Запусты былі самым вясёлым, бесклапотным і сытым тыднем у годзе, асабліва ў шляхецкіх і магнацкіх дамах. Старадаўняя прыказка сцвярджала: «На Запусты не хоча панства капусты». Шляхце хацелася хутчэй сарніны, аленіны, ласяціны і нават зубраціны...
У даўнія часы, калі аснову эканомікі складала сельская гаспадарка, калі пост захоўвалі вельмі строга, а зімовы час даваў селяніну натуральны адпачынак ад бясконцых турботаў, карнавал перад Вялікім постам быў самым бесклапотным перыядам у годзе, спрэс запоўненым вясёлымі забавамі.
Шмат у якіх хрысціянскіх гарадах і рэгіёнах да нашых дзён захаваліся свае рэгіянальныя традыцыі, свае ўнікальныя мясцовыя «карнавалы», якія прывабліваюць шматлікіх турыстаў: маскарады, шэсці, гульні, традыцыйныя стравы.
У традыцыйным календары католікаў былой Рэчы Паспалітай Запусты, або Запускі, — традыцыйная назва апошніх дзён (як правіла, апошняга тыдня) перад постам.
У Заходняй Еўропе Запусты перад Вялікім постам называюць карнавалам (ад італьянскага carne — «мяса» і valere — «панаваць», «загадваць», бо гэта апошнія дні, калі мяса яшчэ «пануе» на сталах).
Самым вясёлым быў апошні тыдзень карнавалу — у вузкім сэнсе менавіта яго і называлі карнавалам, калі народ імкнуўся быццам «запасціся» вяселлем і забавамі на ўвесь 40-дзённы Вялікі пост. У праваслаўнай традыцыі аналагічны перыяд называюць Масленіцай, а ў былой Рэчы Паспалітай часам таксама Запустамі (або Запускамі).
- Таксама па тэме: Рэцэпты на Запусты
Пачынаўся гэты тыдзень з вясёлых забаваў, якімі быў запоўнены ўсе сем дзён. Абавязковым быў і «Тлусты чацвер». Дарэчы, і ў традыцыі праваслаўнай Масленіцы апошні перад Вялікім постам чацвер лічыцца днём «шырокага разгулу», менавіта ў гэты дзень забавы (катанне на санках з ледзяных горак, гушканне на арэлях, бітвы за «снежныя гарадкі», таварыскія пачастункі) дасягалі ў Расіі свайго апагею.
Адзначым, што ў Беларусі традыцыі праваслаўнай Масленіцы і каталіцкіх Запустаў, непазбежна, узаемна ўплывалі адна на адну, асабліва ў сялянскім асяроддзі. Найбольш вядомай шляхецкай забавай гэтай пары года на землях даўняй Рэчы Паспалітай былі т. зв. «кулігі» — масавыя санныя вандроўкі ад адной сядзібы да другой, якія парадыйным спосабам імітавалі «сялянскае вяселле» — у карнавальны час саслоўі быццам бы мяняліся месцамі, узаемна высмейваючы адно аднаго.
«На Запусты не хоча панства капусты»
Здаралася, што якога-небудзь беднага шляхціча нахабныя «кулігі» аб’ядалі дашчэнту і зараз жа рушылі да суседняй сядзібы. «Кулігам» спадарожнічалі пераапрананні, карнавальныя маскі (каня, бусла, камінара, доктара, анёла і інш.), розыгрышы, жарты. Таксама ставіліся батлейкі і рэлігійныя сцэнкі, дрэсіраваныя мядзведзі паказвалі фокусы, гучалі дуды і карбовыя ліры...
І, зразумела, ніколі не танцавалі так шмат, як на Запусты. Мазура, польку, паланэз і іншыя народныя танцы — звычай дазваляў не спыняць баляванне ў корчмах і дамах ажно да самага ранку, што асабліва цешыла моладзь.
«Кулігамі» ці іншым спосабам, але і ў бяднейшых сем’ях лічылася абавязковым наведаць у Запусты сваякоў і хросных бацькоў.
У карнавальны час гуляліся не толькі парадыйныя, але і сапраўдныя вяселлі, і існаваў звычай, каб маладыя жанчыны, якія толькі што выйшлі замуж, частавалі ў дні Запустаў сваіх сябровак з даўжэйшым «стажам» у шлюбе, быццам бы далучаючыся да «карпарацыі» жонак.
Пра блінны дзень і Масленіцу
Несумненна, Запусты былі самым вясёлым, бесклапотным і сытым тыднем у годзе, асабліва ў шляхецкіх і магнацкіх дамах. Старадаўняя прыказка сцвярджала: «На Запусты не хоча панства капусты». Шляхце хацелася хутчэй сарніны, аленіны, ласяціны і нават зубраціны...
Ад ежы і напояў аж выгіналіся сталы, і чаго толькі на іх не было! Самай старажытнай і распаўсюджанай стравай, зразумела, былі бліны, як і на Масленіцу. Ды і ў Заходняй Еўропе карнавал і бліны непарыўна звязаны паміж сабой, так што і апошні дзень карнавалу, аўторак перад Папяльцом, па-англійску называецца «блінны дзень» (Pancake Day) — у нас гэта быў Тлусты аўторак.
Шмат было на сталах тлустых, мясных страваў (абавязваў «Тлусты» тыдзень) — розных вяндлінаў, кілбасаў, кішак, сальцісонаў, бігасу, смажаніны, пячыстых…
У бяднейшых сем’ях у Тлусты чацвер елі тыя самыя стравы, што і ў будні, напрыклад, капуснік, крупнік, верашчаку, толькі імкнуліся як мага болей дадаць тлустага, пару-тройку колцаў кілбаскі, зашкварыць, так што тлушч ажно плаваў па паверхні.
Апроч бліноў, папулярным печывам на Запусты, асабліва ў Тлусты чацвер, былі пончыкі (якія да XVIII ст. называлі «пампухамі») і хруст, званы інакш фаворкамі, якія паступова сталі ўспрымацца як сімвал Тлустага чацвярга.
Як жа шмат добрых і прыгожых звычаяў, па-сапраўднаму годных, страчана намі ў бязглуздай пагоні за модай, асабліва за апошняе стагоддзе! Зрэшты, ніхто не можа забараніць хрысціянам трымацца сваіх традыцыйных святочных звычаяў, хаця б у вузкім сямейным коле.
Алесь Белы
фота Галіны Абакунчык