Пошук


У 1914–1917 гг. надзей на мірнае ўрэгуляванне такога канфлікту, як Першая сусветная вайна, практычна не было. Голас Папы ў Еўропе не быў пачуты: супрацьстаячыя блокі адхілілі яго прапанову аб аб'яўленні перамір'я на Божае Нараджэнне 1914 года.

Лідары еўрапейскіх дзяржаў таксама не надалі належнай увагі закліку Бэнэдыкта XV аб пачатку абмену меркаваннямі па ўмовах будучай мірнай дамовы, які прагучаў у ліпені 1915 г.

У 1916 годзе Германія загаварыла аб тым, каб спыніць кровапраліцце. Аднак гэтую ініцыятыву не падтрымалі ні дзяржавы Антанты, ні сам Бэнэдыкт XV, нягледзячы на тое, што ён марыў аб хутчэйшым заканчэнні вайны. Прычынай з'явілася тое, што прапанаваны кампраміс быў аднабакова спрыяльным для Цэнтральных дзяржаў: правячыя колы Германіі вырашылі спыніць вайну толькі пасля поспехаў германскіх армій у Румыніі і на Балканах, спадзеючыся на заключэнне міру на выгадных для сябе ўмовах.

У сітуацыі, калі спробы Бэнэдыкта XV выкарыстаць свой уплыў для аднаўлення міру ў Еўропе не прынеслі выніку, ён вырашыў, што толькі зварот у малітвах да Божай Маці зможа, нарэшце, спыніць развіццё канфлікту. Пантыфік прасіў усіх хрысціян рупліва Ёй маліцца і менавіта на Панну Марыю цалкам усклаў надзеі, звязаныя з аднаўленнем міру на зямлі.

У лісце ад 5 мая 1917 года кардыналу П'етро Гаспары, Дзяржаўнаму Сакратару Святога Пасаду, Папа пісаў, што ён спадзяецца на тое, што «Боскі Збаўца, пакліканы валадарыць хатнімі ачагамі, распаўсюдзіць бясконцыя скарбы лагоднасці і пакоры свайго самага любячага Сэрца і падрыхтуе ўсе душы да прыняцця айцоўскага закліку да міру, з якім мы звярталіся ў імя Яго хвалы да ваюючых народаў і іх кіраўнікоў ў першую гадавіну пачатку цяперашняй жахлівай вайны».

Бэнэдыкт XV лічыў, што кіраўніцтва ваюючых бакоў не прыслухалася да закліку аб заканчэнні канфлікту і «самазабойства цывілізаванай Еўропы», але імкненне, з якім «хрысціянскія сем'і, а таксама салдаты розных ваюючых армій, любячы, падпарадкоўваліся Езусу, узмацніла Нашу надзею і схіліла Нас узняць яшчэ вышэй айцоўскі голас, заклікаючы да міру». Ён спадзяваўся на тое, што малітва найбольш прыгнечаных вайной хрысціян болей, чым калі-небудзь, у той жахлівы час будзе пачута і з даверам успрынята Божай Маці.

Пра надзеі, якія ўскладаліся на Панну Марыю і Яе дапамогу ў пытанні ўрэгулявання такога канфлікту, як Першая сусветная вайна, гаворыць медаль, адчаканены ў 1916 годзе. На ім прысутнчіала сімвалічная ваява пяці кантынентаў. Папа як быццам прадстаўляе іх Маці Божай, якая трымае ў руках аліўкавую галіну, і яны просяць падарыць мір.

Спадзеючыся на аднаўленне міру дзякуючы пасрэдніцтву Панны Марыі, Папа ў лісце ад 5 мая 1917 года прадпісаў пастаянна дадаваць малітоўны заклік «Каралева супакою, маліся за нас» (Regina pacis, ora pro nobis) да Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Гэты заклік паўтара года выкарыстоўваўся біскупамі на часовай аснове ў адпаведнасці з дэкрэтам Кангрэгацыі надзвычайных касцёльных спраў ад 16 лістапада 1915 г. Сёння зварот Папы і Касцёла да неба разглядаецца як моцнае рашэнне, якое стала асноўнай прычынай аб'яўленняў у Фаціме: Марыя заўсёды была вельмі ўважлівай да справаў Намеснікаў Хрыста.

У сярэдзіне мая 1917 года ішла крывавая дзясятая па ліку бітва пры Ізонца. Але праз восем дзён пасля з'яўлення ліста з прадпісаннем дадаць заклік «Каралева супакою, маліся за нас», 13 мая 1917 года, траім дзецям-пастушкам Лусіі Сантуш (10 гадоў), Франсішку Марту (9 гадоў) і Жасінце Сантуш (7 гадоў) упершыню аб'явілася Панна Марыя недалёка ад вёскі Фаціма ў Партугаліі. Яна сышла з неба, каб натхніць іх на малітвы і ахвяры дзеля збаўлення свету. Яшчэ да першага аб'яўлення Панны Марыі ў Фаціме ў красавіку-кастрычніку 1916 года дзецям тры разы аб'яўляўся анёл.

Калі ж адбыліся аб'яўленні Маці Божай, па словах Лусіі Сантуш, ім было Ёю загадана ўзмоцнена маліцца, каб аднавіць мір на зямлі, а таксама ўказана на прысвячэнне Расіі Яе Беззаганнаму Сэрцу. 13 ліпеня 1917 года падчас трэцяга аб'яўлення Маці Божая абяцала хуткае заканчэнне вайны, але ўдакладніла, што, калі людзі не перастануць абражаць Бога, то хутка пачнецца іншая вайна, якая будзе горшай за мінулую. У кастрычніку 1917 года першым загаварыў пра аб'яўленні Панны Марыі ў Фаціме не Касцёл, а лісабонскае антыклерыкальнае выданне «O Século».

Малітва, якую ўзначальваў Бэнэдыкт XV, дапамагла, у 1918 годзе бакі заключылі перамір'е. У якасці падзякі Панне Марыі Пантыфік замовіў скульптару Гуіда Галлі вырабіць статую Каралевы супакою, якая сёння знаходзіцца ў левым нэфе базылікі Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме. Што датычыцца папярэджання Панны Марыі аб новым канфлікце, то аб ім узгадалі толькі ў пачатку Другой сусветнай вайны.

***

Кацярына Кімленка — выпускніца гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (спецыялізацыя — новая і навейшая гісторыя замежных краін). Студэнтка магістратуры гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сфера навуковых інтарэсаў: гісторыя Каталіцкага Касцёла, гісторыя Італіі і іншых краін еўрапейскага Міжземнамор'я ў новы і навейшы час.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць гісторыі Касцёла, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Гісторыя Касцёла».

Абноўлена 16.12.2017 09:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа