Мы распачынаем Вялікі пост, час вялікай міласці, час духоўнага адраджэння. Традыцыйна існуюць тры асноўныя кампаненты Вялікага посту: малітва, пост і міласціна. Тут я хачу прапанаваць 25 спосабаў перажыць перыяд Вялікага посту ў такім духу малітвы, посту і міласціны. Гэтыя 25 пунктаў размешчаны ў адвольным парадку, і я не прэтэндую на тое, што яны з’яўляюцца найлепшымі або найбольш крэатыўнымі. Тым не менш, калі вы шукаеце нейкія ідэі, то я спадзяюся, вы знойдзеце тут адну або дзве для сябе.
Вось гэтыя 25 спосабаў:
- Чытаць Святое Пісанне (магчыма, выбраць адно з Евангелляў).
- Чытаць духоўную літаратуру на працягу дзесяці хвілін.
- Правесці дадаткова дзесяць хвілін у цішыні.
- Маліцца Ружанец.
- Маліцца Крыжовы шлях.
- Спыніцца каля касцёла і памаліцца на працягу пяці хвілін па дарозе на працу або дадому (калі гэта магчыма).
- Хадзіць штодзённа на святую Імшу або паспрабаваць адзін ці два разы на працягу тыдня, акрамя нядзелі.
- Адкладваць штодзённа невялікую суму грошай і затым аддаць іх на дабрачыннасць у канцы посту.
- Адмовіцца ад дэсертаў.
- Адмовіцца ад шкодных для здароўя снэкаў (фаст-фуду).
- Адмовіцца ад алкаголю.
- Кінуць або скараціць спажыванне кавы ці гарбаты.
- Адмовіцца ад хлеба.
- Прачынацца раней, чым звычайна (уставаць, як толькі празвініць будзільнік).
- Класціся спаць раней, чым звычайна.
- Не карыстацца альбо траціць менш часу на інтэрнэт, асабліва на Facebook, Twitter і іншыя сацыяльныя сеткі.
- Адмовіцца ад тэлебачання або скараціць час на яго прагляд.
- Не слухаць радыё, калі вы за рулём; выкарыстоўваць гэты час для малітвы.
- Не праглядаць электронную пошту некалькі разоў на дзень.
- Пасціць па пятніцах, калі вам дазваляе здароўе (адзін прыём ежы ці проста хлеб і вада).
- Тэлефанаваць сябрам або членам сям’і кожны дзень або некалькі разоў на працягу тыдня, каб пацікавіцца, як яны жывуць.
- Прысвяціць некаторы час бедным (у сталоўцы, прытулку або ў іншым месцы).
- Захоўваць спакой, калі вы за рулём.
- Зрабіць сваё жыццё больш простым: кожны тыдзень праглядаць шафы і скрыні і пазбаўляцца ад адзення, аддаючы тым, хто знаходзіцца ў нястачы; кожны тыдзень пазбаўляцца ад кніг і знайсці месца, дзе яны будуць патрэбныя.
- Пачынаць і заканчваць свой дзень на каленях.
А я буду маліцца, каб ваш перыяд Вялікага посту быў благаслаўлёны і святы!
Кс. Майкл Наджым
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай
ave-maria.by