Пошук

23.05.2013 14:07  
Ва ўрачыстасць Божага Цела мы асаблівым чынам ушаноўваем Езуса, прысутнага ва эўхарыстычным хлебе. Эўхарыстыя — гэта перадусім паяднанне з Богам. Жывы змёртвыхпаўсталы Хрыстус наведвае нас у постаццях хлеба і віна.


Езус прысутны ў Эўхарыстыі праўдзіва, субстанцыяльна, сакрамэнтальна (гэта значыць, пад відам хлеба і віна прысутнічае Хрыстус, як Бог і Чалавек). Пры гэтым характэрныя рысы (смак, форма, колер, пах) хлеба і віна застаюцца нязменнымі. Аднак у гісторыі Касцёла вядомы выпадкі, калі хлеб і віно змяняліся не толькі субстанцыяльна, але мянялася таксама іх форма.

Першыя гістарычныя сведчанні пра эўхарыстычныя цуды сягаюць у VIII ст. Па афіцыйных звестках, іх больш за сто. Пра некаторыя з іх.

Ланчана
Сталася гэта ў кляштары італьянскага горада Ланчана. Святар, які адпраўляў Імшу, часта сумняваўся ў рэальнасці Цела і Крыві Хрыста. Аднойчы, калі ён прамаўляў словы кансэкрацыі, гостыя ў яго руках ператварылася ў фрагмент плоці, якая нагадвала мышачную тканку чалавечага цела. Віно ж перамянілася ў кроў, якая потым ператварылася ў няроўныя камячкі. У сямідзясятыя гады XX стагоддзя прафесар Адаарда Лінолі даследаваў гэтыя рэліквіі. Аказалася, што гэта кроў групы AB, а кавалачкі цела — фрагмент сардэчнай мускула той самай групы крыві. Да сённяшняга дня Цела і Кроў знаходзяцца ў рэліквіярыі ў касцёле св. Францішка ў Ланчана.

Бальсэна
У 1263 годзе, пілігрымуючы ў Рым, святар Пётр з Прагі затрымаўся ў італьянскім Бальсэне. Падчас святой Імшы гостыя ў яго руках пачала кроватачыць, каплі крыві трапілі на карпарал. Якраз у гэты час у Арвіета знаходзіўся папа Урбан IV. Святар паказаў яму акрываўлены карпарал. Папа Рымскі абвясціў, што гэта Эўхарыстычны цуд. Ён падняў Гостыю і паказаў яе вернікам. Лічыцца, што менавіта гэтага здарэння ў 1264 годзе было абвешчана новае свята — Цела і Крыві Хрыста (свята Божага Цела) і з’явілася традыцыя эўхарыстычных працэсій.

Алатры
Пэўная дзяўчына з Алатры хацела звярнуць на сябе ўвагу прыгожага, папулярнага маладога чалавека. Яна вырашыла здабыць эліксір любові ад адной жанчыны. Тая загадала дзяўчыне прыняць святую Камунію, але вынуць яе і прынесці ў хустачцы.

Дзяўчына паслухалася жанчыну. Але, зрабіўшы загаданае, яе моцна дакарала сумленне. Калі дома яна развярнула хустачку, то ўбачыла, што там ляжыць кавалачак плоці чырвонага колеру. Святар, да якога хутка дайшлі чуткі, занёс Гостыю да біскупа.

Пра гэты цуд пісаў таксама ў сваёй буле папа Грыгорый IX. Да 1960 года рэліквіі былі апячатаны. Пасля біскуп Эдуардо Факкіні даследаваў іх. Гостыя не змянілася — гэта надалей быў фрагмент цела карычневатага колеру.

Гэтыя і шмат іншых цудаў пацвярждаюць самы надзвычайны цуд, які здзяйсняецца на кожнай святой Імшы — перамяненне хлеба і віна ў сапраўдныя Цела і Кроў Хрыста.

Падрыхтавала Людміла Бурлевіч

Фота michaeljournal.org 
Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця