Ад святога Пятра да Папы Францішка ў гісторыі Каталіцкага Касцёла было 266 Папаў, 78 з іх былі кананізаваныя. 27 красавіка гэта лічба стала раўняцца ўжо 80-ці пасля кананізацыі Яна Паўла II і Яна XXIII.
Першыя Папы былі пакутнікамі за веру, іх Каталіцкі Касцёл лічыць прыкладам святасці. Калі скончыліся ганенні на Касцёл, Папаў з пазнакай «святы» значна паменшылася: з 701 аж да 27 красавіка 2014 года толькі 4 Папы былі прызнаны святымі.
Прыводзім кароткі агляд дзесяці самых адметных Папаў з гісторыі Касцёла:
1. Святы Пётр быў першым, хто назваў Езуса Хрыста Сынам Бога Жывога. Ён жа лічыцца першым Папам Рымскім, які быў пастаўлены «пасвіць авечак» Хрыста. Святы Пётр быў укрыжаваны за веру ля падножжа Ватыканскага ўзвышша ў сярэдзіне 60-х гадоў падчас кіравання імператара Нерона. Мяркуюць, што яго магіла знаходзіцца пад базылікай св. Пятра.
2. Св. Сотэр быў біскупам у Рыме прыкладна ў 167 годзе. Лічыцца, што менавіта св. Сотэр заснаваў штогадовае святкаванне Вялікадня.
3. Св. Фабіян быў Папам з 236 па 250 год. Ён вядомы сваім цудоўным выбраннем. Кажуць, што голуб спусціўся яму на галаву і такім чынам Св. Дух абраў наступнага Рымскага Папу.
4. Св. Дамасій нарадзіўся ў Рыме і служыў Папам з 366 па 384 год. Падчас яго папства ў 380 годзе хрысціянства стала афіцыйнай рэлігіяй Рымскай імперыі, таксама ён быў заўзятым прыхільнікам вяршэнства Папы Рымскага над астатнімі іерархамі, як біскупа Рыма і прамога нашчадка Св. Пятра.
5. Св. Леў I Вялікі быў Рымскім Папам у 440-461 гг. Ён зацвердзіў пазіцыю Касцёла аб увасабленні Хрыста — Яго дваістай прыродзе: боскай і чалавечай. Таксама ён вядомы тым, што пераканаў Атылу, правадыра гунаў, спыніць сваё ўварванне ў Італію.
6. Св. Грыгорый Вялікі быў Папам у 590-604 гг. Яго маці і дзве цёткі таксама былі кананізаваныя. Можна сказаць, што ён быў «святым сярод святых». Св. Грыгорый быў манахам і не хацеў служыць у якасці Папы пасля свайго абрання. Ён часта наракаў на свае новыя абавязкі ў якасці Пантыфіка і параўноўваў сябе з «мядзведзем са свецкімі справамі», сумаваў па ўлагоджаным жыцці ў кляштары. Тым не менш, ён рабіў вялікі ўпор на жыццё ў простасці і займаўся дабрачыннасцю, ахвяраваў ежу для бедных Рыма і сам запрашаў кожны дзень бедных за свой стол.
7. Св. Мікалай Вялікі (Пантыфікат з 858 па 867 год). Ён працаваў над умацаваннем папскай улады і адмаўляў, што хто-небудзь іншы мае права зняць біскупа, акрамя Папы. Св. Мікалай абараняў інстытут шлюбу і настойваў на абавязках біскупаў адлучаць ад Касцёла католікаў каралеўскай крыві, калі яны бяруць развод, каб ажаніцца з іншай.
8. Св. Грыгорый VII быў Папам у 1073-1085 гг. Ён правёў шмат рэформаў і дамогся поўнага кантролю Папы Рымскага над касцёльнымі справамі ўсяго Захаду. Ён патрабаваў ад біскупаў і святароў весці годнае жыццё, змагаўся супраць гандлю царкоўнымі пасадамі і духоўным санам, ён жа ўзаконіў цэлібат для святарства і прызначыў 1 лістапада днём Усіх Святых.
9. Св. Цэлестын быў манахам-пустэльнікам з Ордэна бэнэдыктынаў. Ён падаў у адстаўку некалькі месяцаў праз пасля абрання ў 129 годзе, каб вярнуцца да манаскага жыцця. Ён выдаў папскую булу, у якой устанавіў магчымасць Папы падаць у адстаўку, а таксама ўсталяваў правілы пакінуць пасаду. Адзначым, што Папа Бэнэдыкт XVI быў другім Рымскім Папам, які добраахвотна пайшоў у адстаўку ў 2013 годзе.
10. Св. Пій X быў абраны Папам у 1903 годзе і служыў да сваёй смерці ў 1914 годзе. Ён спрыяў павышэнню набожнасці сярод вернікаў, рэкамендуючы частае пакаянне і ўдзел у Эўхарыстыі, настойваў на выкананні належнага этыкету падчас цэлебрацыі св. Імшы. Ён адзначыў прыгажосць і мэтазгоднасць Грыгарыянскага харала і перасцерагаў супраць выкарыстання сучаснай музыкі падчас набажэнства, а таксама прыкладаў намаганні для таго, каб вернікі маглі актыўна ўдзельнічаць у св. Імшы з дапамогай спеваў. Ён рэарганізаваў Рымскую курыю і ўсталяваў кангрэгацыю кардыналаў, сістэматызуючы Кананічнае Права.