Сутнасць Фацімскага паслання заключаецца не ў таямніцы і не ў іншых знешніх знаках. Яго мэта — гэта навяртанне, пакаянне, малітва і давер Богу.
У пасланні гаворыцца пра небяспеку вайны, пра знішчэнне цывілізацыі. На думку сястры Люцыі, канфлікты, пра якія ўзгадваецца ў пасланні, з’яўляюцца сімвалам «многіх іншых войнаў, якія адбываюцца вакол нас і якія ўрэшце неабходна спыніць — малітваю і нашаю ахвяраю. Думаю пра войны, якія вядуць з намі ворагі нашага вечнага збаўлення: сатана, свет і наша ўласная цялесная натура».
Фацімскае пасланне — гэта «вялікі кліч аб святасці Касцёла нашых часоў», гэта заклік да святасці ўсіх хрысціянаў. Яно паходзіць ад Марыі — прыкладу найдасканалейшай святасці, да якой можа ўзвялічыцца стварэнне.
Маці Божая прасіла дзяцей прыносіць ахвяры за навяртанне грэшнікаў. Перад ахвяраю трэба было прамаўляць словы малітвы: «Езу, гэта я раблю дзеля любові да Цябе, дзеля навяртання грэшнікаў і дзеля прабачэння грахоў, учыненых супраць Беззаганнага Сэрца Марыі».
Сястра Люцыя тлумачыць вымярэнне гэтага Фацімскага паслання такім чынам: «Дазвольце мне паўтарыць уласнымі словамі тое, што гаворыцца ў пасланні: трывайце на малітве, каб дасягнуць міру і перамагчы спакусы і пераслед. У нас саміх знаходзіцца яшчэ іншая крыніца спакусаў. Жадаючы яе перамагчы, трэба маліцца і змагацца, бо толькі так мы зможам устаяць на добрай дарозе.
Фацімскае пасланне паказвае шлях, якім павінны ісці вернікі, — гэта шлях малітвы і пакаяння. Фацімскае пасланне заклікае нас да апостальства сярод нашых братоў. Існуе апостальства малітвы, на якое павінна абапірацца кожнае іншае апостальства, каб быць дзейсным і плённым; існуе таксама апостальства ахвяры — апостальства тых, хто прыносіць сябе ў ахвяру дзеля дабра сваіх братоў; ёсць таксама апостальства любові, якое з’яўляецца жыццём Хрыста, адкрытае ў нас дзякуючы нашай адданасці Богу ў служэнні бліжняму».
Ave Maria №5 (145) 2007