Смерць... Яна можа сустрэць мяне праз гадзіну, а можа праз некалькі дзесяцігоддзяў. Яна завяршыць маё доўгае, напоўненае болем і цярпеннямі жыццё альбо прыйдзе зусім неспадзявана ў той самы час, калі і мне, і іншым людзям будзе здавацца, што я змог бы зрабіць яшчэ вельмі і вельмі шмат.
Смерць... Яна чакае кожнага з нас, хоць мы і не вельмі хочам думаць пра яе, заўсёды стараемся адкінуць само ўсведамленне яе непазбежнасці. Нам так хочацца паверыць, што гэтая непрыемнасць тычыцца выключна іншых!.. І ўсё ж нашая гісторыя не заканчваецца на зямлі!
Для верніка смерць не можа быць драмаю, бо яна — нараджэнне для неба, наша выйсце на сустрэчу з дарагім Айцом Нябесным.
Як я рыхтуюся да смерці? Здаецца, лістапад — найлепшая пара, каб падумаць пра гэта. Бо ў лістападзе мы молімся за нашых памерлых, якія даўно альбо зусім яшчэ нядаўна жылі на нашай зямлі і таксама, як і мы, не вельмі хацелі думаць пра смерць. Думалі пра жыццё. Але аднойчы прыйшла смерць і для іх наступіла новая рэальнасць. Мы ж пакуль што жывем у зямной рэальнасці і яшчэ маем час штосьці выправіць у нашым жыцці, штосьці змяніць, хоць бы і нашае стаўленне да смерці, якую вялікі жыццялюб святы Францішак назваў сваёй сястрою.
Дык што ж азначае для мяне смерць? Ці дапамагае мне ўсведамленне яе скіраваць усё маё жыццё да неба? Ці дапамагае мне ў кожную хвіліну быць... гатовым? А можа ўсведамленне яе прыносіць мне адно страх і кожная хвіліна майго жыцця пазначана безвыходнасцю?..
Ёсць такія людзі, якія сустракаюцца са смерцю кожны дзень, якія амаль кожны дзень развітваюцца з людзьмі, што яшчэ ўчора жылі на гэтым свеце. І ўсё ж нават ім цяжка прызвычаіцца да смерці, цяжка змірыцца з яе непазбежнасцю, магутнасцю, сілай. Бо смерць кожнага чалавека — таямніца. Кожны памірае па-свойму, і смерць назаўсёды застанецца містэрыяй толькі яго сустрэчы з Бясконцым.
* * *
...Тваё жыццё калісьці пачалося з любові Бога і тваіх бацькоў.
Першай вялікай падзеяй твайго жыцця быў хрост. З таго часу ты належыш Богу (Рым 6,3–11). З тае хвіліны вернік мае вечнае жыццё з Хрыстом, падзяляючы Яго лёс праз... смерць і ўваскрасенне. У часе зямнога жыцця хрысціянін яднаецца з Хрыстом праз святыя сакрамэнты, аддаючы сваё жыццё Божай волі. Ён чэрпае свае сілы з малітвы, каб па-хрысціянску выконваць учынкі любові да бліжніх. Гэта і ёсць «жыццё ў Хрысце».
Аднак калісьці надыдзе апошняя хвіліна нашага зямнога жыцця. Мы не ведаем гэтае хвіліны. І ўсё ж, калі мы жывем з Хрыстом, то верым, што з Ім таксама пяройдзем і ў новае жыццё. Літургія пахавання чалавека сведчыць пра тую хвіліну як пра пераход у іншую форму таго самага жыцця...
«...У Ім (у Хрысце) заззяла для нас надзея хвалебнага ўваскрасення, і хоць нас засмучае непазбежнасць смерці, мы знаходзім суцяшэнне ў абяцанні будучага бяссмерця. Бо жыццё Тваіх верных, о Пане, змяняецца, але не заканчваецца. І калі распадзецца дом нашай зямной пілігрымкі, мы знойдзем падрыхтаванае ў небе жытло...»
Жыццё ў Хрысце вечнае (пар. Рым 14,7–8).
Напрыканцы часоў настане новы прыход Хрыста на зямлю. Настане тады і Апошні суд, паўсюднае ўваскрасенне: справядлівых — для у новага жыцця, несправядлівых — для вечнай загубы. Паўстануць Новае Неба і Новая Зямля (пар. Ап 21,1).
Айцец Томаш Юньчык OFM Cap
Ave Maria №11(164), 2008