Пошук

23.07.2015 00:00  

Агульныя прынцыпы

1. Пакліканне да святарства – вялікі дар, нешта вельмі каштоўнае. Гэта падарунак, які немагчыма заслужыць. Бог удзяляе яго задарма.

2. Бог кліча самымі рознымі спосабамі самых розных мужчын, нават у розным узросце. Бог мае ў гэтым дзіўныя ідэі і вялікае пачуццё гумару. Ён можа паклікаць самых нечаканых людзей. Таксама і цябе.

3. Варта дапусціць у разважаннях аб сваёй будучыні такі шлях жыцця для сябе. Не трэба яго баяцца – зусім наадварот. Калі акажацца, што святарскае пакліканне – для цябе, то ты будзеш у ім шчаслівы, як і ў кожным іншым. Ёсць умова: трэба ў гэтым пакліканні ўдзельнічаць, палюбіць яго. Распакаваць падарунак і цешыцца ім.



Унутраная цяга

1. Бог, адорваючы чалавека пакліканнем, прамаўляе канкрэтна да яго сэрца. Нараджаецца ўнутранае прагненне, цяга. Трэба паклапаціцца аб тым, каб было крыху цішыні, адарванасці ад спраў, каб пачуць такі голас. Часта Бог прамаўляе так на ціхай малітве.

2. Штосьці прыцягвае да такога стылю жыцця. Тады няма думак аб тым, што буду цэлебраваць Імшу ці вучыць рэлігіі. Гэта штосьці неакрэсленае, таямнічае, вельмі асабістае. І разам з тым яно нейкім чынам узрушвае.

3. Разам з гэтым унутраным натхненнем я магу здзяйсняць розныя рэчы:

a) Для адных яно становіцца нармальным і спакойна перараджаецца ў яснае перакананне, што яны хочуць быць святарамі.

b) Іншыя адчуваюць штосьці нязвыклае, але баяцца, маюць перашкоду: напрыклад, баяцца меркавання бацькоў, калег, асяроддзя і г.д. Яны змагаюцца.

c) Некаторыя не дапускаюць гэтага для сябе, уцякаюць ад гэтага розным чынам. Яны спрабуюць чымсьці заняцца, каб заглушыць гэтае запрашэнне.

Падказка: Варта паразмаўляць аб сваіх адчуваннях з мудрым святаром. Расказаць яму аб сваіх страхах і сумненнях. Акрамя таго, шчыра запытаць сябе: чаго я сапраўды жадаю, нягледзячы на мае страхі ці прэсінг атачэння?
4. Калі, нягледзячы на страх і перашкоды, прымеш рашэнне – прыйдзе ўнутраны спакой і спакойнае задавальненне. Калі такі спакой не наступіў – значыць, гэта не той шлях.

Увага! Гэтая ўнутраная, асабістая цяга з’яўляецца першай, ключавой і найважнейшай. Без яе – нават калі б я меў усялякія схільнасці да таго, каб быць святаром, – нічога не будзе.


Знешнія пацвярджэнні

1. Унутранае запрашэнне Езуса, гэтая цяга, павінна быць пацверджана знешнімі знакамі. Падказка: Маліся, прасі аб знешніх пацвярджэннях, калі пачынаеш распазнаваць у сабе ўнутраную цягу.

2. Асноўнымі знакамі з’яўляюцца: дастатковае здароўе, інтэлектуальныя здольнасці, якія дазваляюць скончыць вышэйшую духоўную навучальную ўстанову, быццё доўгі час веруючым чалавекам. Як правіла, без гэтага цябе не прымуць у семінарыю.

3. Ёсць таксама іншыя знешнія знакі. Яны могуць быць вельмі рознымі. Вось асноўныя групы такіх знакаў:

a) Сігналы ад людзей. Хтосьці кажа табе, што ты быў бы добрым святаром. Або пытаецца, ці не думаеш ты пра пакліканне.

b) Ты цікавішся Бібліяй, верай, літургіяй, жыццём Касцёла і да т.п. Удзельнічаеш у жыцці сваёй парафіяльнай супольнасці, дапамагаеш пры парафіi, маеш кантакты са святарамі, удзельнічаеш у касцёльных групах – і адчуваеш сябе ў гэтым добра.

c) У тваім жыцці былі нейкія незвычайныя падзеі, якія нейкім чынам звязаны са святарскім пакліканнем: напрыклад, сустрэча ў сваім жыцці з незвычайным святаром, навяртанне, кніга, якая вельмі ўзрушыла, выпадковая размова на гэтыя тэмы, яснае святло на малітве і г.д.

Увага! Прысутнасць многіх знешніх знакаў без унутранага запрашэння, цягі ў кірунку святарства, не азначае, што ты маеш пакліканне.


Што не перашкаджае ў прыняцці паклікання:

  • Ты не на 100% упэўнены. Поўнай упэўненасці ты не дасягнеш ніколі. Дастаткова, што адчуваеш, што гэтае тое самае, нягледзячы на няўпэўненасць.
  • Ты ніколі не быў міністрантам, не ўдзельнічаў ні ў адной касцёльнай групе.
  • Цяжкая сямейная сітуацыя, напрыклад, адсутнасць бацькі.
  • Ты маеш грахі, з якімі пастаянна змагаешся.
  • Табе падабаюцца дзяўчаты.
  • Ты не падобны да “прыстойнага хлопца”.
  • Бачыш прыклады дрэннай рэалізацыі святарскага паклікання. Не хвалюйся, ты не павінен паўтараць гэтую мадэль паводзінаў.


Сігналы супраць святарскага паклікання:

  • Ты думаш аб святарстве, як аб працы, абранай прафесіі, якая прыносіць пэўныя плёны: напрыклад, павагу, грамадскі статус, добрае ўзнагароджванне.
  • У цябе ёсць перакананне, што самае важнае – тое, што будзеш мець грошы і выгодны стыль жыцця, які можаш часам назіраць у святароў.
  • Прымус. Калі іншыя паўтараюць табе, што гэта для цябе найлепшае, што гэтым ты ашчаслівіш сям’ю, што гэта будзе цудоўна, а ты ўнутры адчуваеш, што гэты стыль жыцця не для цябе.
  • У цябе няма адпаведнага здароўя, інтэлектуальных здольнасцяў, ёсць вялікія непрапрацаваныя праблемы з тваёй асабовасцю, цяжкія залежнасці, сумненні ў веры.
  • Цябе ўвесь час прыцягвае вобраз жыцця ў сям’і, у сужэнстве.

Калі думка пра святарства не дае табе спакою, магчыма, варта зрабіць яшчэ крок наперад і пачаць афіцыйна распазнаваць гэта з дапамогай Касцёла?

У гэтым нам можа дапамагчы менавіта семінарыя, якая з’яўляецца месцам распазнавання паклікання і месцам падрыхтоўкі да выканання святарскага служэння. Там мы рыхтуемся да прыняцця канчатковага рашэння і аддаем сябе ў ацэнку Касцёла.

Калі ты чуеш пакліканне да святарства, калі гэтая думка ўвесь час не дае табе спакою, пайдзі ў семінарыю. У Беларусі ёсць дзве Вышэйшыя духоўныя семінарыі – у Гродне і Пінску, і іх дзверы шырока адчынены для новых кандыдатаў. Тым больш што неўзабаве адбудуцца ўступныя экзамены...

Семінарыя ў Гродне>>>
Cемінарыя ў Пінску>>>

Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця