Чамусьці я ўжо гэта бачу: 56-гадовая Мадонна, уключаючы ў панядзелак зранку свой ноўтбук і загружаючы інтэрнэт, налівае сабе кубак гарачай кавы і, спраўдзіўшы колькасць калорый, ашчадна намазвае на добра спечаны тост арахісавае масла.
Спявачка адкусвае кавалак тоста, прыжмурвае ад задавальнення вочы і, сцішана хрумкаючы, робіць глыток з маленькага белага кубка. І тут раптам яна камянее. Яе позірк спыняецца на дэбютным відэа 26-гадовай італьянскай манахіні, зробленым на тэкст яе ж песні «Like a Virgin». Што было далей?
Virgin як цнатлівасць
Сапраўдную рэакцыю амерыканкі апісваць не бяруся, але тое, што Мадонна здзівіцца, натрапіўшы на новае прачытанне сваёй песні, відавочна.
У сваім кліпе 1984 года спявачка рабіла стаўку на дзявочую шалапутнасць, гуллівую наіўнасць і лёгкі эратызм.
Праглядаючы відэакліп, чамусьці не сумняешся ў тым, што сярод варыянтных значэнняў слова «virgin» тут разумелася слова «цнатліўка». Менавіта «цнатліўка» — стройная, маладая, гуллівая дзяўчына, якая ў свае 26 спявае камусьці з мужчынаў: «Didn't know, how lost I was until I found you» («Я не разумела, наколькі аблуднай была, пакуль не сустрэла цябе»).
Пацвярджае здагадкі фінальная фабула кліпа, калі шалапутную Мадонну ў вясельнай сукенцы кружыць на руках незнаёмец у чорным фраку.
Вобраз, створаны ў кліпе, выдатна ўпісваўся ў імідж спявачкі — ужо тады Мадонна любіла правакацыі. «You’re so fine and you’re mine, I’ll be yours ‘till the end of time» («Ты лепшы на свеце і ты мой, я заўсёды буду тваёй»), — спявае дзяўчына.
Кліп здымалі ў Венецыі — на хвілінку, частцы каталіцкай Італіі. І менавіта спалучэнне шматзначных сімвалаў у відэа рабіла яго правакацыйным. Тут і вобраз ільва — вобраз неўтаймаванага мужчыны і адначасова — сімвал горада Марка евангеліста… І той неадназначны вобраз нявесты.
Як пісалі тады пра Мадонну: «Яна стварыла новую парадыгму, паказаўшы, што Дзева Марыя можа быць сексуальнай і духоўнай адначасова».
Доўгі час у свеце быў вядомы толькі адзін варыянт выканання гэтай песні. Падкрэслена гуллівы. Напрыклад, у 2003-м тую ж песню ў дуэце спявалі Брытні Спірс і Крысціна Агілера. Вялікія абцасы і кароткія вясельныя сукенкі — гэткі змешаны вобраз нявесты і блудніцы адначасова…
Virgin як чыстасць
Мадонне было 26 гадоў, калі яна запісала гэтую песню. Грамадства тады нібыта стамілася ад правільнасці Еўропы, яе рэлігійных каштоўнасцяў, традыцыйнасці і падкрэсленай выхаванасці.
І ў кінематографе, і на эстрадзе за кожным разам усё гучней, усё смялей заяўлялі пра сябе тыя, хто хацеў усё змяніць. Справакаваць, абудзіць, зрабіць рэвалюцыю. Такой бунтаркай была і застаецца сама Мадонна.
Толькі вось што цікава. Сёння, праз 30 гадоў, калі распранутая артыстка на сцэне ўжо, лічы, норма, крытэрыі рэвалюцыйнасці змяніліся. Куды больш «лайкаў» сёння можа сабраць артыстка з адваротным іміджам — сціпласці, выхаванасці, духоўнай напоўненасці і душэўным святлом. Прыклад таму — тыя ж Дзіна Гарыпава з Расіі ці беларус Сяргей Валчкоў (пераможцы першых двух сезонаў рускага шоу «Голас»).
Якраз такой стала і італьянская манахіня Крысціна Скучыя, якая сваім уршулянскім хабітам і крыжом на грудзях здзівіла не толькі Італію, але і ўвесь свет. Не правакацыйнай аголенасцю, а манаскім хабітам.
Гісторыя яе паклікання няпростая. Крысціна спявала ў рок-гурце і да веры ў Бога ставілася скептычна. Усё змянілася пасля яе ўдзелу ў мюзікле, які ставілі сёстры ўршулянкі і ў якім дзяўчына выканала ролю заснавальніцы супольнасці св. Анджэлы Мерычы. Ужо праз год дзяўчына ўступае ў навіцыят…
У фінале шоу «Голас» пасля аб’яўлення вынікаў манахіня адзначыла, што мае яшчэ адну мару — памаліцца «Ойча наш» у прамым эфіры. І ёй гэта ўдалося. У якасці дэбютнай песні да будучага дыска с. Крысціна абірае Like a Virgin Мадонны. Праз 30 гадоў песня атрымлівае новы сэнс і зусім іншае гучанне.
На відэа маладая законніца ў чорным хабіце крочыць па ўнутраным дворыку кляштара. Карцінка цалкам розніцца з колішнім відэа Мадонны: ураўнаважаны светацень, прыгажосць прыроды і гарадскіх краявідаў.
«Didn't know, how lost I was until I found you» («Я не разумела, наколькі аблуднай была, пакуль не сустрэла цябе»), — спявае манахіня.
Некалькі разоў буйным планам паказваюць крыж, які вісіць на грудзях манахіні. Сястра Крысціна спявае, але ў ёй няма той гуллівасці, шалапутнасці. Сярод варыянтных значэнняў слова «virgin» тут само сабой напрошваецца значэнне «чыстасць».
Новая песня стала песняй пра глыбокую сувязь Бога і законніцы, якая пайшла ў кляштар, каб прысвяціць Яму сваё жыццё.
Сёння с. Крысціне Скучыі, як і калісьці Мадонне — 26 гадоў. І яе рэвалюцыя — у сцвярджэнні таго, што хрысціянскія каштоўнасці таксама могуць быць прывабнымі.
Крысціна Скучыя — мой новы герой.
Ілья Лапато