай неправеранай інфармацыі), зласлоўем (калі кажам пра кагосьці дрэнныя, але праўдзівыя рэчы) і паклёпам (калі кажам пра кагосьці няпраўду).
Усе гэтыя выпадкі ў большай ці меншай ступені супярэчаць асноўнаму дабру кожнага чалавека: захаванню яго добрага імя. Таму можам казаць пра плёткі, зласлоўе і паклёп як грэх у такой ступені, у якой яны знішчаюць добрае імя бліжняга.
— Якія прычыны таго, што з'яўляецца жаданне асуджаць і пляткарыць?
— Мы жывём сярод людзей, таму цяжка сабе ўявіць тое, што мы не будзем пра іх размаўляць. Больш за тое, дыялог ляжыць у аснове нашай натуры.
Мы размаўляем пра тое, што нас непакоіць: пра грошы, палітыку, людзей, бо гэта для нас важна. Аднак належыць памятаць, што сваім словам мы можам параніць іншага чалавека.
На жаль, у выніку першароднага граху чалавечая натура зраненая ў сваіх натуральных сілах і падпарадкаваная схільнасці да граху (пар. ККК 418).
Гэтыя раны пабуджаюць чалавека бачыць вакол сябе больш зла, чым дабра, а ў іншым чалавеку бачыць суперніка, а не сябра.
Папа Францішак кажа, што пляткарства — гэта прыніжэнне іншага чалавека, якое чалавек здзяйсняе, каб адчуць сябе крыху лепшым.
— Ці заўсёды асуджэнне — дрэнная з'ява?
— Тут можам гаварыць пра такія моманты, калі «асуджэнне» не з’яўляецца асуджэннем. Напрыклад, калі мы называем рэчы сваімі імёнамі.
Калі грэх называем грахом, то гэта не з’яўляецца асуджэннем. Калі мы настаўляем і заахвочваем да навяртання — гэта таксама не асуджэнне. «Настаўляйце адно аднаго кожны дзень …» (Габ 3, 13). Трэба памятаць, што асуджэнне ўчынку і асуджэнне чалавека — гэта дзве розныя рэчы, таму што Бог асуджае грэх (пар. Рым 8, 3), але любіць грэшніка (пар. Ян 3, 16).
— Як пазбавіцца жадання распускаць плёткі і асуджаць?
— Можна сказаць па-іншаму: як казаць пра людзей і не грашыць?
Перш за ўсё, пра іншых трэба казаць добрае. Па-другое, трэба казаць праўду. Па-трэцяе, вельмі важная інтэнцыя, з якой я кажу пра іншых людзей.
Не будзе лічыцца пляткарствам, напрыклад, калі настаўнік распавядзе бацькам пра дрэнныя паводзіны іх дзіцяці. Імкненнем настаўніка ёсць дабро канкрэтнага вучня. У гэтым выпадку будзе не грэх языка, а міласэрнасць да бліжняга.
У жыцці здараюцца такія сітуацыі, калі мы павінны вельмі канкрэтна паставіцца да зла, якое хтосьці зрабіў. Таму неабходна звярнуцца да Святога Духа, просячы святла праўды для розуму і супакою і любові для нашага сэрца, каб намі кіравала шчырая любоў да бліжняга.
Варта ўзгадаць словы святога Якуба, які ў сваім пасланні піша: «Калі хто не грашыць словам, гэта чалавек дасканалы, здольны ўтаймаваць таксама ўсё цела» (Як 3, 2).
Марына Валасар