Пошук


У другі дзень сёлетніх урачыстасцяў Будслаў яшчэ больш пястрэў рознымі людзьмі, гучаў рознымі галасамі, становячыся нечым адзіным і велічным у Беларусі, але адначасова складзеным з розных і адметных людзей, з якіх кожны без выключэння стварае гісторыю духоўнага сэрца Беларусі.

Тыя, хто прыехалі, каб ачысціцца душою

Той, хто не прыходзіць, а прыязджае ў Будслаў на другі дзень, вельмі часта мае некалькі абавязковых пунктаў, якія ён уключае ў сваю “праграму фэсту”.

Па-першае, для многіх важна прыняць сакрамэнт пакаяння, потым пакланіцца Маці Божай Будслаўскай, не забыцца на асвячаную ваду, і, калі дома маюцца дзеці, то проста абавязковым з’яўляецца прывезці цукерак з цукру на драўляным дроціку і з каляровага цукру. “Пеўнічкаў” ці крахмальныя слодычы.

 



У парку перад святыняй, вакол яе, у святыні. Кожная пляцоўка нібы выконвае сваю функцыю. За святыняй чародкі тых, хто жадае паспавядацца. Гэтыя шэрагі нагадваюць ручаі, якія сцякаюцца да сценаў святыні, каб напоўніць гэтую святыню жыццём і праўдай пра сябе. Нібыта артэрыі, якія праходзяць праз сэрца – а сэрца і ёсць Будслаў, праходзяць людскія лёсы.

«Фотаздымак за 2 хвілінкі» на рагу вуліцы перад святыняй


Ужо дзявяты год на рагу парка сядзіць мужчына з палароідам, гэта Уладзімір Бабіцкі. Ён прызнаецца: «Я католік, але які? Гэта ж мне мусіць быць сорамна. Людзі моляцца ў святыні, а я працую». А потым дадае: «Хоць, ведаеце, у мінулым годзе я ўзяў шлюб са сваёю жонкаю Валянцінаю ў касцёле». Фатограф адзначае, што толькі зараз дайшоў да гэтай падзеі ў сваім жыцці. «З жонкаю Валянцінаю, якая праваслаўная, спачатку наведвалі спецыяльныя заняткі ў Чырвоным касцёле, а потым і павянчаліся». – кажа ён.



«Маці ў малітве» ў шматлюдным парку


У цэнтры парку на раскладзеных карыматах стаяць на каленях жанчыны і моляцца разам, іх няшмат, але дастаткова, каб звярнуць увагу. Яны моляцца за бацькоў, чые дзеці прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу, моляцца за катэхетаў, якія будуць вучыць іхніх дзяцей і дзяцей усёй Беларусі праўдам веры. Моляцца за сем’і, дзе няма хрысціянскага выхавання. Усе яны – маці.

 

«Гэта “Маці ў малітве” – кажа мне пазней Данута Сідаровіч з Баранавіч, адна з тых жанчын, якія маліліся, маці дваіх дзяцей і аднаго прыёмнага дзіцяці Іллі. “Маці ў малітве” – гэта жанчыны з Мінска, Баранавіч, Росі, Ваўкавыска і іншых куткоў Беларусі.

Ахова парадку на прыкладзе скаўтаў і міліцыі

Штогод у Будславе сярод тых, хто напаўняе мясцовасць Марыі, ёсць тыя, хто не адносіцца да катэгорыі “госці”, “пілігрымы”, “жыхары”, але адносіцца да іншай катэгорыі — “ахоўнікі”.

Ахоўная функцыя належыць у асноўным двум крылам: адно – скаўты, другое – міліцыя і тыя, хто дапамагае ім.

Колькасць скаўтаў штогод узрастае, з цікавасцю пазіраюць на хлопцаў і дзяўчат у формах дзеці, ды пытаюцца ў сваіх бацькоў: «А хто гэта?». Бацькі самі часам не ведаюць, бо ў іх час такіх формаў не было — былі толькі чырвоныя гальштукі. І “чырвоным гальштукам” быў строга забаронены касцёл. А тут зусім іншая справа. Скаўты служаць “Радзіме і Богу”.


Другое крыло – міліцыя. Больш знаёмая і звычная для людзей, тут ужо не пытаюцца, хто гэта, бо ведаюць.

Кожны год сваю службу міліцыя распачынае яшчэ да прыйсця першай пілігрымкі, расстаўляючы на кожным уваходзе да тэрыторыі фэсту металічныя турнікеты. Пілігрымы пачынаюць падыходзіць каля 13.00, і ўжо да гэтага часу міліцыянеры ў рацыю перадаюць: “Рэжым!”. Пачалі.

Калі я рыхтавала гэты матэрыял, то хацела паразмаўляць з кімсьці з аховай парадку, усе мяне накіроўвалі да Юрыя Жэлубоўскага, які ўжо трэці год адказвае за парадак падчас Будслаўскіх урачыстасцяў. У мяне была не адна спроба, папрасіць у Юрыя Міхайлавіча некалькі хвілін для інтэрв’ю, але ўдалася яна толькі амаль перад самай Імшой на 11.00 у другі дзень.

Юрый Жэлубоўскі, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі на Мядзельшчыне, “па парадку пра парадак” распавёў пра сітуацыю ў Будславе, узгадаў агульную лічбу людзей, якая на момант размовы наведала Будслаў у гэтым годзе. “Будслаў – гэта мерапрыемства міждзяржаўнага значэння, таму адпаведна і такая колькасць грамадзян. У сувязі з гэтым у цэлым Міністэрствам унутраных спраў прымаюцца меры ўнутранай бяспекі.

На працягу апошніх некалькіх гадоў з улікам павышаных мер бяспекі ў правядзенні масавых мерапрыемстваў на ўсёй тэрыторыі ўстанаўляецца рэжымны стан., — паведаміў ён. — Колькасць супрацоўнікаў разлічана на тое, каб забяспечыць непранікненне на тэрыторыю непажаданых асобаў у стане алкагольнага ап’янення, каб забяспечыць дарожны рух, а таксама каб забяспечыць захаванне бяспекі ў тых месцах, дзе прабываюць грамадзяне ў перапынках паміж Імшамі». — дадаў Юрый Жэлубоўскі.

Міліцыя пра пілігрымаў, якіх ахоўвае

«Мы, канешне, улічваем, што гэта вернікі, людзі, якія прыйшлі сюды не за забавамі, а менавіта за малітвай і атрыманнем духоўнага задавальнення. Адпаведна, кажучы не толькі пра пілігрымаў, але і проста пра гасцей, то гэта людзі, якія не прыязджаюць, каб тут адпачыць, напрыклад, са спіртным, у адрозненні ад іншых мерапрыемстваў, дзе такое можа быць да месца”,—  паведаміў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мядзельскага Райвыканкама.

Дзяўчына з рапітографам

Сярод мноства людзей назіраю за дзяўчынаю з рапітографам. Яна малюе ім будслаўскую святыню. Яўгенія Гарэлікава — будучы архітэктар, скончыла 4 курс БНТУ.



Пілігрым, які прынёс Маці Божай свае вершы

Пра гэтага пілігрыма, а дакладней пілігрымшчыцу, стала вядома ад яе сяброў, якія падчас пілігрымкі заўважылі адметнасць яе шляху, на якім дзяўчына штодня пісала па два вершы. Сябры вырашылі, каб пра добрую звычку ў пілігрымцы даведаліся іншыя і таксама ўзялі з яе прыклад. Вось адзін з вершаў Таццяны Тамашэвіч:

Мы з табой пілігрымы на гэтай зямлі
Да Нябеснага Валадарства,
Кветкі ў сэрцы святла зацвілі
Чысцінёю цнатлівай манаства.

На зямлі кожны з нас пілігрым для Хрыста,
За руку мяне Ён трымае,
Для цябе і мяне час малітвы настаў,
Бог з любоўю усіх нас прымае.

Дык хадзем, пілігрым, да жыцця сапраўды
Крочыць разам заўсёды наш Збаўца,
Ён вядзе нас па моры нябёс залатых,
Яго вёслы — малітва і праца.


Падрыхтавала Аксана Ючкавіч











Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця