Пошук

25.04.2015 07:16  

Патрэба ў пакліканнях



Патрэба ў святарах і кансэкраваных асобах — манахах і законніках — у сённяшнім свеце насуперак уяўленням большая, чым калі-небудзь. Служэнне духоўных асобаў неабходнае не толькі для тых вернікаў, якія ўсведамляюць свае духоўныя патрэбы і імкнуцца іх задаволіць. Сёння таксама вельмі важна весці належную душпастырскую працу сярод тых, хто лічыць сябе веруючым, але не практыкуе сваёй веры, хто па нейкіх прычынах адышоў ад Касцёла або яшчэ знаходзіцца ў пошуках Бога, як і сярод няверуючых.

Існуе вялікая патрэба ў святарах, законніках і законніцах, каб у свеце, які гоніцца за багаццем, яны сведчылі пра веліч хрысціянскай беднасці; у свеце жорсткім, бязлітасным і эгаістычным былі сведкамі бескарыслівай, сардэчнай дабрыні; у свеце, які ў мітусні і шуме гоніцца за навінамі, нагадвалі пра неабходнасць цішыні, малітвы і сузірання; у свеце, дзе пануюць секс і плоцевыя задавальненні, праз дабравольна выбранае жыццё ў цэлібаце паказалі значэнне любові, якая не шукае прыемнасці толькі для сябе, але перш за ўсё жадае дабра для іншай асобы, а сваёй вяршыні дасягае ў Богу — крыніцы ўсялякай любові.

Ці мала пакліканых?

Ці з’яўляецца праблема недахопу пакліканняў у наш час вынікам таго, што Бог кліча менш людзей, чым раней? Можа, бясконца мудры, добры і прадбачлівы Стварыцель «забыўся» пасеяць зерне пакліканняў у душах дзяцей і моладзі? Ці магчымы ўвогуле такі «недагляд» з боку Таго, хто сее насенне кветак, збожжа, гародніны і дрэваў у такіх колькасцях, што іх хапае на спажыву не толькі людзям, але і вялікаму мноству звяроў і птушак, якія таксама спажываюць з гэтага шчодрага Божага стала? Ці ж забыўся пра гэта Пан Бог, які сам наказаў нам клапаціцца пра дабро душы больш, чым пра дабро для цела, і які сказаў: «Якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць?» (пар. Мц 16, 26)?

Прыпавесць Хрыста пра сейбіта (гл. Лк 8, 4–15) цудоўна адлюстроўвае тое, чым з’яўляецца пакліканне. Мы павінны сцвердзіць, што Бог надалей сее зерне паклікання, а ў цяперашні час, можа, нават больш шчодра, чым раней.



Што такое пакліканне?

Зернем, якое сее Бог, з’яўляецца таксама і дар паклікання. Толькі Бог кліча. Пакліканне не выбіраюць ні бацькі, ні сам пакліканы. Таму Хрыстус гаворыць: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён» (пар. Ян 15, 16). Бог сее шчодра, поўнымі прыгаршчамі.

Святы Ян Боско, заснавальнік ордэну салезіянаў, а таксама апякун і выхавацель моладзі, лічыў, што дар святарскага паклікання маюць тры чвэрці хлопцаў.

Што ж гэта такое, зерне паклікання? Зерне паклікання — гэта Божы заклік да выбару жыццёвага шляху. Наогул, для ўсіх людзей – гэта заклік да святасці і збаўлення, які асаблівым чынам датычыць спосабу жыцця: сужэнскага, законнага або святарскага, або вольнага стану для выканання ў ім Божай волі.

Пакліканне датычыць таксама выбару заняткаў і прафесіі. Мы нават часта гаворым пра таго, хто добра, ахвярна выконвае свае прафесійныя абавязкі: «гэта ўрач, настаўнік, акцёр па пакліканні». Калі Езус Хрыстус клікаў сваіх вучняў і апосталаў, Ён кожнаму з іх казаў: «Ідзі за Мною!»

Пакліканне з’яўляецца менавіта такім заклікам Бога ў сэрцы, у розуме, у душы чалавека. Заклікам, які часта ўзнікае ў пытаннях, сумненнях і нават страху чалавека, які асабліва моцна хвалюе ў маладосці. «Кім я павінен быць? Для чаго я жыву? Да чаго імкнуся ў сваім жыцці? У чым сэнс майго існавання?» Часам гэты перыяд праходзіць вельмі цяжка і пакутліва, але каб зерне паклікання магло ўзысці, трэба, каб яно паглыбілася ў глебу, каб зямля, на якую яно трапіла, была добра ўзараная гэтымі пытаннямі.



Як распазнаць сваё пакліканне?

Як распазнаць пакліканне да святарства або да жыцця ў манастве? Яно перш за ўсё выяўляецца ў любові да малітвы, у актыўным удзеле ў жыцці Касцёла. Больш за ўсё пакліканняў з’яўляецца ў малітоўных групах, у розных рэлігійных супольнасцях і рухах, сярод міністрантаў і тых, хто спявае ў касцёльных хорах. Усё гэта ўжо само па сабе можа быць знакам таго, што ў сэрца юнака або дзяўчыны трапіла зерне паклікання. Яно абуджае ў маладым сэрцы прагу здзейсніць штосьці вялікае, спазнаць вялікую любоў...

Урадлівая глеба — родны дом

Калыска паклікання — гэта, як правіла, сям’я, той «хатні Касцёл», у якім узрастаюць пакліканыя для Паўсюднага Касцёла. Менавіта ў сям’і зярнятка паклікання часцей за ўсё дае расток.

У сям’і пакліканне павінна ўмацавацца і знайсці грунт для далейшага росту. Але яму заўсёды пагражае небяспека быць заглушаным, засушаным або наогул вырваным.

А ці з’яўляюцца нашыя сем’і тым урадлівым полем, спрыяльным для росту паклікання да Божага служэння? Ці пануе ў іх атмасфера павагі да Бога і Яго справаў? Ці з’яўляюцца нашыя дамы дамамі малітвы? Ці была выпалатая на палетках нашых узаемаадносінаў цярніна эгаізму духам адмаўлення ад свайго «я», устрыманасці і салідарнасці? Ці не крытыкуюць часам у нашых сем’ях духавенства, ці адкрытыя яны для кантакту і супрацоўніцтва з Касцёлам? Толькі ў сапраўды духоўнай атмасферы моладзь можа навучыцца сур’ёзна падыходзіць да вышэйшых каштоўнасцяў і разважаць на гэтыя тэмы, выбіраючы свой жыццёвы ідэал.

Святло ласкі

Кожны святар, манах або манашка ў дзяцінстве, напэўна, сустрэлі кагосьці, хто іх захапіў і зацікавіў гэтаю формаю жыцця, прысвечанага Богу. Гэта мог быць парафіяльны пробашч, святар, які праводзіў рэкалекцыі, або сястра, якая вяла заняткі рэлігіі. Прыклад жыцця, убачаны ў канкрэтных людзях, якія ўжо прысвяцілі сваё жыццё Богу і Касцёлу, — гэта быццам святло, якое асвятляе маладыя парасткі пакліканняў. Можна спадзявацца на яго далейшае добрае развіццё менавіта тады, калі на парастак, што вырас на добрай глебе, трапіць хоць бы адзін праменьчык добрага прыкладу або нават адно толькі слова падтрымкі.

Адна дзяўчына, бачачы, як ахвярна даглядала цяжка хворых людзей пэўная законніца, не магла зразумець, чаму тая ахвотна выконвае працу, амаль невыносную як маральна, так і фізічна, і таму сказала: «Ні за якія грошы я б гэтага не рабіла!» Законніца адказала: «Я таксама ні за якія грошы не рабіла б гэтага». Тады дзяўчына зразумела, што матывам гэтай працы быў не заробак, а любоў да Бога, з якой вырастала дзейсная любоў да бліжняга. Яна са здзіўленнем усвядоміла тады, што і сама ўвесь час шукала чагосьці такога. У той жа момант у яе з’явілася жаданне прысвяціць сябе падобнай справе. Яна зразумела, што Бог кліча яе стаць сястрой.


«Маліце Гаспадара жніва»



Езус Хрыстус ва ўсе часы кліча маладых хлопцаў і дзяўчат да сваёй службы. Аднак Ён таксама заахвочвае сваіх вучняў нястомна маліцца, просячы новых работнікаў для працы на жніве Пана (гл. Мц 9, 38).

Трэба маліцца, каб тыя, хто пачуў у сваім сэрцы заклік Добрага Пастыра, не пабаяліся цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу і бліжнім.

Сваёю малітваю мы абавязаны таксама падтрымліваць усіх тых, хто ўжо стаіць на гэтым шляху, каб ніякія цяжкасці не перашкодзілі ім ісці наперад, ведучы за сабою сваіх братоў і сясцёр да збаўлення.

Ave Maria №10 (126) 2005


Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.