Дзве запар пятніцы 13-га перажылі мы ў 2015 годзе: у лютым і ў сакавіку. Таксама ў лістападзе 13-я лічба выпадае на пятніцу. Забабонныя людзі асцерагаюцца бяды ў гэты дзень, але Касцёл у каторы раз заклікае не верыць у забабоны. Нават калі ўзяць у прыклад 13 лютага і 13 сакавіка — мінулыя «страшныя дні» — архівы навін за гэтую дату не выдаюць ніякіх надзвычайных здарэнняў.
Хоць аматары забабонаў прыводзяць у прыклад НЗ з лікам 13: у трынаццаты па ліку слуп урэзаўся «Мэрсэдэс» прынцэсы Дыяны, «Апалон-13» стартаваў у 1970 годзе ў 13 гадзін 13 хвілін, але палёт аказаўся няўдалым з-за выбуху кіслароднага балона. Карта XIII у калодзе Таро пазначае Смерць.
Але шмат і адваротных прыкладаў. У культурах Італіі і Кітая лічба 13 традыцыйна лічыцца шчаслівай. Шахматыст Гары Каспараў заўсёды лічыў 13 сваёй шчаслівай лічбай. Нямецкі футбаліст Міхаэль Баллак амаль усю кар’еру гуляе пад 13-м нумарам. Іспанскія і партугальскія маракі пятніцу 13-га лічаць спрыяльным днём для адплыцця.
Касцёл кажа, што ніякія спалучэнні лічбаў не могуць вызначаць лёс чалавека і ўплываць на яго ўчынкі. Усе дні для хрысціяніна павінны быць аднолькавымі: нягледзячы ні на што, следаваць Божым запаведзям, шукаць Яго волю, баяцца граху, выконваць свае абавязкі. А верачы ў «фатальны дзень», чалавек робіць грэх, таму што здраджвае любові Бога, давярае не Яму, а мёртвым лічбам.
Забабоны наконт пятніцы трынаццатага абсурдныя не толькі з хрысціянскага, але і з культурнага пункту гледжання. Ні ў адной старажытнай культуры гэтае павер’е не прасочваецца, і ўзнікла яно параўнальна нядаўна. Самая распаўсюджаная версія — забабоны з’явіліся пасля пакарання смерцю кіраўнікоў Ордэна тампліераў у XIV стагоддзі ў Францыі ў пятніцу 13-га. Тады гэты дзень, нібыта, праклялі.
Існуе і псеўдабагаслоўская трактоўка: трынаццаць - гэта 12 апосталаў і Юда. Гэта значыць, лічба 13 быццам сімвалізуе здраду Юды і смерць Езуса Хрыста. Але Пана ўкрыжавалі менавіта ў пятніцу, таму гэты дзень для хрысціян павінен быць перш за ўсё днём посту і разважанняў над Яго крыжовай смерцю і сваімі грахамі, асаблівым днём пакаяння.
Паводле katolik-gomel.by
(AG)