Пошук

14.01.2015 11:28  

Мы ўсе перажываем цяжкасці. Бываюць няўдалыя дні, калі, як кажуць, не з той нагі ўстанеш, бываюць і цэлыя няўдалыя «перыяды», якія могуць і зацягнуцца, асабліва калі навокал холад і змрочнае надвор’е, і няма з кім падзяліцца сваімі праблемамі. Вядома, любыя цяжкасці лягчэй перажываць не ў адзіноце, бо ўсім патрэбная падтрымка. Праўду кажуць: прыяцеля ў няшчасці пазнаеш. І тут здараюцца расчараванні: не ўсе тыя, каго мы лічылі сапраўды блізкімі, аказваюцца побач у патрэбныя моманты.

Гэтыя 15 праўдзівых пастулатаў можа быць няпроста прыняць, але ў рэшце рэшт яны дапамогуць вам пазбавіцца ад няправільных адносінаў, вызваліць месца для правільных, а таксама навучаць вызначаць сапраўды найважнейшых людзей у жыцці.

1. Некаторыя адносіны будуць тваім благаслаўленнем, а іншыя паслужаць урокам.

У любым выпадку, не адмаўляйся пазнаваць людзей. Кожны, каго ты сустракаеш, вучыць цябе нечаму важнаму. Некаторыя людзі будуць цябе выпрабоўваць, некаторыя пачнуць выкарыстоўваць, але самае галоўнае, што будуць тыя, хто раскрые самае лепшае ў табе.

2. Калі надыдуць цяжкія часы, некаторыя цябе пакінуць.


Калі ты на вяршыні жыцця, твае сябры пазнаюць, хто ты. Падаючы ў самы ніз, ты пазнаеш, хто твае сябры. Калі табе ўсё ўдаецца, вакол будзе шмат людзей, але звярні ўвагу, хто застанецца побач тады, калі ты перажываеш цяжкія часы, і асабліва адзнач, хто будзе ахвяраваць сваімі сіламі і часам, каб дапамагчы, калі табе гэта найбольш патрэбна. Гэтыя людзі — твае сапраўдныя сябры.

3. У жыцці ёсць шмат фальшывых людзей.

Здараецца, што людзі, за якіх ты гатовы стаць пад кулі, аказваюцца тымі, хто трымае стрэльбу. Так лёгка паверыць таму, хто кажа менавіта тое, што ты жадаеш пачуць. Але ўпершыню варта паверыць чалавеку тады, калі ён паказвае, хто ён такі, а не кажа. Некаторыя могуць быць мілымі, калі ім гэта выгадна, — гэта той тып людзей, хто тэлефануе толькі тады, калі ім нешта трэба, а заходзіць тады, калі ім гэта карысна. Не ўсе шчыра ставяцца да цябе і тваіх інтарэсаў. Але часам трэба, каб цябе раз або два падманулі несапраўдныя каханыя і сябры, каб вызначыць сваіх сапраўдных сяброў і другую палавінку і цаніць іх, калі яны з’яўляюцца ў тваім жыцці.

4. Людзі лёгка могуць быць няшчырымі ў словах.


Калі для людзей ты сапраўды дарагі, яны не мусяць пра гэта казаць. Табе гэта і так будзе зразумела па тым, як яны да цябе ставяцца на працягу доўгага часу. Памятай, што ўчынкі прамаўляюць гучней за словы. Людзі могуць тысячу разоў папрасіць прабачэння і колькі заўгодна казаць «Я цябе люблю». Але калі сваімі ўчынкамі яны гэтага не пацвярджаюць, не варта іх слухаць. Таму што словы пустыя, калі яны не пацверджаныя ўчынкамі.

5. Чым менш ты кантактуеш з некаторымі людзьмі, тым лепшым становіцца тваё жыццё.


Не згаджайся быць для некага «затычкаю» ў вольны час, час ад часу, калі больш няма чым заняцца. Калі пэўны чалавек ніколі не можа знайсці для цябе часу, асабліва калі гэта вельмі табе патрэбна, не варта ахвяроўваць для яго свой час. Скажы «не» сузалежнасці.

6. Жорсткія словы раняць мацней, чым фізічны боль.


Прагавары спачатку пра сябе тое, што збіраешся сказаць услых. Словы могуць раніць больш, чым ты думаеш, і пакідаюць вельмі глыбокія шнары. Таму думай перш чым гаварыць. І памятай: тое, што ты кажаш пра іншых людзей, шмат кажа і пра цябе самога.

7. Памылкі здараюцца выпадкова. Падман і хлусня — гэта не памылкі.


Гэта свядомы выбар чалавека. Перастань хаваць сваю хлусню пад словамі «памылка» і «прабач» і перастань згаджацца з тымі, хто так робіць.

8. Залішняя рэўнасць яшчэ не доказ таго, што ты моцна некага любіш.

Яна толькі паказвае людзям, як моцна ты не любіш сябе. І ніякая вялікая любоў, абяцанні і доказы з іх боку не будуць для цябе дастатковымі, каб нарэшце задаволіцца. Шчасце — гэта наша праца над сабою.

9. Калі нехта мярзотна да цябе ставіцца, звычайна лепш проста сысці.


Калі нехта палівае цябе брудам, не звяртай увагі і не прымай гэтага блізка да сэрца. Гэта ніяк не сведчыць пра цябе, затое шмат сведчыць пра самога гэтага чалавека. І незалежна ад таго, што нахабнік робіць або кажа, ніколі не апускайся да яго ўзроўню і не пачынай паліваць брудам яго. Проста ведай, што гэта цябе недастойна, і сыходзь.

10. Людзі будуць ставіцца да цябе так, як ты ім дазволіш.

Кантраляваць людзей ты не можаш, але ты можаш трымаць пад кантролем тое, што ты згодны цярпець. Цудоўныя рэчы здараюцца, калі ты адыходзіш ад негатыўных людзей. Рабіць так — не значыць ненавідзець іх, гэта значыць паважаць сябе.

11. Адна з самых складаных рэчаў у жыцці — прыбраць некага са свайго сэрца.

Але памятай, што ніякія адносіны не могуць быць страчаным часам. Няправільныя адносіны становяцца ўрокам, каб падрыхтаваць цябе да правільных.

12. Пачуццё крыўды раніць цябе самога, а не іншых.


Памаліся і падзякуй Богу за тых людзей, хто застаецца з табою, а таксама пажадай у малітве ўсяго добрага тым, хто ад цябе сыходзіць. Няхай тыя, хто побач, ведаюць, як ты іх цэніш, а тыя, хто сышоў, ведаюць, што ты цэніш уласнае шчасце так, каб не дазволіць крыўдзе знішчыць у табе сардэчнасць і здольнасць спачуваць.

13. За маўчаннем і ўсмешкай можа хавацца шмат болю.

Будзь вельмі ўважлівы да сваіх блізкіх. Часам, калі сябар кажа: «Я ў парадку», яму неабходна, каб ты паглядзеў яму ў вочы, моцна абняў і сказаў: «Я ведаю, што гэта не так».

14. Сапраўдная любоў пачынаецца тады, калі заканчваецца маніпуляванне.

Сапраўдная любоў пачынаецца, калі табе больш важна, што за чалавек з табою побач, а не тое, якім, па тваім меркаванні, гэты чалавек павінен стаць; калі ты адважваешся шчыра адкрывацца, дазваляеш сабе быць безабаронным і ўражлівым. Неабходныя ўзаемныя высілкі, каб стварыць прастору шчырасці ў адносінах. Калі ты яшчэ не сустрэў сапраўднай любові, не апускай рукі. Ёсць нехта, хто раздзеліць з табою сапраўдную любоў, нават калі гэта не той чалавек, на якога ты спачатку спадзяваўся.

15. Нават найлепшыя адносіны не доўжацца вечна.

Ніхто не пражывае жыццё без таго, каб не страціць сваіх любімых, блізкіх людзей, або нешта вельмі патрэбнае. Людзі смяротныя. Цані тое, што маеш, тых, хто цябе любіць і клапоціцца пра цябе. Ты ніколі да канца не адчуеш, як шмат яны для цябе значаць, пакуль іх не стане побач. І памятай: калі нешта не можа доўжыцца вечна, гэта не значыць, што яно не вартае твайго часу.

А ад сябе дадам яшчэ: заўсёды цаніце тых, хто памятае пра вас у малітве, і самі не забывайцеся маліцца за дарагіх вам людзей. Малітва — добрая дапамога, каб перажыць цяжкія часы.

Юлія Шэдзько паводле матэрыялаў: http://www.marcandangel.com/2012/06/13/15-relationship-truths-for-tough-times/

ave-maria.by

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.