Пост, міласціна, малітва — тры ўмовы перажывання Вялікага посту. Гэтыя выдатныя спосабы дадзены нам для таго, каб 40 дзён посту пражыць як мага бліжэй да Евангелля.
Пост
На жаль, значэнне гэтага слова стала менш зразумелым у наш час. Пасціць — азначае «адмовіцца ад дабра дзеля чагосьці большага».
Да прыкладу, малады чалавек адмаўляецца ад футбольнага матчу дзеля спаткання з каханай. Яна, у сваю чаргу, адмаўляецца ад ежы, каб талія была тоненькай, як у асы.
Мы часта думаем, што пасціць — азначае не ўжываць мясной ежы, — толькі і ўсяго. Так многія з нас вельмі часта разумеюць гэтую важную евангельскую параду на «кулінарным узроўні».
А гэта толькі пачатак. Вельмі сціплы пачатак. Зразумей, што нельга «замкнуць» сваю рэлігійнасць у кавалачку кілбасы ці шынкі. Гэта не можа быць у цэнтры твайго перажывання посту. Як, дарэчы, і попел. Абрад пасыпання попелам — гэта не нейкі «восьмы сакрамэнт», у нечым магічны. Не, за гэтым знешнім знакам пакоры павінна ісці сэрца кожнага з нас.
Сэрца, гатовае парваць з грахом, залежнасцю, звычкамі, і таму пост датычыць не толькі адмаўлення ад мясной ежы, але павінен дапамагчы табе навесці парадак у тваім сэрцы. Нават адно добрае канкрэтнае рашэнне будзе сведчыць пра тое, што пост мы прынялі як шлях годнага перажывання 40 дзён Вялікага посту.
Міласціна
Гэтае слова адразу атаясамліваецца з жабракамі, якія працягваюць руку да нас, просячы грошай. Мы адразу хапаемся за кашалёк, каб як мага хутчэй вызваліцца ад назойлівых «прыставалаў» альбо ад папрокаў свайго сумлення. А можа, рэагуем гневам ці злосцю? Адмахваючыся, хочам уцячы ад праблемаў?
Міласціна ж — гэта таксама спосаб добрага перажывання Вялікага посту. Міласціна — гэта мудрая дапамога грашыма, гэта час, прысвечаны іншай асобе, гэта чын любові, добры ўчынак, выкананы ў імя любові да Бога і бліжняга.
Можа, цяжэй прыдумаць нешта на карысць бліжняга, можа, цяжэй знайсці час, лягчэй даць нешта са сваёй «касы» і знікнуць. Пастарайся ў гэты перыяд зрабіць больш намаганняў для таго, каб даць міласціну тваёй любоўю, тваім часам, ахвяраваннем сябе.
Малітва
Пост і міласціна павінны дапамагчы табе сустрэцца з Панам Вялікага посту — Езусам. Усё, што робіш, усё, што даецца вельмі цяжка: рашэнні, пост, унутранае змаганне, — усё гэта павінна давесці да сустрэчы з Ім.
Аскеза цялесных патрэбаў, аднаўленне чуйнасці на патрэбы іншага чалавека, паглыбленне любові да Бога і бліжняга, шчырае пакаянне дапамогуць табе ў духоўным, глыбокім адчуванні падзей, якія будзем перажываць.
Гэты ўнутраны і знешні радыкалізм гарантуе аднову веры, надзеі і любові, а яны вядуць да Нябеснага Айца.
Таму няхай на сустрэчу з Айцом вядуць цябе тры шляхі: малітва, пост і міласціна.
Паводле кс. Зыгмунта Касоўскага
Ave Maria №1-2 (80-81) 2002