Пошук


Цяжка выпраўляцца ў дарогу, калі не ведаеш, дзе яна скончыцца. З абжытага месца, з прыемнага кола знаёмых рэчаў, адрываючыся ад людзей, з якімі паспеў пасябраваць, Цяжка паверыць, што трэба ўцякаць, калі навокал усё выглядае бяспечным. І людзі, як людзі, і ціхія зоркі, і ласкавае сонца, і хлеба хапае...

Кожнаму чалавеку ў момант небяспекі Бог дае розныя знакі, індывідуальна адабраныя і досыць адназначныя. Часцей за ўсё яны паўтараюцца. Святому Юзафу быў сон: "Бяры Дзіця і Маці Яго і ўцякай". Папярэджанне праз сон, якое "спрацавала" добра адзін раз, паўтараецца зноў. І яму, сумленнаму чалавеку, які стараўся жыць з Богам праўдзіва і шчыра, хапіла гэтага знаку.

Ці хацелася Юзафу з Марыяй развітацца з сябрамі? Памарудзіць? З якімі думкамі ім прыйшлося звіваць гэтую ўтульнасць і свой жаль у валізкі? Мы ведаем толькі, што яны пакінулі Бэтлеем так хутка, як толькі змаглі. Евангелле гаворыць, што ў тую ж ноч. На англійскай мове ўцёкі ў Егіпет – "Flight into Egypt". Яны не проста ехалі, яны ляцелі, не чуючы пад сабой ног. Спадзяванне на Бога і ўласная самаахвярнасць акрылялі іх.

"Бярыце прыклад са Святой Сям'і", часта чуем мы ў касцёле. Але што ж стала з нашай гатоўнасцю? А з нашай успрымальнасцю да Божай волі? "Так – так, не – не" аказваецца вельмі няпростым вымаганнем... Мы спім далей, мы марудзім нават тады, калі пагражае сур'ёзная небяспека. Курсы валют мы адсочваем вельмі чуйна, а што адбываецца з душой, не заўважаем увогуле. Так, нейкія цьмяныя знакі, невядома што...

Каб ад Святой Сям'і навучыцца, трэба выправіцца разам, падзяліць з уцекачамі горыч пераследавання, стому, нястачу. Каб навучыцца слухаць і давяраць, трэба наважыцца падыйсці бліжэй. Дапамагаючы ім, знойдзем сябе. Бо пакуль ты разважаеш аб даверы да Бога, яны давераць табе паднесці Дзіця ў дарозе.

Калі маленькі Езус будзе спаць, ты будзеш ісці асярожна і ціха, нягледзячы на збітыя аб камяні ногі. Зусім не такі Ён лёгкі, які здаецца. (Святы Крыштаф, дарэчы, пацвердзіць.) Але, сапраўды, што ж будзе, калі Ён прачнецца? Ведаеш, як малыя дзеці глядзяць дарослым у вочы – душу пранікаюць да дна... Не бойся, потым Ён усміхнецца.  

Тэрэса Клімовіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа