Калі Бог стварыў нас, то ў гэтым была нейкая мэта. Ён стварыў нас у рознасці, але ў адзінай годнасці асобаў. У чым сутнасць рознасці стварэння жанчыны і мужчыны Усемагутным Богам? Давайце паразважаем менавіта пра сутнасць гэтай рознасці і паглядзім на яе зусім з іншага боку.
Мы можам з першага позірку адрозніць мужчыну ад жанчыны, хоць, улічваючы сённяшнія метамарфозы моды, можна сказаць, амаль заўсёды. Адрозніваюцца яны цялесна. Як гаварыў вялікі Папа Ян Павел ІІ, гэта два спосабы быцця целам, вельмі розныя, але з выразным прызначэннем. Мужчына адораны Богам так, каб мог быць бацькам. Жанчына адорана так, каб магла быць маці. І менавіта ў гэтым уся таямніца рознасці, і дзеля гэтага нас стварыў Добры Бог двума рознымі спосабамі. Мужчына і жанчына, створаныя для еднасці ў сужэнстве, павінны прыносіць плады бацькоўства.
Мы створаны для айцоўства і мацярынства, нягледзячы на шляхі нашага жыццёвага паклікання. Мацярынства і бацькоўства ўпісаны ў нашыя сэрцы Богам. Ці будзе, напрыклад, добра несці сваё служэнне святар, які забыўся пра тое, што павінен быць духоўным бацькам для сваіх вернікаў? І ці самотная жанчына, якая адорвае сваім сэрцам шмат сіротаў, не з’яўляецца сапраўднай маці?
Сучасным прыкладам рэалізацыі духоўнага мацярынства з’яўляецца, безумоўна, Маці Тэрэза з Калькуты, якая прыгарнула самых абяздоленых дзяцей свету. Яскравым прыкладам духоўнага бацькоўства з’яўляецца Папа Ян Павел ІІ. Ён нястомна на працягу ўсяго свайго жыцця клапаціўся пра кожнае чалавечае жыццё і няспынна нагадваў пра вартасць і пашану жыцця кожнай чалавечай істоты з моманту зачацця і да натуральнай смерці.
Выключнае пакліканне да служэння Богу патрабуе адмовы ад стварэння ўласнай сям’і, адмовы ад свайго фізічнага бацькоўства ці мацярынства, каб быць у большай ступені духоўнымі айцом ці маці.
Калі Бог стварыў нас як мужчыну і жанчыну, паклікаў да бацькоўства і мацярынства, то Ён адарыў нас усімі патрэбнымі якасцямі для выканання розных роляў. Жанчына створана для распаўсюджвання любові на зямлі. Мужчына створаны і пакліканы для таго, каб дзякуючы сваёй рацынальнасці і аналітычнасці рабіць свет лепшым. Дык у чым канкрэтна адрозніваюцца жанчына і мужчына?
Жанчына праз сваю скіраванасць на мацярынства адорана нашым Створцам перш за ўсё такімі якасцямі, як далікатнасць, вытанчанасць, пяшчотнасць, якія так неабходныя для маленькай чалавечай істоты, што прыходзіць у гэты свет. Яна адорана таксама асаблівай назіральнасцю і ўважлівасцю да дробязяў. Жанчына памятае пра ўсё. Жанчына створана так, што здольная на абсалютную падзеленасць сваёй увагі, якая дапамагае ёй лёгка і свабодна рабіць шмат рэчаў адначасова — прыбіраць, гатаваць, прыслухоўвацца, як спіць дзіця, і пры гэтым яшчэ размаўляць з сяброўкай па тэлефоне. І для нармальнага функцыянавання сям’і і дома ўсе гэтыя яе здольнасці проста неабходныя.
Яшчэ адна адметная якасць жанчыны — хуткая рэакцыя на тое, што адбываецца навокал. Калі малеча ў небяспецы, то жанчына адразу дзейнічае — як добра, што Створца і пра гэта паклапаціўся! Жанчына заўсёды адкрыта на актыўны дыялог — паведамляць, пераказваць, і таму дзіця вучыцца хутка і бесперапынна. Жанчына надзелена здольнасцю праяўляць клопат і ахвярнасць, скіраваныя на канкрэтнага чалавека, якому гэта патрэбна, аказваць менавіта канкрэтную дапамогу.
Ужо на пачатку стварэння Бог адарыў мужчыну адказнасцю за тое, што адбываецца паміж жанчынай і мужчынам. Нягледзячы на тое, што менавіта Ева спакусіла Адама, адказвае перад Богам ён, бо ён мужчына і павінен ведаць, якім будзе вынік яго дзейнасці. Мужчына павінен быць стабільным падмуркам для жанчыны і дзяцей. Менавіта ён павінен ствараць у сям’і атмасферу бяспекі і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Гэта бацька вучыць дзяцей разумець свет. Як ён бачыць наваколле, так і ягоныя дзеці будуць глядзець на гэты свет. Таму перш за ўсё сам мужчына павінен выпрацаваць сваё разуменне рэчаіснасці, каб ягоныя нашчадкі не страцілі сябе ў разуменні свету.
Уласным прыкладам бацька вучыць адносінам да маці, жанчыны, дапамагае жанчыне-маці раскласці ўсе свае шматлікія абавязкі па чарзе і не заблытацца ў іх, бо ягоная рацыянальнасць дазваляе вызначыць іерархію вартасцяў у сям’і. Ён не дазваляе жанчыне згубіцца ў дробязях. Калі мужчына бярэцца за працу, яна яго цалкам захапляе, ён, у адрозненне ад жанчыны, нават можа ізалявацца ад рэчаіснасці.
Мужчына можа вельмі інтэнсіўна працаваць, але патрабуе і належнага адпачынку, і тады вельмі важная хвіліна цішыні, якая неабходна яму для аднаўлення сіл, і жанчына павінна гэта разумець. Важна, каб муж, прыйшоўшы з працы, меў дома магчымасць адпачыць, а не адразу патануць у хатніх праблемах. Пасля невялічкага перапынку сапраўдны мужчына будзе гатовы зноў вырашаць справы свайго малога свету — сям’і. Калі мужчыну неабходна зрабіць адначасова некалькі справаў, то ён, у адрозненне ад жанчыны, прыдумвае, як выкруціцца, каб усяго гэтага не рабіць, і тады адкрываецца яго талент вынаходніка, з’яўляюцца ўсе гэтыя цудоўныя рэчы (напр., пралька, пыласос і г.д.), якія прыносяць палёгку ў побыце.
Пра ўсё паклапаціўся Бог — Творца, каб мы мелі магчымасць рэалізаваць сваё бацькоўства. Аднак часта рознасць жанчыны і мужчыны можа прывесці да непаразумення і канфліктаў, але, калі мы паспрабуем зразумець гэтае нашае пакліканне да мацярынства і айцоўства, гэтую нашую адметнасць, тады з’явіцца шанец пабудаваць тую еднасць, для якой мы створаны. Адзін мудрэц сказаў: «Сэрца мужчыны належыць справам гэтага свету, а свет жанчыны — гэта справы яе сэрца».
Ірэна Шмак
Ave Maria №12 (165) 2008