Пошук

14.05.2018 13:03   Тэкст: Раіса Сушко / Фота: бр. Корнэль Консэк SVD / Catholic.by

12 мая ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах адбылося прыгожае свята: III Фестываль марыйных песень Mater Dei. Ад самага ранку ў святыні пачалі збірацца вернікі — усе тыя, чыё сэрца прагне сустрэчы з Маці Божай; усе, хто і сёння чуе голас з Фацімы.

Шчыра вітаў удзельнікаў свята кусташ санктуарыя а. Конрад Патыка SVD. Ён нагадаў, які плён у гісторыі Касцёла, у жыцці многіх пакаленняў вернікаў прынеслі аб’яўленні Маці Божай у Фаціме. Ад імя ўсіх сабраных у святыні ён падзякаваў Пану Богу за чарговую сустрэчу з Найсвяцейшай Маці, за мацярынскі клопат Марыі пра ўсіх дзяцей, якія да Яе туляцца, да Яе спяшаюцца і дзякуюць Ёй, усхваляючы Яе імя.

Словы прывітання і пажаданні новых духоўных плёнаў удзельнікам свята адрасаваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які ўдзяліў усім прысутным Божае благаслаўленне.

Праграма фестывалю распачалася традыцыйна. Cупольны хор, складзены з усіх удзельнікаў музычнай праграмы, а таксама сабраных у святыні вернікаў і гледачоў, выканаў старадаўнюю песню на польскай мове Serdeczna Matko («Сардэчна Маці»).

Праграму фестывалю адкрыў хор «Будучыня» парафіі Перамянення Пана з вёскі Новая Мыш (Баранавіцкі дэканант), пасля якога выступалі ансамбль Veni («Прыйдзі») парафіі св. Міхала Арханёла з Навагрудка, гурт «Шлях» парафіі Маці Божай Фацімскай з Баранавічаў, ансамбль Andrzejki («Андрэйкі») парафіі св. Андрэя са Слоніма, дзіцячы хор Słoneczko («Сонейка») Польскага клуба ў г. Баранавічы, гурт Filii Dei («Сыны Божыя») парафіі св. Міхала з Івянца, саліст з Баранавічаў Марк Еляневіч.

   

Умовамі фестывалю было прадугледжана, што яго ўдзельнікі павінны падрыхтаваць два творы, адзін з якіх абавязкова на беларускай мове.

Наогул жа фестываль атрымаўся шматмоўным: гучалі спевы на беларускай, польскай, англійскай, харвацкай мовах, бо сыноў розных народаў яднае ў адну сям’ю добрая нябесная Матуля Марыя.

Адметнасцю сёлетняга фестывалю марыйных песень было тое, што ён супаў з падвядзеннем вынікаў літаратурна-мастацкага конкурсу на тэму «Пасланне Маці Божай Фацімскай мне і майму акружэнню», які распачаўся па ініцыятыве баранавіцкага санктуарыя летась, з нагоды 100-х угодкаў аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. У конкурсе ўзялі ўдзел і дарослыя, і дзеці, якія даслалі свае малюнкі, апавяданні, вершы і малітвы.

Пераможцы конкурсу атрымалі ўзнагароды. Сярод дарослых дыпломам I ступені была ўзнагароджана Таццяна Пракопчанка (г. Мазыр, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі), дыпломам II ступені — Алена Татун (Глыбоцкі дэканат, парафія св. Язафата), дыпломамі III ступені — Альбіна Цярэшка (г. Стаўбцы, парафія св. Казіміра) і Ірына Яфімава (г. Баранавічы, парафія Узвышэння Святога Крыжа).

Сярод дзяцей у розных узроставых катэгорыях дыпломы I ступені атрымалі Вікторыя Чарняўская і Любоў Супрановіч (г. Стаўбцы, парафія св. Казіміра), Ева Бейнар (в. Опса, парафія Яна Хрысціцеля, Браслаўскі дэканат); дыпломы II ступені — Вольга Януль (в. Пагошча, парафія Божай Міласэрнасці, Браслаўскі дэканат) і Багуслава Малашчанка (г. Баранавічы, парафія Маці Божай Фацімскай); дыплом III ступені — Святлана Крывель (в. Вайнюнцы, Браслаўскі дэканат).

 

Станіслаў Канавалік з Баранавічаў змайстраваў макет санктуарыя Маці Божай Фацімскай, які з гэтага часу будзе захоўвацца ў Пінскім дыяцэзіяльным музеі.

Завяршылася свята яшчэ адным агульным спевам. На заканчэнне марыйнага фестывалю прагучала вядомая песня «Ты за сабою нас вядзеш».

Сваімі ўражаннямі ад музычнага свята падзялілася Ірэна Федзюковіч, парафіянка касцёла Маці Божай Фацімскай:

«Мы з мужам атрымалі тут сапраўдную асалоду.

Добра, што прыйшлі сюды з унукамі, бо вельмі прыгожа спявалі дзіцячыя хоры, асобныя выканаўцы.

А яшчэ такія цікавыя конкурсныя працы: малюнкі, якія адлюстроўваюць дзіцячае ўяўленне пра Бога, пра Божую Маці, пра свет. Гэта можна разглядаць бясконца і радавацца, бо дзеці заўсёды бачаць перспектыву… Дзякуй Богу Найвышэйшаму за гэты дзень і дзякуй арганізатарам фестывалю і конкурсу».

Абноўлена 14.05.2018 14:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.