Пошук

02.11.2015 00:00  


Сваёй сястрой назваў смерць святы Францішак з Асізі. Нялёгкія словы. Няпростыя. Многім з нас так цяжка з імі згадзіцца, прыняць... Многія з нас успрымаюць смерць зусім не як сястру, а як непрымірымага, ненавіснага ворага. Як жа спасцігнуць мудрасць святога Францішка?

Як навучыцца глядзець на смерць ягонымі вачыма любові і разумення, прыняцця? Мы папрасілі аднаго з паслядоўнікаў святога Францішка, айца капуцына Тамаша Юньчыка, сказаць сваё слова пра тое, што ж гэта такое – смерць у жыцці хрысціяніна.

У лістападзе Каталіцкі Касцёл асаблівым чынам успамінае памерлых. У гэты час мы молімся не толькі за шчаслівую вечнасць для сваіх блізкіх, але і за ўсіх памерлых. Адначасова пара лістапада — зручная нагода для рэфлексіі і разважанняў пра тое галоўнае, што мы прывыклі называць сэнсам нашага жыцця, нашага прыходу ў гэты свет. Можа, як ні ў які іншы час, мы думаем у лістападзе пра жыццё, смерць і пра тое, як хутка мінае нашае прабыванне на гэтым свеце.

Нам важна зразумець і згадзіцца з той праўдай, што смерць ужо цяпер уваходзіць у нашае жыццё, робіць на ім свой адбітак, штодня пагражае нам. Хваробы, непрыемнасці, выпрабаванні, цярпенні – гэта пасланнікі смерці. Яны нагадваюць нам пра тое, што нашае жыццё знаходзіцца не ў нашых руках, што яно пастаянна выслізгвае з іх і, у рэшце рэшт, надыдзе некалі той момант, калі яно будзе цалкам у нас адабрана. Калі чалавек спрабуе выкінуць смерць са сваёй свядомасці, затушаваць яе і не думаць пра яе, накласці на яе табу, як гэта часта бывае, пачынае гаснуць праўдзівае чалавечае жыццё, бо па-сапраўднаму, па-людску жыве толькі той, хто здольны ўспрымаць смерць і глядзець ёй проста ў вочы. Але ці здольныя мы так жыць? Які сэнс набудзе нашае жыццё, калі мы будзем пастаянна бачыць сябе перад абліччам смерці? І які сэнс мае смерць адносна жыцця? Хрысціянства здаўна выпрацавала просты напамін: memento mori. Памятай пра смерць.

Калі мы навучымся не забываць пра смерць, тады нашае жыццё, ягоныя вартасці, успрыманне ўсяго, што адбываецца з ім і вакол яго, набудуць сапраўдную значнасць.


Хтосьці параўнаў смерць з народзінамі дзіцяці. Неспадзяванае параўнанне. Нечаканае. Але калі задумацца, то ўсё ж можна яго прыняць, бо калі дзіця знаходзіцца ў матчыным улонні, яно адчувае сябе добра, камфортна, бяспечна. Яно не ведае іншай рэальнасці. Аднак надыходзіць той дзень, калі дзіця вымушана пакінуць тое месца, што было ягоным утульным светам. Для яго гэта з’яўляецца ў пэўным сэнсе смерцю. Яно баіцца таго новага, што няўмольна надыходзіць, і пачынае крычаць ад болю і страху. Але праз нейкі час з’яўляецца адчуванне, што жыццё не скончана, яно працягваецца, толькі гэта ўжо іншае жыццё і іншая рэальнасць! Дзіця і надалей жыве! Яно цудоўна прыстасоўваецца да новых умоваў. Уласнымі вачыма маленькі чалавечак нарэшце бачыць сваю маці, якая заўсёды была з ім, але яе твар цяпер такі блізкі, што да яго можна нават дакрануцца.

Наш свет можна параўнаць з вялікім матчыным улоннем, у якім чалавек набывае людскія прыкметы і рысы. Нам даволі ўтульна ў гэтым свеце, больш-менш бяспечна, мы ўжо палюбілі асяроддзе, у якім жывем.

Але аднойчы сусвет народзіць нарэшце для нас сапраўдную дасканалую чалавечнасць. Назавем яе Смерцю.

У той нязнаны для нас момант мы, магчыма, гэтаксама як дзіця пры народзінах, закрычым ад невядомага страху й болю. Гэта будзе нашым нараджэннем для Бога. Усе ў слязах, мы нарэшце зразумеем сэнс нашага жыцця, многае і многае з таго, чаго не разумелі раней, чаго не маглі прыняць, з чым не мелі сілаў згадзіцца. Ціхая любоў, паразы й скаргі, нашыя радасці, вялікія і раней не зразумелыя намі цярпенні — усё гэта рыхтавала нас да новага жыцця. І нічога не загіне. Як дзіця пасля сваіх народзінаў упершыню бачыць твар сваёй маці, якая заўсёды была разам з ім, так і мы ўбачым тады Аблічча Бога. І вельмі важна памятаць, што гэтыя вялікія народзіны ўжо цяпер трываюць у нашым жыцці.

Няшмат рэчаў у жыцці чалавека настолькі ж пэўных, як завяршэнне жыцця, альбо смерць.

Таямніца чалавечага лёсу найбольш ярка і выразна выяўляецца ў абліччы смерці. Але, нягледзячы на тое, што цялесная смерць з’яўляецца натуральнай з’явай, мы, аднак, з навучання Касцёла ведаем, што смерць — гэта вынік граху. Вынік вялікага граху нашых продкаў перад Богам, іх непаслухмянасці Богу. І ўсё ж, дзякуючы Езусу Хрысту, хрысціянская смерць набыла пазітыўны сэнс. «Бо для мяне жыццё — гэта Хрыстус, а смерць — гэта выгада», — усклікае апостал Павел (Флп 1, 21). «Сапраўды, калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём», — сцвярджае ён жа ў іншым месцы (2 Цім 2, 11).

Смерць — гэта наш прыход у дом Айца, завяршэнне зямной пілігрымкі чалавека, час ласкі і міласэрнасці, які Бог дае чалавеку. Калі закончыцца бег нашага зямнога жыцця, мы ўжо больш не вернемся да нашых вялікіх і дробязных праблемаў, якія штодня абцяжарваюць нас, бо «людзям належыць адзін раз памерці» (Гбр 9, 27).

Для хрысціяніна ж асноўны клопат — каб момант ягонай смерці прыйшоў у стане асвячальнае ласкі, гэта значыць, што чалавек павінен быць вольным ад цяжкага смяротнага граху.

Святы Францішак з Асізі ў сваёй знакамітай пахвале стварэнням называе смерць сваёй сястрой, але адначасова ён і асцерагае нас ад смерці ў стане цяжкага граху: «Праслаўлены будзь, Пане мой, праз сястру нашу смерць цялесную, якой ніводзін жывы чалавек унікнуць не можа. Бяда тым, якія паміраюць у смяротных грахах; благаслаўлёныя тыя, каго смерць заспее ў Тваёй найсвяцейшай волі, бо другая смерць не прынясе ім крыўды».

Успрымаючы смерць праз прызму веры, хрысціянін усведамляе, што гэта сапраўды пераход у дом Айца, які нас любіць і чакае. І, значыць, смерць перастае быць драмаю і становіцца прычынаю, нагодай для таго, каб добра падрыхтавацца і годна, па-хрысціянску сустрэць яе. Memento mori.

Памятай пра смерць. Але памятай дзеля таго, каб паўней жыць, і жыві так, нібы сёння пражываеш апошні дзень свайго жыцця. Бо час уцякае, а вечнасць чакае.

Айцец Тамаш Юньчык OFM Cap

Ave Maria №11(139), 2006

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа